МЕТАФАРЫ МІНОРУ І САЦЫЯЛЬНЫ АПТЫМІЗМ БЕЛАРУСКАЙ МЕНТАЛЬНАСЦІ Ў КААРДЫНАТАХ ЧАСУ

04.09.2024
 
Атрымаў заўчора ліст ад добрага знаёмага беларускага інтэлектуала і аўтара тэкстаў, -- вершаваных і празаічных. Ён цяпер не дома. Піша ў сваім лісце пра жыцце, шчасце, чалавечую эмпатыю і вартую жалю нецярпімасць у асяродку патрыятычных і актыўных беларусаў, якія прэтэндуюць на тытул захавальнікаў абсалютнай ісціны. Гутарка вядзецца пра беларусаў у вымушанай эміграцыі.
Як мастацкі творца аўтар ліста імплікуе ў апісаннях асобных эпізодаў нашай гісторыі апошніх дзсяцігоддзяў вельмі важную думку: палітычная дзейнасць і мастацкая творчасць цяжка сумяшчальныя. Мастак -- абсалютна свабодны, палітык павінен умець абмяжоўваць сябе, умець прамаўчаць, быць па-свойму увішным і практычным. Я асабіста ўзгадваю Святлану Алексіевіч, якая сцвярджала, што пісьменнік павінен пісаць, а не біцца на барыкадах. Аднак сваімі ўчынкамі сама часта парушала гэты прынцып.
РЭФЛЕКС МАЛАДОСЦІ
У маладосці я зарабляў рэпетытарствам і перакладамі ў Гандлёвай палаце і пры атрыманні чарговага ганарару абавязкова заходзіў у букіністычную кнігу і набываў старыя паэтычныя зборнікі на расійскай, нямецкай, беларускай, нават калі-небудзь на польскай, на якой дагэтуль чытаю са слоўнікам. Быў купіўшы і некалькі кніжак на англійскай, французскай ды іспанскай. Прыйшоўшы дадому, ужо не па дыяганалі, прашушольваў пажадна да драбніц кожную кніжку і тут жа на шмуцтытулах, унутраных старонках з імпрэсумам і на палёх выпісваў самыя цікавыя вершы чарнільнай ручкай: кніга мая, што хачу, тое і раблю. Звычка, канешне, варварская. Што было, тое было. Дагэтуль ведаю на памяць дзясяткі тых вершаў.
Неяк няўзнак пачаў звяртаць увагу на інтэлектуальныя сюжэты і метафары ў каардынатах “мажор-мінор” у нямецкай і беларускай мовах. З радасцю запісваў сузіральныя вершы беларускіх аўтараў, сугучныя еўрапейскім. Нямецкі рамантызм і дэманізм, сузірання жыцця і смерці уражвалі. Жукоўскі, Цютчаў, Лермантаў былі для мяне тыя ж немцы, бо вучыліся ў расійскіх гімназіях ды універсітэтах па гуманістычных праграмах, складзеных у свой час у Францыі, Германіі ды Брытаніі.
Песімізм як вэльтшмэрц падаваўся, напрыклад, у Германіі не як чыста нямецкая з’ява, а ў кантэксце Старога Запавету і вечнай Прыроды.
Дарэвалюцыйныя выданні беларускіх песняў жальбы ў нашых пачынальнікаў – Коласа, Купалы, Гарэцкага ды інш. (Багдановіч стаіць асобна) штурхалі ў “тутэйшы” дэпрэсіўны настрой: птушка-гусь, жальба, туга, скруха, жалоба, лагодная меланхолія, нуда, небарака, замурзанае дзіцятка, душэўны невытламачальны “сплін”, кінутыя пячуры, прыспаны, забраны край, заломы, зублены вясельны паязд у завіруху, парэзаныя курганы-валатоўкі, як статак баранаў …
Выбухам грому здалася купалаўская “Песня званара”…
ПРЫЛІВЫ І АДЛІВЫ ЧАСУ
Цайтгайст нашых дзен нагадвае час Першай святовай вайны. У нашы дні расцярушаныя па свеце і затоеныя ў адзіноце і ціхім спадзяванні на лепшае дома на Радзіме нашы аўтары, што сапраўды па-мастацку ўспрымаюць свет, сублімуюць прыгожыя да жахлівасці апакаліптычныя відзежы з рыфмаваных і нерыфмаваных вершаў… Я ПАКУТУЮ, -- ТАМУ ЖЫВУ. Яны “прадаюць” чытачу свае раны, як некалі у час першай Святовай вайны на вуліцах Еўропы прэзэнтавалі сваё пакутнае цела голыя – толькі скура ды косці – людзі-шкілеты ў металічных клетках. Калі-небудзь нават прыбівалі цвікамі часткі цела да драўляных ходнікаў. У немцаў яны называліся HUNGERKÜNSTLER. Чытаецца “гунгэркюнстлер”. Шмат хто чытаў вядомую гісторыю пра “мастацкага вулічнага галадоўшчыка” у Франца Кафкі. Цяпер гэта могуць быць “срэбна фарбаваныя” голыя ці ў трыко сілуэты-мімы, што стаяць на тумбах, як помнікі, і кланяюцца удзячна за кінутую манету ў капялюш сердабольным мінаком …
Мінорныя вершы піша часам Ванда Марцінс. Але яна – у адзінстве з прыродай і аднадумцамі з грамады, далёкай і блізкай. Для маёй псіхеі яна няўрымслівая аптымістка.
Чытаючы некаторыя пранізлівыя вершы Антаніны Хатэнкі ці Насты Кудасавай або празаічныя з флёрам русафобіі і паланафільства экспромты Святланы Курс, я сціскаюся, як некалі ад слоў песіміста Васіля Быкава: “Будзе яшчэ горш…”.
СТВАРАЦЬ МАЖОР
Не ведаю дакладна, што меў на ўвеце Сяргей Шупа, які нядаўна заклікаў на форуме сацыяльнай сеткі пакінуць енк і плач пра нашу нешчасную долю і пытанне, ці прыходзіць на шыбеніцу са сваёй вяроўкай ці прафсаюз забяспечыць, але я часам адчуваю тое самае прыкрае пачуццё знаёмасці.
Сам сябе лаўлю на тым, што чамусьці ахвотна і маляўніча ўзгадваю, як хадзіў ў школу ў 1-2 класе толькі “да снегу”, таму што не было чаго абуваць.
Можа, пра нэндзу, беларуае мінулае ды гаротнае пасляваеннае дзяцінства няварта ўжо ўспамінаць?
Я, праўда, дадаю, што ў гэты час сядзеў на печы і чытаў кніжкі за 5 клас. Тады я быў свабодны ў пошуках сэнсаў, чытаючы ў раннім школьным узросце "Марціна Ідэна" Джэка Лондана. Гэта ўжо быў мой Гарвард...
Чытанне папяровай кнігі і сёння -- адхланне ад мітусні і энтрапіі.
З свайго досведу ведаю, што нельга пераставаць ЧЫТАЦЬ КНІЖКІ. У кніжках аўтары менш мітусяцца і менш зведваюць уплывы імгненных прыліваў зла і самалюбства. Зла вялікага і малога. Бегацьба ў інтэрнэце за мыслярамі ды аналітыкамі рознага кшталту калечыць уласнае ўспрыманне жыццёвых з'яў і артэфактаў.
Стомяцца новыя левыя нашага часу, міне эканамічны крызіс у калісьці вельмі багатых краінах, трэнды аўтарытарызму змыюцца непазбежна хваляй здаровага сэнсу і хрысціянскімі каштоўнасцямі для шчырых вернікаў, агностыкаў і неваяўнічых атэістаў. Памяняюцца карпарацыі, партыі, узнікнуць новыя сяброўствы, напішуцца аптымістычныя бэстсэлеры. Усміхніцеся. Асабістая свабода і сітуацыйнае шчасце – з роднымі і блізкімі людзьмі, якія вас любяць.