
ДЗЕЙНАСЦЬ БЕЛАРУСКАЙ ШКОЛЫ Ў ЗАМЕЖЖЫ
Алесь Лозка
Алесь Лозка
11 жніўня 2024 г.
Гісторыя развіцця і дзейнасці беларускіх школ у замежжы адлюстроўвае іх разнастайнасць у формах і змесце навучання і значнасць у падтрыманні нацыянальнай ідэнтычнасці нашых суайчыннікаў.
Першай школай і настаўнікам для беларусаў трэба лічыць Францыска Скарыну, які пачынаў сваю выдавецкую і асветніцкую дзейнасць за мяжою. Першая кніга сярод усходніх славян на старабеларускай мове (Прага, 1517, 6 жніўня) – гэта “Бивлиꙗ рɣска выложена докторомъ Францискомъ Скориною из славнаго града Полоцька, Богɣ ко чти и людемъ посполитымъ к добромɣ наɣчению” [1].
А вось станаўленне роднамоўнага школьніцтва за межамі сучаснай Беларусі адносіцца да перыяду Першай сусветнай вайны. Так, 13 лістапада 1915 года намаганнямі Баляслава Пачопкі і Алаізы Пашкевіч у Вільні была адкрыта першая пачатковая беларуская школа. Затым недзе праз год паўстаюць падобныя ўстановы і ў Беларусі. У 1919 г., дзякуючы Івану Луцкевічу, Браніславу Тарашкевічу і інш., адкрываецца і Віленская беларуская гімназія, дзе ўжо з 1924 г. усе прадметы выкладаюцца па-беларуску. Толькі з прыходам савецкай улады ў 1944 г. яна вымушана зачыніцца.
Важным этапам у развіцці адукацыі з’яўляецца дзейнасць Таварыства беларускай школы ў Заходняй Беларусі (1921-1936), што паўплывала ў цэлым на нацыянальную асвету. Да 1939 г. там было ўжо зачынена 500 школ, у тым ліку гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, Вільні (стала беларускім філіялам польскай гімназіі). Пачалі адкрывацца і школы ў Латвіі, калі ў 1921 г. пры Міністэрстве адукацыі быў створаны беларускі аддзел, а ў Дзвінску (Даўгаўпілс) і Люцыне (Лудза) дзейнічалі летнія курсы беларусаведаў. Ужо ў наступным годзе адкрываецца Дзвінская дзяржаўная беларуская гімназія, а з 1923 г. працуе Люцынская дзяржаўная беларуская гімназія, якая мела чатыры класы (80—85 вучняў). У 20 гадах у Латвіі навучаліся беларусы амаль у 50 пачатковых школах, якіх потым да 1945 г. не стала ніводнай.
Другая сусветная вайна спарадзіла трэцюю масавую хвалю ўнутранай і знешняй міграцыі (у Нямеччыне і Аўстрыі каля 500 тыс., на ўсходзе СССР каля 1,5 млн і інш.). І з 1945 г. у беларускіх лагерах перамешчаных асоб адкрываліся дзіцячыя сады, пачатковыя школы, гімназіі, курсы, у тым ліку Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя Максіма Багдановіча (Ватэнштэт, 1945-50), імя Усевалада Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947-49), у Остэргофене (1947-49). У школах выкладалася беларуская і нямецкая мовы, матэматыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, а таксама былі заняткі па эстэтычнаму і фізічнаму выхаванню. У пачатку 1950-х ствараліся суботнія і нядзельныя школы ў многіх гарадах ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, а таксама школьныя фонды, якія рыхтавалі навучальную літаратуру [2].
Асобную групу складаюць установы, якія па-сутнасці існавалі на сталай аснове. У Польшчы за кошт дзяржаўнага бюджэту для прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці арганізавана вывучэнне беларускай мовы і іншых прадметаў да 5 гадзін у тыдзень, пачынаючы ад дзіцячых садоў да ўніверсітэта. Больш у школах навучалася ў 1968 г. – 12 504 вучні. У 2020 г. функцыянавала 2 дзіцячыя сады, 25 пачатковых школ і 2 ліцэі, дзе 2 729 дзяцей навучаліся па-беларуску. Штогод колькасць вучняў зніжаецца. Найбольш вядомыя – Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Б. Тарашкевіча ў Бельску Падляскім, з 1944, 424 вучні; Агульнаадукацыйны ліцэй з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы, з 1949 г. У гэтым шэрагу – Віленская гімназія імя Францішка Скарыны, заснавана ў 1994 г., статус гімназіі атрымала ў 2013 г., 12-гадовае навучанне; а таксама Рыжская беларуская школа, 1994 – 2024; Нядзельная школа беларускай культуры імя Уладзіміра Караткевіча ў Таліне, з 2010 г.; Нядзельная беларуская школка ў Празе, з 2013 г.
