--Што такое грамадзянская адукацыя ў сучасным разуменні?
-- Грамадзянская адукацыя – гэта фармаванне грамадзян, здольных самастойна актыўна і адказна дзейнічаць на розных сацыяльных узроўнях дэмакратычнага грамадства.
-- Пакуль Беларусь цяжка назваць дэмакратычнай. Дык навошта рыхтаваць зараз маладых беларусаў для дэмакратычнага грамадства? Ці не лепш вучыць прыстасоўвацца?
-- Грамадзянская адукацыя – гэта адукацыя грамадзяніна сваёй краіны. Галоўнаю мэтаю сістэмы адукацыі любой краіны ёсць фармаванне грамадзяніна – патрыёта. Без гэтага немагчыма існаванне самой дзяржавы. Таму пасля 1991 году ва ўсіх постсавецкіх краінах адукацыя атрымала першачарговую замову ад дзяржавы: выканаць сацыякультурную місію фармавання нацыі. Гэтая місія выкананая толькі тады, калі існаванню этнасу (мовы, культуры, а за імі і дзяржаўнсці) нічога не пагражае. На жаль, нашая сістэма адукацыі далёкая ад гэтай місіі, пра што сведчаць вынікі сацыялагічных даследаванняў, паводле якіх больш за 75 % выпускнікоў сярэдніх і вышэйшых установаў мараць з’ехаць з Беларусі. Атрымліваецца, без патрыятычнага і грамадзянскага выхавання, без скіраванасці на нацыянальныя інтарэсы нашая адукацыя губляе сэнс. Яна накіравана на бясплатную падрыхтоўку кваліфікаваных маладых кадраў для іншых дзяржаваў, але ніякім чынам не спрыяе паляпшэнню становішча ў сябе дома. Таму перспектывы для краіны, дзе грамадзянская адукацыя не ёсць прыярытэтам, відавочныя.
-- Чым адрозніваецца грамадзянская адукацыя ад патрыятычнага выхавання? Навошта нам яшчэ адзін тэрмін «грамадзянская адукацыя»? Хіба гэта не адно і тое ж?
-- У шматлікіх таталітарных краінах Азіі і Афрыкі ўладатрымальнікі ўпэўненыя, што грамадзянская адукацыя мае галоўную задачу – фармаванне патрыятычных поглядаў. Але патрыятычнае выхаванне зводзіцца да ўзвышэння кіраўніцтва сваёй дзяржавы, апаведна, бяздарнасці суседзяў і пошуку вінаватых ва ўсім ворагаў. Дзеля гэтых мэтаў выкарыстоўваюцца інфармацыйныя сеткі, спорт, культурныя падзеі, перапісваецца гісторыя. Такую адукацыю нельга назваць грамадзянскай. Яна зводзіць чалавека да ролі вінціка ў дзяржаўнай машыне.
Грамадзянская адукацыя — не палітычная агітацыя, а падрыхтоўка да самастойнага жыцця. Яе задачы значна шырэйшыя: даць вучню неабходныя кожнаму чалавеку веды і ўменні, якія дапамагаюць яму арыентавацца ў жыцці, у свеце палітычных падзеяў, адстойваць свае інтарэсы ды бараніць правы ў розных сітуацыях, вызначаць формы і спосабы свайго ўдзелу ў жыцці грамадства. Грамадзянскія веды і навыкі дапамагаюць чалавеку вызначыцца, хто ён, грамадзянінам якой дзяржавы ён зяўляецца, якія задачы ён ставіць у жыцці. Галоўная мэта сапраўднага патрыятычнага выхавання — выхаванне асобы, якая будзе імкнуцца да самарэалiзацыi і паляпшэння свайго дабрабыту як складовай часткі дабрабыту сваёй Бацькаўшчыны. Толькі ў гэтым выпадку ідэі грамадзянскай адукацыі будуць садзейнічаць вырашэнню агульнанацыянальных задачаў. Праз сапраўдную грамадзянскую адукацыю чалавек становіцца патрыётам. На жаль, у беларускай школе ўсё больш грамадзянская адукацыя і патрыятычнае выхаванне падмяняюцца навязваннем “правільнай ідэалогіі”, прымусова ствараюцца псеўдапатрыятычныя арганізацыі, якія падмяняюць паняцце “патрыятызм”. Патрыятызм асацыюецца з бессэнсоўнымі ваеннымі гульнямі тыпу “Зарніца”, бясплатнымі дыскатэкамі, ільготамі для паслухмяных “правільных патрыётаў”і войнамі ХХ стагоддзя. Атрымліваецца, што “Канцэпцыя патрыятычнага выхавання моладзі ў Рэспубліцы Беларусь”, прынятая ў снежні 1997 году, не дзейнічае як належыць, — моладзь не ўспрыняла ані зместу, закладзенага ўладамі ў слова “патрыятызм”, ані састарэлых метадаў патрыятычнага выхавання. Задача педагогаў – вярнуць патрыятычнаму і грамадзянскаму выхаванню сапраўдны сэнс.
