У 2024 годзе ў Івацэвічах праходзіў Дзень беларускага пісьменства. Прапануем пачытаць пра віктарыну для школьнікаў, якую зладзілі арганізатары.
Ці ведаюць школьнікі прозвішчы беларускіх дзеячаў мінулых пакаленняў і сучаснасці? У гонар каго названыя вуліцы ў Івацэвічах.
Атрымаўшы дазвол у бацькоў, у выходны дзень дзясятак удзельнікаў гульні раздзяліліся ў каманды па двое і пачалося спаборніцтва!
Квэст “Знайдзі вуліцу і зрабі сэлфі”
Першым заданнем было на арыентаванне па мясцовасці. Юнакі мусілі знайсці вуліцы, названыя ў гонар беларускіх дзеячаў у Івацэвічах, і зрабіць там сэлфі. Хлопцам раздалі папяровыя мапы, але дазволілі карыстацца любымі прыладамі, мабільнікамі, навігатарамі. У сучасным свеце ўменне карыстацца інтэрнэт-картамі надзвычай карыснае. І яны паказалі, што цяперашняя моладзь можа з гэтым справіцца нават лепей за дарослых.
Каманды-дуэты павінны былі знайсці пэўныя месцы на вуліцах Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Тадэвуша Касцюшкі. А ў падцверджанне гэтаму павінны былі зрабць сэлфі.
Забягаючы наперад паведамім, што з гэтым заданнем усе справіліся выдатна.
Удзельнікі конкурса Назар Здановіч, Яраслаў Хаванскі, Антон Мельнік, Арцём Лось, Даніл Бобрусь, Іван Еўдакіменка, Ілья Галуска, Максім Лось, Косця Дайлід, Кірыл Сарокін
Фінішыравалі каля кавярні, дзе пасля пошукаў па заснежаных вуліцах Івацэвіч удзельнікаў вырашылі пачаставаць сокам і піцай.
Другая частка задання была больш складанай. Трэба было расказаць пра тых дзеячоў, у гонар якіх названы вуліцы. І тут хлопцы справіліся няблага. Трэба адначыць, што школа і інтэрнэт даюць добрыя веды. Удзельнікі расказалі і пра універсітэты славутага першадрукара Францыска Скарыны, і пра творчасць Коласа і Купалы, і пра жыццё Броўкі і Касцюшкі.
Вось толькі некаторыя цытаты з таго, як адказвалі юнакі:
“Для нас, беларусаў, а таксама для ўсяго свету Францыск Скарына запомніўся як таленавіты і геніяльны чалавек, першадрукар. Ён першы надрукаваў кнігу ва ўсходніх славян”.
“Якуб Колас быў паэтам, драматургам… У праграме школьнага курса вывучаюцца яго творы “Новая зямля”, “Сымон-музыка”. Вучацца кавалкі на памяць”.
Больш глядзіце на відэа.
На падсумаванне вырашылі, што хлопцы больш падрабязна вывучаць з бацькамі карту Івацэвічаў і даведаюцца пра іншых дзеячаў, у гонар якіх названыя вуліцы. А такіх у Івацэвічах даволі шмат.
Сярод агульнабеларускіх ёсць і мясцовыя імёны: вуліцы Агінскага, Ракасоўскага, Харужай, Букшты, Агейчыка, Саляніка, Грэцкага, Пархуты, Чарткова, Клютко, Гойшыка… Спіс можна працягваць доўга, тым і цікавей даследаваць родны горад!
Віктарына: “Што вы ведаеце пра вядомых ураджэнцаў Беларусі?”
Другі тур быў падобны да першага, але ўжо без прывязкі да назваў мясцовых вуліц. Удзельнікі па жараб’ёўцы выцягнулі са спісу прозвішчы знакамітых ураджэнцаў Беларусі. Пасля невялікі хвілін падрыхтоўкі, каманды мусілі пра іх расказаць нешта цікавае і чым жа яны праславілі Беларусь.
А прозвішчы вядомых беларускіх дзеячаў патрапіліся такія: Ігнат Дамейка, Марк Шагал, Максім Багдановіч, Напалеон Орда, Францішак Багушэвіч. Да ведама, гэтыя людзі зрабілі вялікі ўнёсак не толькі ў беларускую, але і ў сусветную культуру.
