Вершы пра Радзіму

Вершы пра Радзіму

Прапануем падборку вершаў пра Радзіму. 

 

 

 

Канстанцыя БУЙЛО

ЛЮБЛЮ…

Люблю наш край, старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла,

Дзе першы раз пазнала шчасце,

Слязу нядолі праліла.

 

Люблю народ наш беларускі,

Іх хаты ў зелені садоў,

Залочаные збожам нівы,

Шум нашых гаяў і лясоў.

 

Люблю раку, што свае воды

Імчыць ў няведамую даль,

І жоўтасць берагоў пяшчаных,

І яснасць чыстых яе хваль.

 

Люблю вясну, што ў кветкі, ў зелень

Прыстроіць цэлую зямлю;

На гнёздах буслаў клекатанне

І спеў жаўроначка люблю.

 

Люблю гарачу спеку лета

І буру летнюю з дажджом,

Як гром грыміць, а ў чорных хмарах

Маланка зігаціць агнём.

 

І восень сумную люблю я

І першы звон сярпоў і кос,

Як выйдуць жнеі збожа жаці,

А касары - на сенакос.

 

Люблю зіму з яе марозам,

Што вокны прыбярэ ў вузор,

І белы сьнег, што, усё пакрыўшы,

Ірдзіцца блескам ясных зор.

 

Люблю ў пагодную я ночку

Да позна на дварэ сядзець,

Слядзіць за зорачак дрыжаннем,

На месяц залаты глядзець.

 

Люблю, як сонейка заходзіць

І бераг хмаркі залаціць,

Вячорнага як голас звону

К нам з ветру хваляю ляціць.

 

І песню родную люблю я,

Што дзеўкі ў полі запяюць,

А тоны голасна над нівай

Пераліваюцца - плывуць.

 

Усё ў краю тым сэрцу міла,

Бо я люблю край родны мой,

Дзе з шчасцем першым я спазналась

І з гора першаю слязой.

 

Ларыса ГЕНІЮШ

***

Не згінай мяне, я не сагнуся,

Не баюся ні страхаў, ні зла.

Нездарма я з зямлі беларускай

Непахіснай сасною ўзрасла.

 

Напрасткі йду няходжанай сцежкаю,

Мудрасць продкаў у гарачай крыві,

Ні прад кім не схіляю паспешна

Крыху гордай сваёй галавы.

 

Абмінаю ўсю набрыдзь, што вокал,

Чалавечы мой блытае лёс.

Гляджу ўдаль, не маргнуўшы нат вокам.

Розум цемру праніжа наскрозь!

 

Ніна СЕГЛІНА

***

Белая Русь - Матуля мая!

Белай, бялюткай хусцінкай павязана,

Ціха стаіш каля весніц адна,

Чыстым льняным паяском падпяразана!

 

Сонейка ўдалеч за лес спаць пайшло,

Месячык срэбным ражком выплывае,

А Ты стаіш так ціхенька адна,

Дзетак сваіх на вячэру чакаеш!

 

Каб пасадзіць разам есці усіх,

Чыстай вадзіцы падаць ім напіцца,

Усіх надзяліць мацярынскім цяплом,

Коўдрай адзінай дасі ім накрыцца!

 

Ручачкай стомленай крэсціш усіх,

Ад ліхалецця сабой засланяеш!

Маці! Матулька! - Белая Русь!

Зязюлька мая, дарагая!

 

Дай абдыму, прыхілю да сябе,

Ручкі Твае пацалую.

Вось і прыйшла я - дачушка твая,

І не смуткуй, што я дзесьці вандрую!

 

Алесь Пісьмянкоў

Мы — беларусы

 

А мы з братам беларусы,

Любім край свой родны.

Кажуць, продак быў наш русы,

Мужны і лагодны.

Быў ён сейбіт і араты,

Выстаяў у сечах.

Радавод складаем з татам

Мы амаль штовечар.

Пра яго пісаў Купала,

Калі зваў змагацца,

Продак наш зрабіў нямала,

Каб людзьмі нам звацца.