Шукаем у іншых мовах беларусізмы і параўноўваем назвы дзён тыдня (ідэі для міні-праектаў і даследчых работ школьнікаў)

15.11.2024

Сёння звяртаем увагу на цікавыя і змястоўныя матэрыялы wir.by для працы над мовазнаўчымі, міжкультурнымі і гістарычнымі праектамі школьнікаў.

 

 

Марыя Дзем'ячэнка: Беларускія словы ў іншых мовах

Часта можна пачуць заўвагі, што тое ці іншае беларускае слова — русізм, паланізм ці нейкае іншае запазычанне. Можа скласціся ўражанне, што наша мова толькі пасіўна чапляе гэтыя «ізмы» ад суседзяў. Але, як пісаў Багушэвіч, яна такая ж людская, як і астатнія, і таксама можа дзяліцца ўласнай лексікай. А гэта значыць, што і ў іншых мовах можна адшукаць беларусізмы.


Польская мова

З Польшчай Беларусь мае вялікі перыяд агульнай гісторыі, нашы мовы кантактавалі даўно і ўплывалі адна на адну.

Важную ролю ў гісторыі гэтых кантактаў адыграў статус старабеларускай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Гэта была дзяржаўная мова, мова справаводства. Менавіта на ёй напісаныя статуты ВКЛ, якія тагачасная Польшча брала за ўзор*. Таму некаторая юрыдычная лексіка трапляла ў польскую мову з беларускай. Напрыклад, слова bezprawie (бяспраўе) сустракаецца ў старабеларускіх дакументах значна раней, чым у польскіх.

У іншых сферах жыцця беларусізмы з’яўляліся ў польскай мове праз стасункі шляхты з ВКЛ і Кароны Польскай. Нават калі з XVI стагоддзя ўзмацнілася паланізацыя беларускай шляхты, у сваёй гаворцы яна захоўвала мясцовыя рысы, якія траплялі ў польскую. Да XVIII стагоддзя ў мову нашых суседзяў такім чынам трапілі такія словы, як hodować (гадаваць), hreczka (грэчка), puchacz (пугач), żubr (зубр).

Напрыканцы XVIII стагоддзя беларускія землі трапілі ў склад Расійскай імперыі. На беларускай мове болей не пісалі дзяржаўных дакументаў. Аднак і ў XIX стагоддзі яна мела пэўны ўплыў на польскую. Тады надышоў час польскамоўных беларускіх пісьменнікаў, якія былі звыклыя да народных гаворак і дадавалі іх элементы ў свае тэксты. Выбітны прыклад — філарэт Адам Міцкевіч, які прынёс у літаратурную польскую мову словы dziady (дзяды), kraska (краска), siaki-taki (сякі-такі), łaszczyć się (лашчыцца).

Літоўская мова

Са сваімі паўночна-заходнімі суседзямі беларусы жылі ў адной дзяржаве даўжэй, чым з палякамі, таму ў іх мове можна назіраць большы беларускі ўплыў. Запазычанні адбываліся і праз пісьмовыя дакументы, і праз побытавую гаворку. Аднак першым шляхам беларусізмы вандравалі на поўнач радзей, бо ў той час справаводства на літоўскай мове (у сучасным разуменні) амаль не вялося.

Таму запазычанняў з народнай гаворкі, якія закранаюць больш практычныя аспекты жыцця, болей за канцылярызмы. Такім чынам новая лексіка трапляла і ў дыялектную, і ў літаратурную мову. Паводле розных мовазнаўцаў, гэта ад 1000 да 3000 слоў. З беларускай мовы ў літоўскую перайшлі, напрыклад, назвы раслін: čiobras (чабор), kaniušina (канюшына), прадметаў хатняй гаспадаркі: abrusas (абрус), cvikas (цвік), адзення: okuliaras (акуляры), pančeka (панчоха), šalikas (шалік), частак памяшкання: pakūčia (покуць), priepečkis (прыпечак), абстрактных паняццяў: krivda (крыўда), padeka (падзяка), paklepa (паклёп).

