Святлана Няўмяржыцкая з Мазыра дзеліцца ідэямі складання і выкарыстання гульняў-настолак на ўроках літаратуры і ў пазаўрочны час.
Асаблівую цікавасць да вывучэння разнажанравай літаратуры выклікае складанне настольных гульняў-вандровак на ўроках літаратуры і ў пазаўрочны час. Пасля завяршэння вывучэння раздзела па творчасці таго ці іншага пісьменніка можна прапанаваць вучням скласці настольную гульню-вандроўку. Для яе стварэння, а потым і выкарыстання вучням неабходна дасканала ведаць увесь вывучаны матэрыял і не толькі. Неабходна адабраць і прааналізаваць шмат дадатковай інфармацыі, карыстаючыся ўсемагчымымі інфармацыйнымі крыніцамі: артыкуламі з газет і часопісаў, энцыклапедыямі, даведнікамі, інтэрнэт-рэсурсамі і інш. Адабраўшы найбольш цікавую і змястоўную інфармацыю з жыцця і творчасці пісьменніка, вучні разам абмяркуюць магчымасці кампанавання матэрыялу ў выглядзе разнастайных заданняў да гульні: прачытаць на памяць верш ці ўрывак з прозы пісьменніка; назваць афарызмы, крылатыя выразы пісьменніка; паведаміць пра цікавы выпадак з жыцця пісьменніка; праспяваць песню на верш аўтара; інсцэніраваць эпізоды твора; адказаць на пытанні; скласці стужку часу па жыццёвым і творчым шляху пісьменніка і інш.
Не менш адказным момантам з’яўляецца стварэнне гульнявога поля. Так, вучнямі 8 класа была створана настольная гульня “Вандроўка па біяграфіі і творчасці Янкі Купалы”. Для гэтага яны выкарыстоўвалі электронныя шаблоны анлайн-сэрвісу canva.com. Тут вялікі выбар каляровых загатовак. Ёсць магчымасць дабаўляць уласныя вокны з тэкстам, малюнкамі, спасылкамі на інтэрнэт-рэсурсы, так што з лёгкасцю можна распрацаваць гульню-вандроўку пад сябе. Такім чынам, вучні самастойна прадумваюць дызайн гульні.
Гульня “Вандроўка па біяграфіі і творчасці Янкі Купалы” змяшчае заданні на веданне зместу песень на вершы паэта і дапоўнена QR-кодамі на відэа з выкананнем песень знакамітымі беларускімі спевакамі. Гэта дае магчымасць непасрэдна апынуцца ў атмасферы творчасці. Прадугледжаны і іншыя заданні: адказаць на пытанні, назваць афарызмы класіка. Гульня дапаўняецца фотаздымкамі з выявамі паэта і малюнкамі да яго твораў.
Наступнай, не менш адказнай задачай з’яўляецца распрацоўка правіл гульні, яе апісанне. Створаную гульню можна спампаваць і раздрукаваць. Для гульні спатрэбяцца фігуркі па колькасці ўдзельнікаў, каб фіксаваць іх ход, а таксама кубік і карткі з заданнямі.
У гульні можа прымаць удзел ад 2—4 чалавек да 2—4 каманд да васьмі гульцоў у кожнай. Гульцы ці капітаны каманд па чарзе кідаюць кубік, пачынаючы са старту, прасоўваюць сваю фігурку на гульнявым полі на столькі хадоў, колькі выпала на кубіку (магчыма ад аднаго да шасці). Трапіў на зону зялёнага колеру — стой. Пры пападанні на зоны іншага колеру неабходна выканаць адпаведнае заданне, вынесенае на “Асаблівых палях”, дзе кожны колер мае сваё значэнне:
- жоўты колер азначае, што трэба перайсці па стрэлцы наперад;
- чырвоны — вярнуцца па стрэлцы назад;
- фіялетавы — выканаць творчае заданне: расказаць верш, праспяваць песню, назваць афарызм (матэрыялы дадаюцца да гульні);
- сіні колер — адказаць на пытанне на картцы (дадаецца 30 картак з пытаннямі).
Карткі з пытаннямі гульцы могуць выбіраць самастойна або яны могуць быць выбраны сапернікам у рандомным парадку ці камандай сапернікаў у выпадку каманднай гульні. Гульня можа праходзіць пад кіраваннем вядучага, які будзе зачытваць заданні, сачыць за ходам гульні і выкананнем яе правіл. Пераможцам лічыцца той, хто першым дайшоў да фінішу.
Гульня-вандроўка займае ад 20 да 30 мінут. Яе мэтазгодна выкарыстоўваць на абагульняючых уроках па творчасці пісьменніка ці на пазакласных мерапрыемствах, прысвечаных тыдню беларускай мовы і літаратуры і інш.
Настольная гульня-вандроўка дазваляе перамясціцца ў цудоўны свет літаратурнай спадчыны знакамітых пісьменнікаў Беларусі, дапамагае вучням узнавіць у памяці і замацаваць веды пра жыццё і творчасць аўтара, які вывучаецца. Адначасова гульня — гэта спаборніцтва за тытул лепшага знаўца біяграфіі і творчасці літаратурных дзеячаў, таму яна з лёгкасцю можа выкарыстоўвацца ў якасці дыдактычнага матэрыялу да ўрока беларускай літаратуры ці пры правядзенні факультатыўных заняткаў для вучняў 5—11 класаў. Падчас вандроўкі па гульнявым полі ўдзельнікаў чакае займальнае падарожжа з выкананнем разнастайных заданняў. Трэба быць хутчэй за сапернікаў. Такая гульня з’яўляецца сапраўдным мазгавым штурмам, гэта заўсёды выпрабаванне і трэніроўка асабістых якасцей і, безумоўна, больш якаснае засваенне ведаў па беларускай мове і літаратуры. Гульня-вандроўка па творчасці знакамітых пісьменнікаў спрыяе не толькі замацаванню ведаў вучняў па тэме, якая вывучаецца, але і развіццю іх літаратурна-творчых здольнасцей, самарэалізацыі і самаразвіццю асобы вучняў, садзейнічае развіццю ўвагі і кемлівасці.
Афарызмы Янкi Купалы
- Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе!
- Воля — сонейку роўня.
- Голы разбою не баіцца.
- Не шукай ты шчасця, долі на чужым, далёкім полі.
- Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца — засохне, адбяры ў чалавека зямлю — згіне.
- Канец свету там, дзе канец шчасцю людскому.
- Адным грошы самі ідуць у рукі, іншыя ж, і шукаючы, не знаходзяць. На ўсё трэба шчасце.
- Валасы доўгія, а розум кароткі.
- Заўсёды бяда бяду вядзе, але ніколі не трэба здавацца.
- Там добра, дзе нас няма.
- Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне.