“Кніга пра мяне”, або “постнацыянальныя” рэсэнтымэнты кібіца- інтэлектуала

20.01.2024
“Кніга пра мяне”, або “постнацыянальныя” рэсэнтымэнты кібіца- інтэлектуала
Тэкст быў упершыню надрукаваны ў часопісе “Дзеяслоў” (№67-2014) зь некаторымі скрачэньнямі рэдакцыі ў афіцыйным правапісе. Тут тэкст падаецца цалкам, на тарашкевіцы.
 
Пётра Садоўскі
 
Прапанаваны тэкст – пашыраны пераказ маёй нямецкамоўнай рэцэнзіі для нямецкага чытача на кнігу Валянціна Акудовіча“Код адсутнасьці. Спроба зразумець Беларусь”(з аўтарызаванай расійскамоўнай вэрсіі). Пераклад выйшаў ў 2013 г. ў нямецкім выдавецтве “Зуркамп”.
Рэцэнзія напісана для часопіса WOSTOK (Берлін).
Выдавецкая анатацыя: Valentin Akudowitsch „Der Abwesenheitscode. Versuch, Weißrussland
zu verstehen“. Edition Suhrkamp SV. Aus dem Russischen von Volker Weichsel. Mit einem Nachwort
von Martin Polack. Deutsche Erstausgabe, Berlin 2013. 204 Seiten.
Некалькі ўступных заўвагаў для беларускага чытача
Тэкст для чытаньня нялёгкі, пісаны ў жанры нямецкага навукова-папулярнага эсэ, з
сэмантычнымі і стылёвымі перападамі, па-нямецку і для немцаў. Ёсьць шмат рэаліяў, якія
сярэднім беларусам “з ходу” могуць і не прачытацца, што зусім натуральна. У такіх выпадках
даюцца тлумачэньні – у зносках ці ў тэксьце. Розныя разьдзелы маюць розную стылістыку.
Напрыклад, пра беларускую “партызанку” напісана папулярна, пра эвангельскую гермэнэўтыку
– больш складана.
Загаловак немцы адразу “расшыфруюць”, для нашых даю тлумачэньне:
Рэсэнтымэнт, з псыхааналізу (ад фр. затоеная злосьць, прыкрасьць, падсьвядомая трывога). Для
сучаснага нямецкага “більдунгсбюргера” гэтае слова, якое бярэ свае вытокі з псіхааналітыкі Ніцшэ, добра вядомае.
Ім абазначаюць пачуцьцё варожасьці ці непрыязнасьці да каго-небудзь ці чаго-небудзь, што пэўная асоба лічыць
прычынай сваёй іншасьці, сваёй слабасьці, баязьлівасьці, непаўнавартаснасьці, уяўнага ці матываванага сораму,
стараецца знайсьці апраўданьне сваім учынкам і г. д. У выніку суб’ект стварае сістэму сваіх унутраных
каштоўнасьцяў, якія дапамагаюць (часта ўяўна) пазбавіцца ад уласных комплексаў праз крытыку сваіх апанэнтаў.
Крытыкуючы апанэнтаў, суб’ект вельмі часта падсьвядома сублімуе свае комплексы ў сістэму маралі, у якую сам
пачынае верыць і даводзіць сябе нават да стану ідыясінкразіі адносна сваіх апанэнтаў
Кібіц ( Kiebitz) -- балотная птушка кнігаўка; таксама -- “назіральнік за картачнай гульнёй”.У нямецкай
назве рэцэнзіі (“Das Buch über mich”, oder “postnationale” Ressentiments eines kiebitzenden Intellektuellen) ключавым
– паводле прычынна-выніковых сувязяў і генеалогіі маралі – зьяўляецца азначэньне “kiebitzend” (той, хто толькі
назірае, правакуе, рэзаніруе, папярэджвае, прыцягвае ўвагу, дае парады ды хаваецца ад магчымай небясьпекі),
утворанае ад дзеяслова “kiebitzen”. Нямецкі картачны “кібіц” – у адрозненьне, напрыклад ад польскага
брытагаловага футбольнага заўзятара-кібіца з шалікам і піўной пляшкай -- навязьлівы пустацікавец за сьпінамі
картачных гульцоў, што заўсёды па часе мае розум: “Я ж казаў, што трэба было з хрэсьці хадзіць ...” . Калі-
небудзь праз таемную змову “кібіц” сістэмай умоўных знакаў можа паказваць аднаму з гульцоў карты ягонага
візаві. Праз гэта ён рызыкуе апынуцца ў прыкрай сітуацыі.
Мэтафарычная постаць Акудовіча-кібіца ўзнікла ў маім уяўленьні пасьля прачытаньня
ягоных эсэ, змешчаных у ARCHE, “Дзеяслове”, беларускім варыянце “Коду адсутнасьці” і ў
нямецкім перакладзе, дзе ён малюе свой “партрэт у натоўпе”. Ва ўсіх пяці тэкстах ён узгадвае,
як ён “упершыню ўбачыў Пазьняка, ускараскаўшыся на плечы сябра паэта Леаніда Дранько-
Майсюка”, падчас разгону Дзядоў каля Маскоўскіх могілак, калі амапаўцы труцілі фронтаўцаў
“Чаромхай” ... ( У нямецкім варыянце прозьвішча паэта не называецца, што ўвогуле зусім
лягічна). Тут жа назіральны талент аўтара па-філязофску абагульняе сваё прадчуваньне хімэры
адраджэнскага руху: “... Не на добры лад уразіла, што падчас публічных прамоваў ён (Пазьняк –
ПС) зашмат “акцёрстваваў”, раз-пораз карыстаючыся рытарычнымі прыёмамі, вынайдзенымі
схаластамі яшчэ ў антычнай Грэцыі. З гэтага атрымлівалася, што Пазьняк казаў праўду так,
быццам хлусіў ... “.
З гэтага пасажу відаць, што аўтар сапраўды піша кнігу пра сябе. Каму яшчэ магло
прыйсьці ў голаў, што схалясты існавалі ўжо ў антычнай Грэцыі . Да такога можна прыйсьці толькі зь лекалам рашучай дэканструкцыі панятку схалястыка, дайшоўшы да позьняй
антычнасьці, дзе можна сапраўды шукаць вытокі сярэдневечнага філязофскага багаслоўя.
 