Ідыш

У 1791 годзе ў Расійскай імперыі была ўведзена мяжа яўрэйскай аселасці. Праз гэта вялікая колькасць яўрэяў пасялілася ў беларускіх гарадах і мястэчках. У XIX стагоддзі іх колькасць складала ад 51% да 90% гарадскога насельніцтва. Яўрэйская і беларуская культуры вельмі ўплывалі адна на адну. Гэта адбілася таксама і на мовах. У ідышыстыцы нават існуе тэрмін vajsrusiše redenišn — беларуская гаворка.

Праз вельмі блізкія кантакты часам даволі цяжка вызначыць, што прыйшло ў ідыш з беларускай, а што — наадварот. Але прынамсі шэраг словаў мы можам назваць беларусізмамі, напрыклад: juške (юшка), krop (кроп), žvave(r) (жвавы), zejde (дзед), apinujen zix (апынуцца), kamornik (каморнік), kljok (клёк, касцявы мозг), pročkes (упрочкі), večere (вячэра).

Беларускія яўрэі нават ужывалі выразы, якія ўяўлялі сабой сумесь беларускай і ідыш. Гэта «visn počom funt lixo» (ведаць, пачым фунт ліха), «kalt vi a ščavje» (халодны як шчаўе), «zajn mit emeen panibrat(iš)» (быць з кімсьці запанібрата).

Руская мова

Бадай, выраз «беларусізмы ў руская мове» ў першую чаргу выкліча асацыяцыі з трасянкай і размаітымі «шуфлядкамі» расейскамоўных беларусаў. Аднак былі выпадкі, калі беларуская ўплывала на маўленне жыхароў Расіі.

У XV–XVII стагоддзях сітуацыя была падобная да той, якая склалася ў дачыненні да польскай. Як і ў Польшчы, у Вялікім Княстве Маскоўскім старабеларускія прававыя дакументы браліся за ўзор пры фарміраванні юрыдычнай лексікі — настолькі яны былі добра напісаныя. Так у рускую мову прыйшлі словы бесправие (бяспраўе), родины (радзіны), будка (будка), варта (варта), витати (вітаць), гроши (грошы), дбати (дбаць), здрайца (здраднік), зневага (знявага), баламут (баламуцень). Не ўсе з іх захаваліся ў сучаснай рускай мове ў нязменным выглядзе, але важны сам факт запазычання.

Пачынаючы з XIX стагоддзя беларускія словы трапляюць ў жаргонную лексіку рускай мовы. Расійскі крымінальны жаргон змяшчае словы з моў размаітых народаў, што ў той ці іншы час насялялі Расію ці СССР. Такую разнастайнасць ён атрымаў, па-першае, праз шматнацыянальны склад вязняў у месцах пазбаўлення волі. Па-другое, дзіўнаватую незразумелую лексіку зручна выкарыстоўваць дзеля маскіроўкі і большай скрытнасці. Абедзве прычыны дапускаюць прысутнасць у расійскім жаргоне беларусізмаў. Аднак многія расійскія крыніцы, што вывучаюць паходжанне жаргону, згадваюць толькі ўкраінскую і польскую як крыніцы запазычванняў, неабгрунтавана абмінаючы беларускую.

З’яўляецца праблемай і тое, што часта немагчыма адрозніць, адкуль менавіта слова трапіла ў жаргон — з беларускай, украінскай ці польскай. Тым не менш, пра шэраг выразаў можна меркаваць, што яны — беларусізмы. Гэта, напрыклад, словы шанец (шанец, удача), цацки (ювелірныя ўпрыгожанні), карбач (пуга), рыхт (падрыхтоўка да буйнога крадзяжу), сбить с панталыку (збіць з панталыку, адхіліць ад правільнай думкі).

Але цяпер, каб карыстацца беларусізмамі, неабавязкова здзяйсняць злачынствы. Некалькі беларускіх словаў замацаваліся ў паўсядзённым расійскім слэнгу:

капец (няўдача, кепскі канец) — ужыванне гэтага слова ў рускай суадносіцца з першапачатковым беларускім значэннем: надмагільны насып, а таксама сінонім да згубы. У беларускай мове гэтае слова ўжываецца і ў множным ліку: капцы прыйшлі.
стебать (здзекавацца словамі) — у беларускай мове першапачаткова гэты дзеяслоў азначаў «біць пугай, бізуном», а ў расейскім слэнгу ён набыў пераноснае значэнне.
халява (атрыманае лёгка ці бясплатна) — для беларусаў гэта ў першую чаргу верхняя частка бота, а часам азначэнне для дурнога чалавека. Існуюць розныя версіі, як з’явілася новае значэнне. Магчыма, гэта ад таго, што «халяўная скура» ў шаўцоў — таннейшы і горшы матэрыял, з якога не зробіш важнейшыя дэталі.
Як мы бачым, беларуская мова таксама грала істотную ролю ў гісторыі моў нашых суседзяў і займае свой «свой пачэсны пасаг між народамі».