-- Што закладзена ў змест грамадзянскай адукацыі? Ці гэта павінен быць асобны школьны (універсітэцкі) прадмет?
-- Фрагменты зместу грамадзянскай адукацыі могуць выкладацца ў межах школьных курсаў гісторыі, літаратуры, “Чалавек. Грамадства. Дзяржава”, спецыяльных курсаў “Правы чалавека” і інш. Аднак змест і метады грамадзянскай адукацыі неаддзельныя. Методыкі працы з навучэнцамі, зарыентаваныя на разняволенне іхнага самастойнага творчага мыслення; на ўменне мысліць крытычна; на самастойны пошук аргументаў, ведаў і ўвогуле інфармацыі могуць выкарыстоўвацца як пры выкладанні розных школьных прадметаў, гэтак і ў пазашкольнай дзейнасці. Грамадзянская адукацыя складаецца з трох частак:
– ведаў пра грамадства і дэмакраьтычнае ўладкаванне дзяржавы;
– навыкаў (грамадзянскіх кампетэнцыяў) – уменняў карыстацца гэтымі ведамі;
– каштоўнасцей грамадства, якія ўваходзяць у кантэкст нацыянальнай культуры.
Калі адзін з гэтых трох складнікаў адсутнічае, то пра грамадзянскую адукацыю не можа быць і гаворкі. Джон Кенэдзі сфармуляваў сваю думку наступным чынам: “Неадукаванасць аднаго выбаршчыка аслабляе бяспеку цэлага грамадства”. Таму дэмакратычныя краіны пільна сочаць, каб кожны чалавек (вучань, студэнт, бацька навучэнца, проста жыхар), атрымаў тэарэтычную базу для грамадзянскага выхавання: веды па праву, эканоміцы, сацыялогіі псіхалогіі, а таксама ўмеў карыстацца свімі канстытуцыйнымі і законнымі правамі, пазнаёміўся з магчымасцямі розных методык самаарганізацыі і арганізавання людзей вакол сябе. Таму пры выкладанні любых прадметаў ужываюцца актыўныя і інтэрактыўныя методыкі, якія спрыяюць фармаванню актыўнага і адказнага грамадзяніна.
-- раскажыце пра грамадзянскія кампетэнцыі.
-- 5 груп базавых кампетэнцый, рэкамендаваных Саветам Еўропы для ацэнкі якасці адукацыі
Палітычныя і сацыяльныя кампетэнцыі: здольнасць браць на сябе адказнасць; удзельнічаць у сумесным прыняцці рашэнняў; рэгуляваць канфлікты негвалтоўным шляхам; удзельнічаць у функцыяванні і развіцці дэмакратычных інстытутаў; вызначаць формы і спосабы свайго ўдзелу ў жыцці грамадства
Камунікатыўныя (моўныя) кампетэнцыі: валоданне вуснай і пісьмовай камунікацыяй, важнай для працы і грамадскага жыцця; валоданне некалькімі замежнымі мовамі.
Інфармацыйныя кампетэнцыі: валоданне новымі тэхналогіямі, разуменне іх прымянення, іх сілы і слабасці; здольнасць крытычных адносінаў да інфармацыі, якую распаўсюджваюць СМІ, рэклама.
Кампетэнцыі, якія тычацца жыцця ў шматкультурным грамадстве: разуменне разнастайнасці свету; разуменне каштоўнасцi i захаванне ўласных культурных традыцый; павага да іншых поглядаў; здольнасць жыць з людзьмі іншых культур, моваў, рэлігій.
Кампетэнцыі, якія рэалізуюць здольнасці і жаданне вучыцца на працягу жыцця: уменне самастойна вучыцца, знаходзіць новыя рашэнні; уменне адаптавацца; прымаць на сябе адказнасць за паспяховасць на рынку працы.
-- Чаму б не пераняць лепшы замежны досвед, як у галіне методык, так і зместу грамадзянскай адукацыі? Навошта вынаходзіць веласіпед?
-- Дз. Ушынскі пісаў: “У кожнага народа свая сістэма выхавання. Вопыт іншых народаў народаў у справе выхавання з’яўляецца каштоўнай спадчынай для ўсіх, але дакладна ў тым жа сэнсе, як і вопыт сусветнай гісторыі належыць усім народам. Як нельга жыць па ўзору чужога народа, так і нельга выхоўваць па чужой педагагічнай сістэме, якой бы яна ні была прыгожай і добра прадуманай. Кожны народ у гэтых адносінах павінен мець натуральныя сілы”. (Ушинский К.Д. Педагогические сочинения. – М.,1988. – Т.2 с.163). Да гэтага прыйшлі і беларускія педагогі: “Мэты адукацыі – культурныя каштоўнасці, да якіх павінен будзе далучыцца чалавек. А гэтыя каштоўнасці маюць найперш нацыянальны характар. Шлях да сусветнай культуры магчымы толькі праз культуру нацыянальную.” (В.П. Шаўчэнка. Асноўны прынцып духоўна-маральнага выхавання школьнікаў.// Народная асвета 2005, №7, с. 3–6) Сапраўды, нашая сістэма адукацыі павінна служыць нашым нацыянальным інтарэсам – будаванню невялікай неамбіцыйнай немілітарызаванай дэмакратычнай дзяржавы, інтэграванай у еўрапейскую і сусветную эканамічную і культурную прастору. Таму і расійскія і амерыканскія методыкі і змест, калі яны не будуць адаптаваны да нашай нацыянальнай сістэмы выхавання, будуць толькі дэзарыентоўваць беларускіх вучняў. Асабліва ў галіне грамадзянскай адукацыі.
-- Што можа зрабіць настаўнік, каб данесці веды пра дэмакратыю да вучняў, бацькоў, калегаў?
-- Беларускія настаўнікі вельмі творчыя і адукаваныя. Яны ў любых умовах вынаходзяць розныя шляхі для выканання сваёй місіі – выхоўваць новае пакаленне сучаснымі дэмакратычнымі людзьмі. Напрыклад, у адной са школаў Берасцейшчыны педагог-псіхолаг арганізавала метадычны гурток для настаўнікаў. Пасля месяца працы гэтага гуртка ў яго былі гатовыя запісацца нават зацятыя скептыкі. Сакрэт быў у тым, што методыкі, паводле якіх адбывалася навучанне, дазвалялі не толькі засвойваць новыя веды без напружання, але і стваралі дэмакратычную добразычлівую атмасферу, дзякуючы якой настаўніцкі калектыў стаў колам сяброў. Гэта можа зрабіць кожны настаўнік на сваім уроку.
Формы дзейнасці могуць быць розныя. Вось пералік толькі невялікай часткі таго, што робяць удзельнікі праграмы «Настаўнк. Школа. Грамадства»: дыскусійны клуб для старшакласнікаў, выданне вясковай газеты, арганізацыя навучання для бацькоў, стварэнне клубаў па інтарэсах, краязнаўчыя вандроўкі, розныя сацыяльныя акцыі (напрыклад, дапамога таленавітым вясковым вучням у падрыхтоўцы да ўніверсітэцкіх іспытаў), стварэнне і распаўсюд уласных метадычных распрацовак (фільмў, аўтарскіх урокаў, кап’ютарных праграм), педагагічныя майстэрні, розныя формы грамадзянскай адукацыі для вучняў, калег і г.д.
-- А гурток саломапляцення можа быць формай грамазянскай адукацыі?
-- Зразумела, так. Але ў тым выпадку, калі гэты гурток не спыняецца на вывучэнні традыцыйнае народнае культуры, фальклору, рамёстваў. Мы не павінны ствараць рэзервацыю для ўсяго нацыянальнага ў сваёй краіне, адвёўшы ёй месца на задворках мінулага. Важна, каб нацыянальнае асацыявалася не толькі з мінулым, але і з сучаснасцю і будучыняй. Калі ў гуртку ствараюцца ўмовы, каб навучэнцы атрымлівалі гістарычныя веды, набывалі грамадзянскія кампетэнцыі, абмяркоўвалі важныя пытанні, вучыліся дамаўляцца, аналізаваць, – гурток безумоўна стане своеасаблівай школай грамадзянскай адукацыі.