Чаму напісаўся гэты тэкст?
Канешне, мне было б больш прыемна пісаць сонечныя тэксты пра добрых людзей ці
перакладаць нешта зь нямецкіх мысьляроў. Гэты ж мой тэкст – крытычнае (традыцыйнае)
прачытаньне ня толькі ўзгаданага нямецкага перакладу кніжкі Валянціна Акудовіча, але і
спроба паглядзець на зьяўленьне падобных “тэкстаў” як на фэномэн траўмаванай беларускай
нацыянальнай сьвядомасьці, што імкнецца ўпісацца ў эўрапэйскі кантэкст. Ва ўмовах
антынацыянальнага аўтарытарызму шмат хто з так званых лібэральных інтэлектуалаў, хто ня
мае “прымардыяльнай1 прышчэпкі”, паціху зьведваюць мутацыю каштоўнасьцяў, якая сягае ў
гушчар дзялянак, зарослых мадэрным разнатраўем ўперамежку з старымі антыбеларускімі
стэрэатыпамі..
Гістарычная анэксія нашай зямлі паступова пераходзіць у актуальную акупацыю. Ня
толькі ў эканамічную, але і ў каштоўнасна-духоўную. Не без уплыву расейскай эканамічнай і
культурнай экспансіі людзі трацяць арыентыры і разуменьне зьмены парадыгмаў існаваньня,
развучыліся чытаць “тэксты інтэрпрэтацыяў рэчаіснасьці”. Зьнешне бачнае, кідкае – у жыцьці і
ў мастацтве – пачынае падмяняць сутнасьць, сэмантыку. Законы шоў-бізнэсу пачынаюць
перамагаць людзкасьць у мастацтве і масмэдыях.
Наш вядомы мастак і літаратар Артур Клінаў, які ня раз засьведчыў сваю
заангажаванасьць уласнымі авангарднымі праектамі, кажа: “У наш час... посьпех залежыць не
толькі ад мастака і ад яго твора, хутчэй ён вызначаецца тым, што вакол гэтага твора
адбываецца, ад узроўню лабіраваньня і гульні інтарэсаў, якія стаяць за тым ці іншым аўтарам.
Сучаснае мастацтва працуе па тых жа правілах, што і сусьветны рынак: ідзе жорсткая
канкурэнцыя і ніхто, захапіўшы нейкую тэрыторыю, уласнае месца добраахвотна нікому не
саступіць”. (З інтэрвію пасьля Венэцыянскага біенале). З гэтым нельга не пагадзіцца.
Мне цяжка зразумець, якія дэманы натхняюць некаторых нашых айчынных аўтараў
складаць “тэксты”, што ўяляюць сабою своеасаблівую гульню ў пэрліны, дзе аўтары з свайго
сёньняшняга бясьпечнага мадэрнага далёка, як бы з добрымі намерамі, бліскучай паверхняй
шарыкаў “бязьлітасна” высьвечваюць нашую мінуўшчыну, вінавацячы нашых папярэднікаў –
больш ці менш ахвярных, больш ці менш шчасьлівых -- што яны нешта ня так зразумелі, нешта
ня так зрабілі, не павесіліся, не застрэліліся, а проста выжывалі ... Янка Купала некалі казаў:
I прыйдзе новых пакаленняў
На наша месца грамада
Судзіці суд, ці мы сумленна
Жыццё прайшлі, ці чарада
Зняваг мінулых нас не з'ела,
Пакінуўшы свой дым і чад,
I мы па-даўняму нясмела
Жылі не ўлад і неўпапад?
Каб любіць Беларусь нашу мілую, ... яе трэба проста любіць.
Валянцін Акудовіч для мяне – асоба трагікамічная, і як мне здаецца, ня вельмі
шчасьлівая. Бо сузіраньне ягонае – мітусьлівае, сабранае з разнатраўя другога укосу, -- чужых
рамак і вымысьленых спарудаў уласнай канструкцыі, якія дазваляюць вандраваць па чужых
дзялянках бясьпечнай інтэлектуальнай утульнасьці. Але гэта – шчасьце Агасфэра.