![](https://nastaunik.eu/sites/default/files/styles/main_news/public/news/image/emacyyny_intelekt_i_aykyu_2.png?itok=EleoiLis)
Справа не ў вашым IQ, а ў тым,
як вы кіруеце сабой і сваімі адносінамі з іншымі.
Дэніэл Гоўлман
Эмацыйны інтэлект (Emotional Intelligence/ Emotional Quotient) – гэта здольнасць распазнаваць эмоцыі, намеры, матывацыю, свае жаданні і жаданні іншых людзей і свядома карыстацца гэтым. Людзі, якія валодаюць дадзеным навыкам могуць суперажываць іншаму чалавеку, умеюць хутчэй дамаўляцца з суразмоўцам, правільна рэагуюць на негатыўныя сітуацыі і больш упэўнена дасягаюць сваіх мэт.
Паняцце «эмацыйны інтэлект» узнікла ў 1995 годзе дзякуючы даследаванню амерыканскага навукоўца Дэніэла Гоўлмана. У сваіх работах аўтар даказвае, што ў людзей з развітым эмацыйным інтэлектам больш устойлівы псіхічны стан, лепшая эфектыўнасць працы і яны дэманструюць лідэрскія навыкі. Ён падкрэслівае, што поспех на 85% залежыць ад развіцця эмацыйнага інтэлекту і іншых soft skills, гэта значыць "гнуткіх ці сацыяльных" навыкаў, да якіх адносяцца эмацыйны інтэлект, уменне мець зносіны, здольнасць выбудоўваць міжасобасныя адносіны, уменне кіраваць іншымі людзьмі, навык працаваць у камандзе, самаарганізацыя, самаматывацыя, стрэсаўстойлівасць, тайм-менеджмент і крытычнае мысленне.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што эмацыйны інтэлект – гэта адзін з ключавых навыкаў будучыні. У сувязі з гэтым узнікае цэлы шэраг цалкам заканамерных пытанняў: ці можна развіваць эмацыйны інтэлект у школе, якія вучэбныя прадметы садзейнічаюць найбольш эфектыўнаму дасягненню гэтай мэты, з якога ўзросту трэба пачынаць і якія формы работы з'яўляюцца найбольш прымальнымі? Безумоўна, пачынаць развіваць эмацыйны інтэлект дзіцяці неабходна з першых дзён яго жыцця, а менавіта з асэнсаванага ўспрымання навакольнага свету і сваёй ролі ў ім. Працэс развіцця эмацыйнага інтэлекту – гэта працэс выхавання асобы чалавека. А так як навучанне і выхаванне не могуць існаваць паасобку, то на кожным вучэбным прадмеце можна ствараць умовы для развіцця эмацыйнага інтэлекту вучняў. Формы работы і прыёмы, якія будзе прымяняць настаўнік могуць быць рознымі. Пры гэтым неабходна ўлічваць узрост, інтарэсы і асаблівасці характару вучняў.
Акрамя гэтага мы павінны ўлічваць той факт, што дзіцяці неабходна аказваць дапамогу ў сацыялізацыі, у развіцці яго пазнавальных інтарэсаў, мыслення і далягляду. Простымі словамі, мы вучым дзяцей спраўляцца з рашэннем канкрэтнай задачы найбольш эфектыўным спосабам з захаваннем нормаў ветлівасці і прынцыпаў агульначалавечых каштоўнасцей.
Важна: Педагог не можа навучыць іншага таму, чым не валодае сам. Таму і мы, настаўнікі, павінны час ад часу правяраць свае веды, павышаць свой прафесійны ўзровень не толькі ў спецыфічнай адукацыйнай сферы, але і ў ступені развіцця нашага эмацыйнага інтэлекту.
На сённяшні дзень псіхолагамі распрацаваны цэлы шэраг розных тэстаў на праверку сфармаванасці эмацыйнага інтэлекту. Адзін з самых простых і не затратных па часе – тэст Пола Экмана, амерыканскага псіхолага, прафесара Каліфарнійскага ўніверсітэта, спецыяліста ў галіне міжасабовых зносін, кансультанта тэлесерыяла “Падмані мяне” – https://www.paulekman.com/quizzes/whats-that-facial-expression-test-quiz/
Крыніца фота: https://x.com/PaulEkman/status/
На ўроках мовы, літаратуры, замежнай мовы і на выхаваўчых занятках адным з самых эфектыўных сродкаў, якія працуюць на развіццё эмацыйнага інтэлекту вучняў, з’яўляецца работа з кароткім відэа (гэта могуць быць мультыплікацыйныя фільмы, рэкламныя ролікі ці сацыяльная рэклама), фотаздымкамі, мемамі, ці любым іншым медыякантэнтам, у якім можна разгледзець кейс на развіццё эмацыйнага інтэлекту.
Алгарытм работы з відэакантэнтам:
- на этапе перад праглядам варта паўтарыць прыметнікі, якія апісваюць эмоцыі і пачуцці. Гэта можна зрабіць з дапамогай гульні «Кракадзіл» (адзін вучань моўчкі паказвае эмоцыю, астатнія адгадваюць слова). Іншы варыянт – загадаць эмоцыю іншымі словамі ці апісаць сітуацыю, якая можа вызваць такую эмоцыю.
- падчас прагляду неабходна рабіць паўзы і каментаваць эмоцыі персанажаў, робячы акцэнт на апісанні вачэй персанажаў, на тым, што можна зразумець па іх выразе, нават без слоў, на жэстах герояў і на прычынна-выніковых сувязях, якія выклікалі дадзеныя эмоцыі.
Практыкаванне “Піп” https://youtu.be/VYYYd2lhzwY?feature=shared
Прыблізныя пытанні, якія можа задаць настаўнік падчас прагляду:
- Апішыце шчаня (знешнасць, настрой, з якім яно ідзе на тэрыторыю школы). Чаму вы так лічыце?