Новая хваля палітычнай эміграцыі ў сувязі з гуманітарным крызісам у Беларусі і вайною ва Украіне выклікала адкрыццё новых адукацыйных пляцовак. З 2020 г. адлічвае гісторыю Першая беларуская анлайн-школа ва Украіне. Вывучаюцца прадметы ўкраінскай школы на рускай мове, а таксама (па суботах) беларуская мова і літаратура, гісторыя Беларусі, культура Беларусі, інфармацыйныя тэхналогіі, урокі дабра ад Маляваныча па-беларуску. Выпускнікі атрымліваюць атэстат дзяржаўнага ўзору Украіны. Навучаюцца дзеці 4 – 10 класаў на базе кіеўскай прыватнай школы «Мідгард». Больш 50 вучняў з 15 краін. Навучанне платнае. Часам заняткі праводзяцца і з бомбасховішчаў.
Самая вялікая і ўнікальная адукацыйная пляцоўка – Беларуская школа ў Варшаве (БШВ), якая адразу стала міжнароднай па ахопу прадстаўнікоў беларусаў, што ў ёй навучаюцца. БШВ пад нашым кіраўніцтвам пачала сваю дзейнасць з верасня 2022 года як афлайн- і анлайн адукацыйная прастора. Яе вучнямі становяцца дзеці, якія атрымліваюць веды па асноўных прадметах ва ўстановах краіны пражывання, а па прадметах беларускага кампанента (роднай мове і літаратуры, гісторыі і культуры Беларусі і інш.), якіх няма ў праграмах замежных школ, на дадатковых занятках у БШВ. Тут таксама можна наведваць мастацкія гурткі і кансультацыі па іншых прадметах.
Беларуская школа за мяжою мае свае філіі ці партнёраў у Беластоку, Варшаве, Гданьску і Кракаве (Польшча), Батумі і Тбілісі (Грузія), Вільні (Літва), а ў анлайн-філіі займаюцца дзеці беларусаў з 27 краін свету. На 2023-2024 навучальны год у школу было пададзена больш паўтысячы заяў. За два гады прайшлі навучанне дзеці з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Албаніі, Англіі, Балгарыі, Беларусі, Германіі, Грузіі, ЗША, Ірана, Ірландыі, Іспаніі, Італіі, Канады, Кіпра, Латвіі, Літвы, Малдовы, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Турцыі, Украіны, Францыі, Чарнагорыі, Чэхіі, Швецыі, Японіі. Анлайн-заняткі ў 1- 10 класах праводзяцца па два ўрокі два разы на тыдзень у 17 класа-камплектах. Расклад у паралельных класах прадугледжвае наяўнасць варыянтаў выбару згодна з часавым поясам пражывання навучэнца. Аплата ад бацькоў не патрабуецца. Кожны клас мае свой чат. Для адбору лепшых настаўнікаў (вопыт, нямала спецыялістаў з прафесійнымі катэгорыямі і нават вучонымі званнямі) стварылася ўнушальная база. Выкарыстальная практычна напрацаваная прадметна-класавая сістэма навучання вызначаецца прафесійнасцю, якая ўпарадкоўвае і сістэматызуе веды вучняў, не дае падставы адставання ад аднагодкаў у беларускіх школах.
Па сваіх сістэмах працуюць іншыя адукацыйныя пляцоўкі, пераважна як не фармальнае, дадатковае навучанне, гурткавое, прадмет ці тэматыка яго прапануецца на выбар. У некаторых з іх маюцца добрыя напрацоўкі, уласныя дапаможнікі.
З 2021 г. працуе Беларуская школка ў Вільні (122 навучэнцы), а таксама Тбіліская “Буслік Хаб” (52 нав.), Батумская “Аксяродак.школка” (70 нав.), ва Уроцлаве (каля 40 нав.), у Львове, у Вялікай Брытаніі пры Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францыска Скарыны (Фінчлі, паўночны раён Лондана), “Ліхтарык” беларускай дыяспары ЗША (Паўночная Караліна) і інш. У Варшаве, акрамя БШВ, працуе некалькі разнастайных невялікіх адукацыйных пляцовак са сваімі адметнымі праграмамі: Беларуская школа і садок у Варшаве «Я дома», садок па сістэме Мантэсоры; Беларуская школка ў Варшаве пры школе 395, для дзецей грамадзян Польшчы; групы ў Цэнтры беларускай салідарнасці; школах Акадэміі добрай адукацыі (Варшаве, Гданьску, Познані). Гісторыя беларускай школы за мяжою сведчыць аб імкненні беларускай эміграцыі да развіцця адукацыі на роднай мове, падтрымання нацыянальнай ідэнтычнасці сваіх дзяцей.
1. Би́блия Франци́ска Скори́ны. Рэжым доступу: https://ru.wikipedia.org/wiki. Дата
доступу: 16.08.2024.
2. Беларуская школа за мяжой. Рэжым доступу: https://ru.wikipedia.org/wiki. Дата
доступу: 16.08.2024.
3. Першая Беларуская анлайн-школа ва Украіне. Рэжым доступу:
https://byschool.com.ua. Дата доступу: 16.08.2024.
У артыкуле праследжваецца гісторыя дзейнасці беларускай школы ў замежжы ад
19 стагоддзя да сучаснасці.
The article traces the history of the activity of the Belarusian school abroad from the 19th
century to the present.