Удзельнікам віктарыны дазволілі карыстацца любой дапамогай, галоўнае, каб цікавы быў расказ. Падыход хлопцаў здзівіў. Яны не толькі “гуглілі” ў інтэрнэце. Кірыл Сарокін не пасаромеўся патэлефанаваць сваёй настаўніцы па літаратуры і распытаць цікавыя факты пра Максіма Багдановіча.
Было відавочна, што настаўніца старалася дапамагчы вучню, бо твары Кірыла і яго напарніка іскрылі хітраватымі ўсмешкамі. Дарэчы, даведаліся цікавую дэталь, што таленавітага класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча ў сям’і назвалі “кніжнікам”…
Апроч гэтага ўдзельнікі расказалі яшчэ шмат цікавага. А было пра каго! Вы, напрыклад, ведалі, што наш зямляк Ігнат Дамейка стаў нацыянальным героем краіны Паўднёвай Амерыкі – Чылі? У яго гонар названы мінерал (дамейкіт), кактус, фіялка, малюск, горад у Чылі і нават малая планета. У беларускім горадзе Ліда яго прозвішчам таксама названа вуліца, а ў раёне ёсць абеліск у гонар вучонага.
Шмат расказалі ўдзельнікі віктарыны і пра іншых нашых землякоў. За расказы ўдзельнікі атрымлівалі балы. Пераможцам былі падрыхтаваны прызы. Гэта таксама давала стымул, і хлопцы ўвайшлі ў азарт падарожжа ў таямніцы беларускіх ведаў.
Хто слабое звяно?
Апошняе заданне было адным з найбольш дынамічных, захапляльных і эмацыйна-напружаных. Удзельнікі павінны былі называць прозвішчы вядомых ураджэнцаў Беларусі па чарзе, не паўтараючыся. Каманда-дуэт, у якой першай скончацца варыянты, выбывала з пэўнай колькасцю балаў.
Хлопцы слухаюць заданне вядучага
Нечакана, але гэты тур зацягнуўся надоўга. Хлопцы не жадалі здавацца і называлі ўсё новыя і новыя імёны. А называць можна было пісьменнікаў, мастакоў, навукоўцаў, спартсменаў, спевакоў і іншых. Агучвалі нават імёны музыкантаў і спартсменаў, якіх не ведалі і вядучыя.
Віктарына паказала, што дзякуючы інтэрнэту ў імгненне можна знаходзіць інфармацыю пра выбітных беларусаў. Эх, такога не было гадоў 30 таму. А старэйшае пакаленне памятае, як у “даінтэрнэтную” эпоху даводзілася ісці ў бібліятэку, пералістаць дзясяткі кілаграмаў кніжак, каб атрымаць новыя веды. Цяпер жа энцыклапедыі ў кожнага ў кішэні – у тэлефоне.
На падсумаванне ўдзельнікі распавялі свае ўражанні ад віктарыны:
“Мне спадабаўся ўвесь конкурс. Асабліва, калі бегалі па гораду і шукалі вуліцы. І калі трэба было мазгамі пашавяліць, прыпомніць… І падарункі спадабаліся”, — расказаў Яраслаў Хаванскі, які выйграў гульнявую клавіятуру.
Хто заслужыў узнагароды за веды?
Віктарына закончылася. Вядучы і аўтар гэтага артыкула пайшлі падлічваць балы. А дзеці працягвалі нешта абмяркоўваць, спрачацца і чакаць, каго ж назавуць пераможцам. Хто ж атрымае прызы? А іх падрыхтавала ўдзельнікам прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Медыя-Ганцавічы”.
Па словах юнакоў, гульнёвую клавіатуру атрымаць хацеў бы кожны… Апроч клавіятуры былі і заахвочвальныя прызы: гульнявыя гарнітуры, навушнікі, паўэрбанкі.
Ніхто не сыйшоў без падарункаў.
(Рэпартаж падрыхтаваны па матэрыялах рэгіянальнай прэсы)