Дзённік настаўніцы. Ліпень. Літаратурнае

Ганна Севярынец
30.07.2024

Выпадкова ўчора склаўся адзін кранальны літаратурны пазл) Памятаеце, як у "Ладдзі роспачы" Гервасій Выліваха за хвіліну зацягнуў у ложак Бону Сфорцу,  і яна потым усё астатняе жыццё рамантычна ўздыхала па гэтай прыгодзе? А як у "Каласах" Загорскі-Вежа гэткім жа самым чынам абыйшоўся з імператрыцай Кацярынай Другой, і ёй потым увесь час у ейных Пецярбургах рамантычна водарыў дняпроўскі палын?)

Такі немудроны, але, скажам так, ізяшчны мужчынскі спосаб зацвердзіць сваё біялагічнае права людзьмі звацца) От жа прыдумшчык гэты Караткевіч)

 

З усіх вялікіх і малых сюжэтаў з гісторыі міжваеннай літаратуры, пра якую я сёння думаю з яшчэ большым сумам, чым раней, нязменна люблю адзін. Ён не тычыцца непасрэдна літаратуры, і ўвогуле для мяне цяпер той час не зусім пра літаратуру і не зусім пра мастацтва.

Я сустракала гэты сюжэт у мемуарах двойчы - прагавораным наўпрост, і аднойчы - у гумарыстычным намёку. А гэта значыць, што тая гісторыя была вельмі заўважнай, і над ёй часта па-добраму пасмейваліся.

Калі нічога не дадумваць, а проста пераказаць мемуары, выглядае яна досыць проста.

Акцёр вандроўнага тэатра Галубка  Алесь Дудар паехаў па справах тэатра ў Пухавічы і вярнуўся адтуль у Менск пешшу, бо спазніўся на цягнік.

Здавалася б, што тут такога, каб згадваць гэтую мікрападзею ў скупых на падзеі тагачасных мемуарах і прыхаваных сяброўскіх жартах? Тады шмат хадзілі пешшу, дый ад Пухавіч да Менску не такі ўжо і далёкі свет.

Значыць, нешта было ў ёй, нейкі сэнс, нешта іншае, несказанае.

Можа быць, дзевятнаццацігадовы Дудар перагуляў з вечара і спазніўся на цягнік. Можа быць, гэта была нейкая спрэчка аб заклад. Можа быць, гучная свара аднаго з усімі. А можа, ён камусьці саступіў свой квіток ці месца. Усё гэта ў ягоным характары, усё магло быць. Можна прыдумляць, і не моцна памыліцца.

Але сама гзтая дарога, з Пухавіч да Менску, яна не змянілася асабліва, і прыдумляць яе не трэба. І трава, і палі, і дрэвы, і старыя ліпавыя алеі, што цягнуцца ажно ад Дукоры, і вузенькая Свіслач, якую трэба было перайсці, і лёгкія, не крутыя хвалі ўзгоркаў, і неглыбокія лагчыны, і вось гэты асаблівы стан чалавека ў дарозе, калі няма нічога, а толькі ты і прастора, гэта ўсё такое самае, як і тады.

І гзты асаблівы вандроўны свет, у якім усё, што здавалася табе важным, балючым альбо крыўдным, пераможным альбо шчаслівым, усё губляе свае абрысы, і раптам уся матрыца ў тваёй галаве перакульваецца, і няма ніякіх абавязкаў, мэтаў, тэрміновых спраў і абяцанняў, ворагаў і сяброў, бо ты не можаш ісці хутчэй, чым ідзеш, і не будзеш спыняцца, бо ісці так лёгка і так хораша, і ўся надзея толькі на сябе, а ты сябе не падвядзеш.

І так хораша ў такой дарозе маладому, поўнаму моцы, таленавітаму, упэўненаму ў сабе, як хораша птушцы ў небе, калі яна кладзецца на вецер.

Гэтую ягоную дарогу з Пухавіч у Менск – вельмі люблю.

Ёсць у мяне адзін надзейны рацэпцік.

Апошнім часам стала заўважаць, што моцна прасела мая мова. Стала я неяк небагата, сціпла размаўляць, цяжэй сталі падбірацца патрэбныя словы, збяднелі сказы, пачала моцна памыляцца і ў граматыцы, і ў арфаграфіі. Найперш таму, што знікла маё раней вялікае кола беларускіх спраў, беларускіх слухачоў і беларускіх суразмоўцаў. Па-другое таму, што цяпер амаль зусім нічога не пішу. Па-трэцяе, таму, што шмат стала чытаць сучаснай літаратуры, а ў ёй, нажаль, мова ўжо зусім не тая, да якой я была прызвычаілася, запоем чытаўшы міжваенных аўтараў і міжваенныя архівы. Што не кажы, але нават Караткевіч – гэта ўжо не тая зусім мова, якая калісьці ўвайшла ў мяне разам з захапленнем той, даваеннай, маёй любімай літаратуры.

Не, ў паўсядзённым жыцці ў мяне быццам і хапае мовы – са старэйшымі дзецьмі мы ўжо даўно перайшлі цалкам на беларускую, сямейны чат у нас – па-беларуску, нават Ілля ў Майнкрафт гуляе па-беларуску – сам сабе ўсталяваў. Але пабытовая мова – гэта зусім ня тое. Яна і бяднейшая, і карацейшая, і патрэбаў у яе – вобмаль.

Добра, што я здаўна ведаю гэты свой надзейны рэцэпцік.

Трэба падысці да кніжнай паліцы і ўзяць сабе кніжку менавіта гэтага пісьменніка. Ніякага іншага. Ніхто іншы не дапаможа, будзь ён хаця б і сам, напрыклад, Мележ. Ні ад кога не адбываецца такога пералівання мовы з галавы ў галаву, з рота ў рот:)

"Меркла ў лясах. Гусцілася цёплае неба, адвячорак цадзіў паплаўныя туманы. Рэчка ўлілася ўжо ў свае берагі, цякла ціха-ціха. Магутнасць вясны жыла ў лясах і ў полі".

"На свеце ўсякага жыцця даволі і чалавечае долі шмат..."

"Неба было над лясамі сіняе і ціхае. І ціха было ў самых лясах. Восень зрабіла сваё і адпачывала на палянах – там яшчэ зелянілася трава, стаяла вада. Сям-там яшчэ жоўты лісток трымаўся на дрэве, гатовы і зімаваць там... Гэтай ціхасці не парушалі і вятры. Яны густа ішлі ў сваю дарогу, дзікаю ласкаю ападаючы на зямлю. Сонца часамі выкрадвалася з-за хмар, але восень, перад скананнем сваім, любіла хмурнасць. Гэтак дажывала восень апошнія дні. Туман з рэчкі ці лагчыны або дым з пастушковага вогнішча калі ўзнімецца, дык невысока стаіць над зямлёю. І гукі людскога голасу звіняць доўга ў гэтай прасторнай цішыні".

"Дубняк падыходзіў да самых хат. Увечары ён зусім зліваецца з мізэрным драўляным чалавечым прытулкам. Як запальваюцца на небе зоры, неба ўздымаецца вышэй, зямля чула дрэмле пад ім. Тады, калі заплача ў хаце дзіцянё, дзіцячы голас далёка чуваць у лесе".

Не гугліўшы, пазналі?:) Я сёння заглынула за вечар цэлую аповесць, і зараз яшчэ адну заглыну:)

...

З народзінамі, дзядзька Янка! А мы ўсё ідзём