“Рабі тое, што можаш, з тым, што маеш, там, дзе ты ёсць!” — такі жыццёвы і прафесійны дэвіз выбрала для сябе Таццяна Зямлянік, настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Турава.
Таццяна Мікалаеўна нарадзілся ў Тураве і на працягу 26 гадоў працуе ў мясцовай сярэдняй школе № 2. З’яўляецца настаўнікам-метадыстам, лаўрэатам абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года — 2023”, удзельніцай рэспубліканскіх інавацыйных праектаў. У 2022 годзе далучылася да праграмы “Настаўнік для Беларусі”, а сёлета скончыла магістратуру БДПУ імя Максіма Танка. Вучні Таццяны Зямлянік паказваюць высокія вынікі на ЦЭ і ЦТ (летась 100 балаў па беларускай мове набрала Ганна Сядзельнік), у даследчай і конкурснай дзейнасці, становяцца яе калегамі-філолагамі.
— Мае вучні не вырашаюць праблемы — яны ставяць задачы, кожная памылка — гэта не правал, а пункты росту. Такі падыход натхняе, арыентуе на поспех, фарміруе эмацыянальны інтэлект.
Як класны кіраўнік Таццяна Мікалаеўна звяртае ўвагу дзяцей на экалагічныя праблемы, усвядомленае спажыванне і адмаўленне ад лішніх пакупак. Яна распрацавала адпаведныя трэнінгі і сама падае цудоўны прыклад, вядзе здаровы і вельмі актыўны лад жыцця, з дзяцінства займаецца спортам, мае разрад па лёгкай атлетыцы (па бегу), любіць плаваць, па горадзе перамяшчаецца на веласіпедзе. Яе погляды падзяляюць і вучні. Збіраюць макулатуру і пластык, прывучаюць сваіх бацькоў сартаваць адходы, адказна ставяцца да кожнай новай абноўкі. На ўроках па шыцці са старых рэчаў ствараюць шоперы.
Таццяна Мікалаеўна вядзе свой блог у Instagram, Telegram-канал для настаўнікаў “Хуткая дапамога”, дзе калегі-беларусазнаўцы ў нефармальных зносінах дэманструюць уласныя напрацоўкі, практычныя прыёмы, формы і метады работы, атрымліваюць парады і гатовыя рашэнні.
Таццяна Зямлянік захапілася тэмай фарміравання ў вучняў медыяінфармацыйнай адукаванасці, стварыла сістэму работы з медыятэкстамі на ўроках беларускай мовы (у 5—7 класах), фарміруе ў вучняў ключавыя кампетэнцыі, у першую чаргу інфармацыйныя.
— У школе вучні працуюць са звычайнымі лінейнымі тэкстамі, а ў сацыяльных сетках сутыкаюцца з тэкстамі іншага кшталту. Таму вельмі важна навучыць іх арыентавацца ў медыяпрасторы, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Сутнасць інфармацыйных кампетэнцый заключаецца ва ўменні працаваць з інфармацыяй, якая прадстаўлена ў розных формах, жанрах і відах, параўноўваць яе, рабіць высновы, крытычна ацэньваць.
Якія інфармацыйныя кампетэнцыі неабходна фармаваць?
Уменне ажыццяўляць пошук інфармацыі, успрымаць і інтэрпрэтаваць яе, крытычна ацэньваць, супастаўляць, адрозніваць факты ад іх інтэрпрэтацыі, вызначаць асноўную думку, месэдж, валодаць правіламі лічбавага этыкету, супрацьстаяць маніпуляцыям, самім ствараць інфармацыю (медыятэксты) і інш.
— Што робяць сучасныя школьнікі, калі даеш ім заданне напісаць сачыненне? Заганяюць яго назву ў Google. Аднойчы я падлавіла дзяцей на іх няўважлівасці, — працягвае педагог. — Прапанавала напісаць сачыненне па старажытнай літаратуры, а ў якасці назвы ўзяла цытату У.Караткевіча. У выніку вучні напісалі сачыненне па творчасці пісьменніка, а не па старажытнай літаратуры. Медыяінфармацыйная адукаванасць заключаецца менавіта ў тым, каб знаходзіць патрэбную інфармацыю, правільна яе інтэрпрэтаваць і крытычна ацэнь-
ваць.