 

Антон Сомін. Дні тыдня ў мовах свету


Здаецца, што можна цікавага знайсці ў словах, якіх толькі сем у кожнай мове? Але паспрабуем. Пачнем вось з чаго: чаму менавіта сем? Гісторыя сямідзённага тыдня вельмі доўгая, і паходзіць ён ці то ад Месапатаміі, ці то ад старажытных габрэяў. Сямідзённы тыдзень мы знаходзім у розных народаў, нават тых, якія не кантактавалі адзін з адным.
Месячны цыкл ад маладзіка да маладзіка складае дваццаць восем дзён, а дваццаць восем дзён можна проста падзяліць на чатыры перыяды па сем дзён. Таму шмат якія народы рабілі сямідзённы тыдзень. Гэта быў не адзіны варыянт: напрыклад, нам вядома, што ў рымлянаў былі васьмідзённыя гандлёвыя тыдні. Ці, напрыклад, у СССР у 30-я гады спрабавалі зрабіць пяцідзённы працоўны тыдзень — для таго, каб заводы і фабрыкі працавалі без перапынку.

Ёсць мовы, у якіх колькасць дзён тыдня адлюстроўваецца нават у самім слове. Напрыклад, у паўднёваславянскіх мовах слова «тыдзень» гучыць як «седмица». У балгарскай, у македонскай, нават у старажытнарускай было менавіта так. Зразумела, што гэта паходзіць ад слова «сем». У нашым слове «тыдзень», якое захоўваецца ў заходнеславянскіх і ўсходнеславянскіх (акрамя рускай) мовах, лёгка пабачыць корань «дзень». Што значыць «ты», мы можам зразумець, калі паглядзім, напрыклад, на польскую мову, дзе родны склон слова «тыдзень» будзе не «тыдня», а «тыгодня». У гэтым лёгка пазнаецца ўказальны займеннік «той» ці «гэты». Адзінае выключэнне — гэта руская мова, дзе слова «тыдзень» гучыць як «неделя». Ва ўсіх іншых славянскіх мовах «нядзеля» — гэта менавіта сёмы, непрацоўны дзень тыдня. Чаму ён так завецца? Здаецца, што гэта зразумела: гэта дзень, калі мы не працуем, «ничего не делаем», і ў рускай мове гэтае «нічога не робім» перайшло з аднаго дня на ўсе сем.

Калі мы вернемся да беларускага тыдня і паглядзім на нашыя назвы дзён, то пабачым, што іх можна падзяліць на тры групы. Першая група — гэта «нядзеля», дзень, які атрымаў сваю назву зыходзячы з таго, што ў гэты дзень робяць. Слова «субота» таксама належыць да гэтай групы.

Другая група — гэта словы «аўторак», «чацвер» і «пятніца», то бок назвы, у якіх ёсць нумар. Трэцяя група — гэта «панядзелак» і «серада», дні, якія маюць назвы, зыходзячы з парадку адносна іншых дзён у тыдні.

Паглядзім на назвы дзён тыдня ў розных мовах свету. Пачнём з нумарнога тыпу, то бок тых моў, дзе назвы дзён паходзяць ад нумароў. Такіх моў шмат. Гэта літоўская і партугальская, шматлікія цюркскія мовы — турэцкая ці казахская, — арабская і персідская, некаторыя мовы Азіі, кшталту кітайскай і в’етнамскай. У некаторых з гэтых моў усе дні маюць назвы, якія паходзяць ад нумароў, у некаторых большая частка. Напрыклад, у літоўскай мове ўсе сем дзён паходзяць ад нумароў:

Pirmadienis — панядзелак

Antradienis — аўторак

Trečiadienis — серада

Ketvirtadienis — чацвер

Penktadienis — пятніца

Šeštadienis — субота

Sekmadienis — нядзеля.

