Спыталіся, ці памятаю я свой выпускны. Я-та памятаю, але нічога цікавага там у нас не было, выпускны і выпускны, стандартны для 1992 года, да таго ж я ў дзевяностыя рэальна пакутвала ад тагачаснай музычнай моды, і слухаць усю ноч групу "Кар-мэн" было для мяне мукай мучэнічэскай, але адну дэталь памятаю яскрава:)
Тады ў Віцебску толькі-толькі адкрыліся дзве абутковыя фабрыкі, "Белвест" і "Марко". Хто не ведае, гэтыя абедзьве фірмы родам з Віцебска, прычым назва "Марко" – гэта проста абрэвіятура ад імя заснавальніка, "Мартынаў Коля” Паміж імі была здаровая канкурэнцыя, і вось "Белвест" зрабіў такі шыкоўны камерцыйны фінт: яны далі праз абліспалком талоны на абутак усім выпускніцам:) І па гэтых талонах можна было набыць у іхняй краме толькі дзве мадэлі: малочныя лодачкі альбо чорна-белыя такія туфлі з тупым носам на абцасіку. Паколькі ў мяне якраз быў чорна-белы касцюмчык, які мама прывезла з Польшчы, то мне пашанцавала з гэтымі талонамі.
І ва ўсіх нашых дзяўчат на выпускным сукенкі былі, канешне, розныя, адна нават такая пышная, бальная, не ведаю, дзе яе ўзялі ў ліхія дзевяностыя,
Згадалі сёння з мужам адно каларытнае палескае слоўца. Раней мы вельмі часта ім карысталіся, а цяпер няма нагоды, бо дзеці выраслі.
Слоўца – "брышкаваць") Гэта значыць – мммм, як бы патлумачыць. От калі дзіцёнак носіцца, куляецца, тапоча, бегае па сценах, стучыць нагамі і рукамі, б'е па мячыку, па цацках, па канапе, ад вясёлай унутранай моцы, якая ірвецца вонкі)
"А што дзеці рабілі на дачы?" – "Дзеці? Ды брышкавалі ўвесь дзень да вечара")
Мммммм, які цуд)
…
Згадалі ўчора з Юрам адзін псіхалагічны закон дзяцінства. Звязаны ён з будаваннем домікаў. Бывае, прыдумаеш сабе такі, напрыклад, пад сталом, і тады цягаеш туды ўсе магчымыя посцілкі, коўдры, абрусы, хусткі, завешваеш, пыхціш, яно падае, а ты зноў і зноў ладзіш, сочыш, каб ніводнай шчылінкі, а потым цішком кладзеш унутр якую дарослую падушку, гзта ўжо, значыць, інтэр'ер. Ці ў лесе: тут без паплечнікаў ніяк, і вось вы ўжо пад акампанемент камароў ставіце даўгія дубцы, на іх яловыя лапы, увесь лес трашчыць, скубеш траву, каб заслаць падлогу, пот, пыл, хвоя, камары, камары, камары, а ў цябе ажно сэрца выскоквае ад захаплення. Ці ў бабулі летам на заднім двары. Тады ў ход ідзе рознае ламачча, каркасы ложкаў, паралон з матраса, тут ужо можна і малаткамі пагрукаць, цвікамі гэтае ўсё замацаваць, і дах, дах! Сапраўдны дах з фанеры, прыцягнутай са сметніка!
І вось пабудуеш такі дом, рукі баляць, ногі баляць, усё ў скабках, пальцы пабітыя малатком, ад камароў увесь распухлы, але шчаслівы як слон. Забярэшся ўнутр. Крышачку пасядзіш. Шчэ крышачку пасядзіш. Шчэ хвілін пяць пасідзіш пад уласным прымусам.
І ўсё, нецікава.
…
Эх! Я так падрабязна, ува ўсіх дэталях, з галасамі, з інтанацыямі, уяўляю, як бы глядзелі сёння матч Італія-Албанія тата з Паўлам, як бы яны падскочылі на сваіх звычайных месцах перад тэлевізарам на 22 секундзе, на першым забітым мячы - Павел на канапе, тата ў фатэлі - і тата ад эмоцый пачаў бы бегаць па кватэры і крычаць: "От гэта футбо-о-о-ол!", а Павел бы смяяўся і паціраў рукі. Я любіла з імі паглядзець той-сёй матч, пераважна дзеля іхных рэакцый, бо яны вельмі каларытныя заўзятары.
Добра нам было, калі мы ўсе былі разам.
…
Да Іллюхі іншы раз заходзяць сябры. Я звычайна тады прыкідваюся анучкай і не адсвечваю, каб не бянтэжыць моладзь, але, канешне, прыслухваюся і прыглядаюся ўпотай. І кожны раз з кожным сябручком паўтараецца адно і тое ж: пакуль яны сядзяць у пакоі, адтуль даносіцца і тупат, і грукат, і дэманічны рогат, а ў хуткім часе, думаю, пацягне і дымком, і піўком, але як толькі ім трэба выйсці і паказацца мне на вочы – гэта заўсёды нейкія субтыльныя, акуратна прычасаныя хлопчыкі ў акулярах, сціплыя ў паводзінах і ветлівыя ў выразах.
Ці то мой Іллюха сябруе з аднымі батанікамі, ці то хлапчуковая мімікрыя перад любымі, нават адстаўнымі настаўнікамі ў гэтых сябручкоў дасягае невераемных вышыняў)