Крыніцай медыятэкстаў з’яўляецца соцыум, у якім мы жывём. Іх разгляду Таццяна Мікалаеўна звычайна прысвячае 5—7 мінут урока. Больш за ўсё вучняў цікавяць фотаздымкі, карціны або малюнкі, рэкламныя плакаты, коміксы. Гэта могуць быць фота вядомых людзей з акаўнтаў любімых блогераў або з уласных альбомаў вучняў, сэлфі. Пры рабоце з фота педагог тлумачыць, што яны могуць уводзіць у зман, утрымліваць асабістае бачанне аўтара або сацыяльны заказ. Што тычыцца малюнкаў ці карцін, то можна звязаць іх з канкрэтнымі падзеямі, расшыфраваць сімвалы, папрацаваць з персаналіямі.
Пры вывучэнні рэкламнага плаката вучні суадносяць убачанае на ім з ужо вядомымі фактамі. Коміксы выкарыстоўваюцца як у гатовым выглядзе, так і ствараюцца самімі дзецьмі. Пры гэтым не абавязкова ўмець маляваць. Можна зрабіць комікс-калаж з дапамогай камп’ютарнай праграмы. Да таго ж на ўроках настаўніца працуе з карыкатурамі, інфаграфікай, мемамі, выявамі помнікаў, паштоўкамі і канвертамі, маркамі, афішамі, газетамі і часопісамі, аб’явамі, вокладкамі кніг, фрагментамі з мультфільмаў, рэкламнымі ролікамі і г.д.
Як на ўроку можна выкарыстаць рэкламу і ... памылкі на банерах?
— На прыкладах тэкстаў, якія трапляюццца нам на вочы, можна разглядаць пэўныя моўныя правілы, абмяркоўваць вучэбныя тэмы, — адзначае Таццяна Мікалаеўна. — Часам даводзіцца разбіраць памылкі. Так, на адным банеры было напісана “Я кахаю родны Мінск” замест “Я люблю родны Мінск”. Гэта нагода прыгадаць пытанні лексічнай спалучальнасці і ўжывальнасці слоў. Або на вакзале прагучала аб’ява, у якой пасажыраў заклікалі карыстацца мабільным “прыкладаннем”, а не “дадаткам”. Выкарыстоўваючы беларускамоўную карту метро, можна прапанаваць дзецям скласці сказы з аднароднымі членамі (пракласці маршрут, напрыклад, з Грушаўкі да вакзала). Прыметнікі вучым на прыкладзе беларускамоўнай рэкламы квасу “Хатні”. Дзеці выпісваюць іх, вылучаюць якасныя, адносныя і прыналежныя. Разважаюць аб тым, чаму квас так характарызуецца, закранаюць на прыкладзе роліка тэму сямейных каштоўнасцей, народных свят, традыцый. Можна пагаварыць і пра ўплыў рэкламы, пра тое, як яна пераконвае гледача ў тым, што квас карысны, натуральны, даць дзецям творчае заданне скласці сваю рэкламу пэўнага прадукту, ужыўшы пры гэтым не менш за пяць якасных прыметнікаў. Прынцып рэкламы вядомы: спачатку выявіць праблему (напужаць), а затым даць яе рашэнне (супакоіць).
У 5 класе па тэме “Чалавек і мова. Камунікатыўная функцыя мовы” Таццяна Зямлянік выкарыстоўвае практыкаванне “Помнікі — крыніца інфармацыі” (у якасці медыятэксту разглядаецца вокладка вучэбнага дапаможніка беларускай мовы). Вучні адказваюць на шэраг пытанняў: каму або чаму прысвечаны помнік? Пра што нам расказваюць дэталі і сімвалы? Што хацеў сказаць аўтар? Якую гісторыю і каштоўнасці трансліруе помнік? Якую функцыю помнік мае ў грамадскай прасторы? Ці дазволілі б вы ўстанавіць гэты помнік, каб былі мэрам горада? Чаму?
На ўроках беларускай мовы ў 5—7 класах па тэме “Стылі мовы” педагог прапаноўвае прааналізаваць артыкулы дзіцячых часопісаў (вызначыць жанр, адпаведнасць стылістычным і лексічным нормам). Па тэме “Лексіка” ў 5 класе вучні складаюць слоўнік тураўскіх дыялектаў, падбіраюць адпаведныя выявы да прыведзеных слоў і інш.