Так выглядае і партугальская мова, у якой мы можам пабачыць:

Segunda-feira — панядзелак

Terça-feira — аўторак

Quarta-feira — серада

Quinta-feira — чацвер

Sixta-feira — пятніца

Sabado — субота

Domingo — нядзеля.

«Feira» значыць «кірмаш». То-бок партугальцы — такія вясёлыя людзі, у якіх ёсць другі дзень кірмашу, трэці, чацвёрты і гэтак далей.

Другі тып — гэта парадкавы тып, і ў славянскіх мовах да гэтага тыпу належаць словы «серада» і «панядзелак». Серада, зразумела, гэта сярэдні дзень тыдня. Але ўзнікае пытанне: калі ў тыдні сем дзён, тады сярэдні дзень мусіць быць чацвёртым. Можна адказаць так: магчыма, мы пачыналі лічыць ад нядзелі, тады серада апынецца якраз чацвёртым днём. Але мы бачым, што серада ідзе пасля аўторка, які другі, то бок «второй», а пасля серады ідзе чацвер, які чацвёрты. Не атрымліваецца. Адказ на гэтае пытанне такі: калі мы паглядзім на слова «панядзелак», мы ўбачым у ім прыстаўку «па», якая мае значэнне «пасля». І гэта — дзень першы, які ідзе пасля нядзелі. Тады «аўторак» будзе «другі дзень пасля нядзелі», а не «другі дзень тыдня», і тады серада атрымліваецца чацвёртым днём, сярэднім днём тыдня. У ісландскай мове ёсць слова «miðvikudagur», якое мае корані «mið» — «сярэдзіна», «viku» — «тыдзень», і «dagur» — «дзень». Усё разам, адпаведна, гэта значыць «сярэдні дзень тыдня». Такое ж слова ёсць і ў тасканскім дыялекце італьянскай мовы.

Шмат якія мовы маюць азначэнне пачатку тыдня. Напрыклад, у венгерскай мове ёсць слова, якое значыць «галава тыдня», ці, напрыклад, у адыгейскай мове ёсць слова, якое літаральна значыць «нос сямі».

Трэці тып — гэта функцыянальныя назвы, калі мы называем дзень, зыходзячы з таго, што робяць у гэты дзень. У славянскім тыдні гэта «нядзеля», дзень, у які мы нічога не робім, і «субота», якая паходзіць ад «шабата», а «шабат» у старажытнагабрэйскай мове паходзіць ад дзеяслова, які мае значэнне «адпачываць». У іншых мовах мы можам знайсці іншыя функцыі дзён. Напрыклад, у скандынаўскіх мовах слова «субота» (па-шведску — «lördag», па-ісландску — «laugardagur») паходзіць ад кораня са значэннем «праць», то-бок гэта дзень для прання. У венгерскай мове мы можам знайсці канец тыдня, слова «vasárnap». Слова «vasár» нам можа быць знаёма, бо значыць «базар». То-бок гэта базарны дзень. Тое ж самае ёсць у некаторых дыялектах італьянскай мовы, дзе «дзень гандлю» або «дзень кірмашу» можа абазначаць аўторак ці сераду ў залежнасці ад таго, у які дзень у сярэднявеччы ў гэтым рэгіёне праходзіў кірмаш. Пятніца амаль ва ўсіх мусульманскіх мовах завецца запазычаннем з арабскай мовы, «الجمعة‬», што значыць «аб’ядноўвацца, збірацца разам», то-бок збірацца разам для сумеснай малітвы. Гэтае слова запазычана і ў цюркскіх мовах, і ў персідскай. Яшчэ адзін характэрны сюжэт — гэта пятніца як «прыгатаванне да шабату», то бок да канца тыдня. У армянскай мове пятніца завецца «ուրբաթ», што і значыць «прыгатаванне», ці, напрыклад, у грэчаскай мове пятніца завецца «пαρασκευή», што таксама значыць «прыгатаванне». У адыгейскай мове, на якой размаўляюць мусульмане Каўказа, ёсць серада і пятніца, «бэрэскэжъый» і «бэрэскэшху» адпаведна, прычым «жъый» — гэта памяншальны суфікс, «шху» — гэта павелічальны суфікс, а «бэрэскэ» — гэта запазычанне грэчаскага «пαρασκευή».