- Што гэта за школа? Хто там вучыцца? Якая іх мэта? Каму яны прыносяць карысць?
- 0.40-0.44 Што наш герой бачыць на сцяне? Як вы лічыце, пра што ён думае?
- Пракаментуйце сітуацыю з мернай планкай. Якую выснову пра характар галоўнага героя мы можам зрабіць? Як змяняліся яго эмоцыі падчас гэтага “выпрабавання”?
- 1.05-1.39 Як паводзіць сябе галоўны герой у класе, на практычных занятках, у час прыняцця ежы? Ці ўсё ў яго атрымоўваецца? Чаму?
- 1.40-1.48 З якімі думкамі прыйшоў герой да фотаздымкаў? Як змяніўся яго настрой? Што можна “прачытаць” у яго вачах?
- Што змянілася пасля гэтага? Пракаментуйце сітуацыю к “падстаўкай” з кніг? (1.55) Ці ёсць у гэтым сімвалічны сэнс? Як змяніўся эмацыйны настрой героя?
- З якім настроем наш герой прыйшоў на экзамен? Спрагназуйце вынік. Чаму вы так лічыце?
- Што паўплывала на правал? Чаму?
- 2.32-2.54 Пракаментуйце эмоцыі героя
- 2.55-3.20 Пракаментуйце сітуацыю. Якую выснову пра характар героя можна зрабіць?
- 3.30-3.36 Пракаментуйце дзеянні дырэктара? Чаму ён так зрабіў? Што можна “прачытаць” у яго вачах?
- Якія эмоцыі ў галоўнага героя ў канцы мультфільма?
- У які момант вы больш за ўсё суперажывалі герою? Чаму?
- Якія ўражанні ў вас пасля прагляду мультфільма? Якія галоўная думка мультфільма?
Настаўнік можа скарэктаваць пытанні, улічваючы ўзрост вучняў. Дадзенае практыкаванне можна рэкамендаваць для ўрокаў літаратуры ў пачатковай школе, замежнай мовы ў сярэдняй і старэйшай, а таксама для выхаваўчых занятках у розных класах. Нават можна якасна правесці практыкаванне з дарослай аўдыторыяй.
Алгарытм работы з фотаздымкам:
- на падрыхтоўчым этапе пажадана ўзгадаць прыметнікі, якія апісваюць эмоцыі і пачуцці, прыдумаць для іх сінонімы/ антонімы, загадаць і патлумачыць эмоцыю іншымі словамі, не ўжываючы аднакарэнных слоў, прадэманстраваць эмоцыю без слоў.
- на аперацыйна-дзейнасным этапе работы можна ўзяць фотаздымкі людзей з яўна выражаным эмацыйным станам (радасць, сум, шкадаванне, раздражненне, спалох, здзіўленне, хваляванне, неспакой, пачуццё няўпэўненасці і г.д.) і паспрабаваць "агучыць" персанажаў. Самы просты варыянт – набор эмадзі:
У залежнасці ад узросту дзяцей і мэты практыкавання можна прапанаваць суаднесці эмадзі з назвамі эмоцый ці падпісаць кожную эмоцыю так, як адчуваюць вучні. Вельмі часта дзеці і дарослыя выкарыстоўваюць эмадзі пры прыватных перапісках у мэсэнджэрах. Таму падаецца цікавай ідэя прапанаваць дзецям стварыць кавалак перапіскі для рэальнай жыццёвай сітуацыі і дадаць туды неабходныя эмадзі.
Прыклад фотаздымка, па якім можна “агучыць” персанажаў
Перш за ўсё можна спрагназаваць сітуацыю, хто гэтыя людзі адзін аднаму, чаму яны зараз разам, хто яны па прафесіі (чаму?), якую сітуацыю яны абмяркоўваюць? Потым неабходна перайсці да апісання іх эмацыйнага стану і аргументаванага абгрунтавання. Безумоўна, яны абмяркоўваюць нейкую праблему. Што гэта за праблема? У каго яна ўзнікла? Што субяседнікі могуць параіць зрабіць, каб вырашыць гэту праблему?
Дадзенае практыкаванне дазваляе вучням ідэнтыфікаваць розныя чалавечыя эмоцыі, суперажываць іх жыццёвым сітуацыям, гэта значыць вучыцца эмпатыі.
Можна развіваць здагадку вучняў праз пытанні аб тым, што адбудзецца праз некалькі секунд.
Важна: Для такіх практыкаванняў пажадана браць фотаздымкі, якія маюць рэальную гісторыю.
16 красавіка 2019 года была сфатаграфавана шчаслівая сям’я перад будынкам Парыжскага сабора Нотр-Дам за гадзіну да пачатку пажару. Таму цікавым заданнем можа атрымацца прапанова настаўніка апісаць эмоцыі людзей на фотаздымку, а пасля гэтага спрагназаваць, што адбудзецца на гэтым месцы праз гадзіну. Як правіла, дзецям вельмі падабаецца такое практыкаванне. Акрамя развіцця эмпатыі, нам вельмі важна ўдасканальваць камунікатыўныя навыкі, і такая форма работы з'яўляецца вельмі эфектыўным сродкам для дасягнення гэтай мэты.
Пры дапамозе фота мы спрабуем апісаць не толькі персанажаў, якія аказваюцца ў сумных, кранальных, пацешных сітуацыях, але і агучваем уласныя эмоцыі, разважаем над гісторыяй герояў, над сэнсам усёй гісторыі, і тым самым развіваем здольнасць да эмпатыі. Карысна часам бывае ўявіць сябе на месцы персанажаў і, такім чынам, лепш іх зразумець.