Паколькі бацькі ўжо паціху пачынаюць пытацца наконт тэрмінаў падрыхтоўкі да ЦЭ наступнага года, падзялюся сваім бачаннем такіх тэрмінаў. Маё разуменне, канешне, тычыцца толькі рускай і беларускай моў, наконт іншых прадметаў – не ведаю. Але па мовах для мяне гэта выглядае так.
Калі школьная адзнака па прадмеце – шэсць і ніжэй, пачынаць варта ў верасні 10 класа. За два гады цалкам магчыма выйсці на гадавую выпускную дзявятку і бал ЦЭ вышэй за 80 – пры ўмове, што вучань матываваны, а не проста яго тата з мамай прымушаюць займацца.
Калі адзнака ніжэй за сем (пры ўмове, што адзнака гэтая больш-менш справядлівая, а не намаляваная) – трэба пачынаць падрыхтоўку летам пасля 10 класа. Спакойна, раз на тыдзень, за лета разабраць асноўныя раздзелы, а потым напрацоўваць навыкі і кантраляваць іх пры дапамозе РТ.
Калі адзнака – восем і вышэй, хопіць і года, пачынаць тады варта ў верасні апошняга класа.
Што тычыцца беларускай мовы - трэба разумець, што аб'ектыўна ЦЭ па беларускай – нашмат лягчэйшы. Я б назвала яго "ЦЭ здаровага чалавека" – там фактычна няма пастак і падвохаў, усё роўненька і лагічна. АЛЕ. Праблема гэтага экзамена ў тым, што дзеці, нават ведаючы тэорыю мовы, не валодаюць дастаткова лексікай, і часам проста не разумеюць сэнсу сказаў альбо тэкстаў. Тут трэба мець на ўвазе, што падрыхтоўка будзе эфектыўнай ТОЛЬКІ пры ўмове адначасовага чытання хаця б школьнай праграмы, а ў ідэале – і дадатковай літаратуры.
А так я для сябе ўжо вынайшла нейкую заканамернасць. 80 балаў ЦЭ – гэта тое, што можа гарантаваць любы больш ці менш дасведчаны настаўнік, бо 80 – гэта веды. А вось болей за 80 – гэта ўжо характар: уменне вучыцца, уменне канцэнтравацца, уменне рабіць і выпраўляць памылкі, не апускаць рук і прымаць парады.
Вось такія справы.