Бывае так, што назва дня паходзіць не ад функцыі, а ад характарыстыкі. Напрыклад, у латышскай мове нядзеля — «svētdiena», «святы дзень» ці «дзень свята». Ці, напрыклад, у санскрыце субота лічылася нешчаслівым днём, таму субота звалася «शनिवासर» — «кульгавы дзень».

Апошняя група — назвы рэлігійнага паходжання. Іх мы можам пабачыць, напрыклад, у рускай мове: слова «воскресенье» паходзіць ад хрысціянскай традыцыі. У заходнееўрапейскіх мовах назвы дзён паходзяць ад імёнаў паганскіх багоў ці назваў планет. Напрыклад, у англійскай мове нядзеля і панядзелак завуцца «Sunday» і «Monday», то-бок «дзень сонца» і «дзень месяца», а далей мы бачым назвы, вытворныя ад імёнаў розных багоў. Цікава, што паходзіць гэтая сістэма ад рымлянаў, але калі яе запазычылі германцы, яны замянілі багоў рымскага пантэону на сваіх, зыходзячы з таго, якую функцыю выконваў той ці іншы бог. Напрыклад, «Martedi» па-італьянску — гэта дзень Марса, аўторак. У англійскай гэта «Tuesday», дзень Цюра ці Ціра, які, як і Марс, быў богам вайны. Цікава, што ў некаторых дыялектах нямецкай мовы ў Аўстрыі сустракаецца назва аўторка, якая паходзіць ад Арэса, грэчаскага бога вайны. Серада ў італьянскай мове — «Mercoledi», дзень Меркурыя, які адказваў за гандаль. Але ў германскіх мовах серада, «Wednesday», — гэта дзень Одзіна, галоўнага бога. Атрымалася так таму, што чацвер, «Giovedi», у італьянскай мове — дзень Юпітэра, галоўнага бога, функцыя якога — адказваць за гром і маланкі. Але ў германцаў функцыю бога маланак і грому выконваў не Одзін, галоўны бог, а Тор, імя якога мы і бачым у назве «Thursday» — чацвер у англійскай мове. Цікава, што ў палабскай мове, мёртвай славянскай мове, мы бачым назву «Perundan», «дзень Перуна». У шматлікіх мовах Еўропы чацвер — гэта дзень грому і маланак. Цяпер зразумела, чаму некаторыя лінгвісты тлумачаць такім чынам паходжанне прымаўкі «пасля дожджыку ў чацвер».

Адзіны жаночы дзень — гэта дзень Венеры, пятніца ў італьянскай («Venerdì») і іншых раманскіх мовах («Vendredi», фр.). У англійскай мове гэта «Friday», дзень Фрыг, жаночай багіні ў германскім пантэоне. Таксама ў англійскай мове захаваўся дзень Сатурна, «Saturday». У раманскіх мовах нядзеля перастала быць днём сонца, зараз гэта дзень Госпада. То-бок пяць дзён мы жывём па паганскім календары, а сёмы дзень — хрысціянскі. Па-адыгейску нядзеля будзе «Тхьаумаф», дзе «тхьау» — гэта «бог», а «маф» — гэта «дзень». Чаму ў мусульман нядзеля — гэта дзень бога? Таму што да XVI ст. адыгейцы былі хрысціянамі, і гэта захоўваецца ў назве. У кабардзінскай і асецінскай мовах назва пятніцы паходзіць ад імені «Марыя»: «мэрем» і «майрамбон». Яшчэ адзін досыць часты сюжэт — гэта пост, таму што ў хрысціянстве ёсць серада і пятніца, дні посту. Напрыклад, у сучаснай ірландскай мове серада — гэта «дзень першага посту», пятніца — гэта проста «дзень посту», а чацвер — «дзень паміж постамі».

Такім чынам, мы бачым, што ў невялічкіх сяміслоўных спісах, якія мы можам параўнаць у розных мовах, мы можам знайсці, па-першае, досыць цікавыя сістэмы, па-другое, там захоўваюцца розныя сляды гісторыі, культуры і традыцый носьбітаў гэтых моў. У гэтых кароткіх спісах з сямі слоў захоўваецца гісторыя некалькіх тысяч год развіцця розных народаў.

Крыніца: https://wir.by/be