Пры вывучэнні арфаграфіі замест звычайнай слоўнікавай дыктоўкі можна прымяніць прыём “Медыяазбука”, заданні да яе складаюць самі вучні. Возьмем, напрыклад, літару “а” і малюнак, які адпавядае пэўнаму слову. Даецца азначэнне: найбуйнейшыя міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы сучаснасці, якія праводзяцца кожныя чатыры гады. Вучні запісваюць у сшытак слова “алімпіяда”.
Для засваення правіл правапісу і скланення складаных лічэбнікаў у 6 класе падыдзе практыкаванне “Грошы як медыятэкст”. Настаўніца прапаноўвае разгледзець выявы беларускіх банкнот і знайсці памылку (у 50-рублёвай банкноце старога ўзору). Вучням задаюцца пытанні: якія выявы мы бачым на купюрах? Якую інфармацыю яны нясуць? З якой мэтай на грашовых купюрах адлюстраваны гістарычныя помнікі краіны?
Дома вучні могуць папрацаваць з геаграфічнай картай і выканаць заданні ў залежнасці ад вывучаемай тэмы: 1) Знайдзіце і запішыце назвы беларускіх гарадоў, якія пачынаюцца з санорнага (глухога/звонкага, цвёрдага/мяккага, свісцячага/шыпячага і г.д.) гука (урокі па вывучэнні класіфікацыі гукаў у 5 класе); 2) Выпішыце назвы, якія ўжываюцца толькі ў множным/адзіночным ліку (урокі па вывучэнні марфалогіі ў 6 класе).
Таццяна Зямлянік з вучаніцамі (фота НГ)
Як можа быць арганізавана работа з медыятэкстамі?
Работа з медыятэкстамі можа быць арганізавана як індывідуальна, так і ў парах і групах, пісьмова або вусна.
— Пры выкарыстанні на ўроках беларускай мовы медыятэкстаў нават самыя пасіўныя вучні з вялікім жаданнем уключаюцца ў дзейнасць, — адзначае Таццяна Мікалаеўна. — У нашай суполцы ва “УКантакце” “Размова” яны атрымліваюць дадатковыя творчыя дамашнія заданні, напрыклад, стварыць відэарад да верша або падабраць малюнак да эпізоду з пэўнага твора. Той вучань, чый медыятэкст будзе мець больш лайкаў, атрымае высокую адзнаку. Такія падыходы садзейнічаюць асэнсаванаму прачытанню твораў беларускай літаратуры.
Вучні Таццяны Зямлянік прымаюць удзел у творчых конкурсах. У гэтым годзе на другім этапе рэспубліканскага конкурсу творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі” дыплом ІІ ступені атрымала васьмікласніца Дарына Курбан, якая падрыхтавала эсэ “Сіняя хусцінка” па матывах вядомай песні часоў вайны “Синий платочек”. Вучні гэтай настаўніцы становяцца ўдзельнікамі конкурсаў рытарычнага майстэрства “Жывая класіка”, “Роднага слова жывая крыніца” і г.д., займаюць прызавыя месцы на раённым і абласным узроўнях. Сярод пастаянных выступоўцаў — Настасся Алейнік і Уладзіслаў Юнчыц. Дзве даследчыя работы атрымалі дыпломы ІІ ступені на абласным узроўні. Гэта работа Ганны Зямлянік “Прачытаць кнігу, каб зразумець фільм: да пытання інтэрпрэтацыі літаратурнага твора сродкамі кінамастацтва (на прыкладзе аповесці У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”) і работа Ганны Сядзельнік “Асаблівасці перакладу этнамаркіраванай лексікі аповесці У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” на рускую мову”.
Таццяна Зямлянік дзеліцца сваім вопытам на рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, курсах павышэння кваліфікацыі, майстар-класах. Настаўніца плануе сістэматызаваць назапашаны матэрыял па выкарыстанні медыятэкстаў на ўроках беларускай мовы ў 5—9 класах і выдаць зборнік метадычных матэрыялаў па іх сістэмным выкарыстанні.
Крыніца: “Настаўніцкая газета” 14.08.2024