Мне днямі зноў сказалі, што я аптыміст. Я ўжо і не спрачаюся, і нават не тлумачу, што аптыміст не я, а, магчыма, мой акаунт, і тое – вялікае пытанне. Але паколькі я (не аптыміст) усё ж не ныцік і не слабачка, то я вам сёння з усіх магчымых сюжэтаў раскажу пра майго старэйшага катА.
Яго, як вядома, клічуць Кот, і гэта найдалікатнейшая жывёла ў свеце катоў. Напрыклад, калі яму трэба мяне разбудзіць - а гэта здараецца штодзень у пяць гадзін раніцы - ён не ідзе да мяне, не мяўкае на вуха, не кратае лапачкай мой твар, не тыгыдыкае, от нічога такога. Ён ідзе да ваннай і пачынае шкрабці дзверы. Хутка, гучна і ўпарта. Канешне, я падымаюся.
Паколькі такое здараецца кожную раніцу, а я, бывае, як і паложана аптымістам, засынаю ажно на золку ад цяжкіх аптымістычных думак, то іншы раз хочацца ўстаць не ў пяць, а хаця б у сем. Таму я і тлумачыла, і прасіла, і пшыкала дзверы рознымі анцікацінымі пшыкалкамі, але нічога не дапамагала.
Тады я задумалася да вельмі простай, але геніяльнай рэчы. Я пакінула на ноч дзверы ў ванну адчыненымі!
Прачнулася, канешне, у пяць, каб пабачыць, што будзе.
Бачу, кот вышывае па калідоры ў некаторай інтэлектуальнай паніцы. Як шкрабці зачыненыя дзверы, зразумела, а вось як адчыненыя? На рудой пысе ясна чытаецца кружочак "загружаецца, чакайце".
Я з палёгкай уздыхнула і заплюшчыла вочы, каб даспаць сваё.
Але я недаацаніла ката!
Прачнулася я праз дзесяць хвілін ў поўным шоку. На ўсю кватэру нешта грукатала і пляскала ў пякельным тэмпе.
Гэты, прасці госпадзі, Кот зайшоў у прыбіральню, забраўся на бачок – і стаў ляпаць сідушкай ад унітаза. Хутка, гучна і ўпарта.
Як не ўстаць, хаця б з павагі перад выдумкай)
У нас на раёне ёсць адзін дамок.
Стаіць ён на крутым схіле, унізе – роў з розным смеццем і бур'янам, а далей – чыгунка. Паўз гэты дамок ідзе такая сцежка мясцовага значэння, па якой мужыкі ходзяць у свае гаражы, а дзеці лазяць у роў, а яшчэ па гэтай сцежцы можна скараціць дарожку у цэнтр, дык я па ёй іншы раз таксама хаджу.
Той дамок быў некаторы час закінуты, і ціхенька паміраў: шэрыя вакенцы, абарваныя фіранкі, паламаныя петлі, абвіслыя дзверы. Плота там увогуле не было, колькі я яго памятаю.
А потым стала я заўважаць, што нехта ходзіць у той дамок. Нехта незаўважны, вельмі бедны, можа быць, нават зусім галота, але нехта кранальна гаспадарлівы. То, бачу, нейкую дошчачку чорненькую прыцягнуць і прыб'юць акуратна да кута, то нейкую бляшанку на дах прымастыраць, то нейкую акуратную горку пластыкавых скрыняў складуць ля кута, бо ў гаспадарцы ўсё спатрэбіцца.
І ніколі я там не бачыла самога чалавека, затое стаў там сядзець сабака. Увесь час каля сцежкі сядзеў і глядзеў роўненька перад сабой.
Божухна, свеце мой, што за страшны быў той сабака! Увесь у нейкіх калтунах, струпах, брудзе, сам такі нейкі лядашчы, увесь проста як пекла. Здавалася, ён толькі чмыхне ў твой бок – і ты адразу захварэеш на чуму, халеру, сверб і лішай! Яму спрабавалі насіць костачкі, але ён нічога не браў, а проста сядзеў і глядзеў перад сабой. А болей на тым дамку нікога і не было. Я нават стала думаць, што гэты сабака сабе той дамок рамантуе.
І вось даўно не была я на той сцежцы, а сёння была мне патрэба, і я пайшла. Гляжу: градачкі з клубніцамі! Нітачка гуркоў! Траўка паскубана, як бы нават пакошана. Фіраначкі беленькія. Сетка-рабіца нацягнутая, то бок плот з'явіўся.
І сабака сядзіць. Ужо за плотам. Пасыцеўшы такі, поўсць блішчыць. І нават глядзіць ужо не сабе пад нос, а на людзей. І такім даволі прыемным позіркам. А чалавека не бачна.
То я думаю, сабака той нарэшце сабе дамочак дабудаваў. І гаспадарачку завёў. І агародзік. Сам, сваімі сіламі, ні ў кога не прасіўшы, як умеў, цюк-цюк, па цвічку, па дошчацы, па цагліначцы. І сядзіць:)
Абажаю такіх сабак:)