Да выкарыстання беларускіх прыказак і прымавак у пачатковай школе

Туболец Святлана Рыгораўна,
выкладчык кафедры сацыяльна-педагагічнай работы, ВДУ імя П.М.Машэрава

Нацыянальная адукацыйная сістэма заклікана адрадзіць страчаныя духоўныя каштоўнасці беларускага народа. Беларусы павінны ганарыцца сваёй мовай, звычаямі, традыцыямі, дасягненнямі. Таму мы лічым неабходным звярнуцца да каштоўнасцей, захаваных беларускай народнай педагогікай.

Мудрасць народа зафіксавана, у прыватнасці, у прымаўках і прыказках, свайго роду скарбонках жыццёвага вопыту пакаленняў. Яны з даўніх часоў прысутнічаюць ў практыцы перадавых педагогаў, што карысталіся дыяментамі народнага розуму, уключалі іх ў свае кнігі. Мы грунтуемся на тым, што ўвядзенне народна-педагагічнай спадчыны ў вучэбна-выхаваўчы і адукацыйны працэс пачатковай школы садзейнічае актывізацыі дзяцей, пывышэнню ўвагі, развівае мову і мысленне, дапамагае вырашэнню выхаваўчых задач, спрыяе нацыянальнай ідэнтыфікацыі навучэнцаў. Мы імкнемся да рэалізацыі найбольшага спектра работ з прыказкамі і прымаўкамі.

Прапануем такія формы, як: праца над разуменнем сэнса прыказак і прымавак; складанне апавяданне па прыказцы; драматызацыя прапанаванага апавядання па прыказцы; падбр прыказак да апавядання; аднаўленне прыказкі з пераблытаных слоў;складанне прыказкі па тэме; збор прыказак на адну тэму; чытанне прыказкі наадварот; аднаўленне прыказкі па малюнку; дапаўненне прыказкі па двум словам; знаходжанне прыказкі ці прымаўкі да малюнка; знаходжанне прыказкі ці прымаўкі з: часцінай мовы, снтонімамі, сінонімамі і г.д.; выдзяленне арфаграм; пісьмо з каменціраваннем; каліграфічная работа; складанне індывідуальных і агульнага зборнікаў прыказак і прымавак; маляванне па прыказцы ці прымаўцы; вусныя зрокавыя дыктоўкі і г.д.

Каб дапамагчы настаўнікам у выхаванні ў дзяцей любві і цікавасці да роднай мовы, культуры, у развіцці мовы, мыслення вучняў, мы прапаноўваем ствараць тэматычныя наборы прыказак і прымавак, якія дапамогуць у вывучэнні пэўных тэм: поры года (Студзень-сечань: сячэ зіму напалам. Красавік ваду падбірае, кветкі распускае. Плачуць па сонцу ў лістападзе ваконцы.), гук і літара “Ц”, цвёрдыя і мяккія зычныя (Гаманіць – галава не баліць. Не ўсё казаць, што на рот лезець), спалучэнні “дж”, “дз”, правапіс ж, ч, ш (Ад дажджу не ў ваду. Лепш быць пакрыўджаным, чым каго пакрыўдзіць.), апостраф ( Дзе здароў*е, там і прыгажосць. Давай, брат, дружна: з*ядзім твае, а тады кожны свае), правапіс галосных “о, э – а (Горад строяць не языком, а рублём і тапаром. Добры жарт дружбы не рушыць.), правапіс галосных “е,ё, – я” (Вецер гора не знясе. Зоркія вочы свецяць і ўдзень, і ўночы.), слоўнікавыя словы (Дождж вымачыць, а сонейка высушыць. Ад яблыні яблык, ад елкі шышка), падоўжаныя зычныя (Ліпеньскае прыволле для пчол раздолле. Не навучыцца, пакуль не намучыцца.), назоўнік (Лыжкаю мора не вычарпаеш. На вярбе грушы не растуць.), дзеяслоў (Лёгка кінуць, але цяжка падняць. Мароз трашчыць – моцны холад кліча.), прыметнік (З вялікага грому малы дождж бывае. Кепскае адразу відаць, а добрае ўбачыць трэба.).

Цікавая форма работы – падбор прыказак і прымавак да малюнка. Дзеці разглядаюць малюнак і ім прапануецца заданне ўспомніць як мага больш прыказак, у якіх ёсць азначаныя рэчы. Магчыма выкарыстанне адразу вялікага малюнка, калі звяртаецца ўвага на асобныя рэчы, альбо кожны малюнак прад*яўляецца паасобку. Мы прапануем прымаўкі да малюнкаў птушкі, сонца, гнязда, кошкі і г. д. (Усякай птушцы сваё гняздо міла. Аб тым зязюля кукуе, што свайго гнязда не мае. Мір ясны ад сонца, а чалавек ад навукі. Кошка мышцы не таварыш. Бывае, што і курыца пеўнем спявае. Кураня курыцу не вучыць.)

Пажадана прапаноўваць прыказкі і прымаўкі ў разнастайным афармленні: як запісаны на дошцы сказ, як пара слоў, па якіх дзеці адновяць тэкст, а можа, яны здолеюць гэта зрабіць убачыўшы малюнак? Прапануем і такі варыянт, што спрыяе развіццю мыслення і мовы, як прымаўка наадварот. Да кожнага слова падбіраецца сэнсавы антонім. Даволі складана, але як цікава! Толькі дзеці павінны ўжо ведаць “схаваную” прымаўку ці прыказку. Мы разлічваем на творчы падыход да багаццяў народнай мудрасці, увагу на асаблівасці і схільнасці дзетак. (Дзе гора, там і роспач.—Дзе шчасце, там і радасць; Дрэннаму пасеву дрэнны і ўзыход.—Добраму ўраджаю добрая і ўборка).

Мы лічым, што трэба імкнуцца да таго, каб родная мова гучала не толькі на уроках беларускай мовы, але і на перапынках, у пазакласных зносінах. Да прыказак і прымавак трэба звяртацца ў размовах, расповедах, гутарках, аналізе выпадкаў, паводзін, учынкаў і г. д.

Дарэчы, у беларускім фальклоры існуе вялікая колькасць прыказак і прымавак, нібыта спецыяльна скіраваных на той ці іншы бок выхавання: разумовае (Добра вучыць таго, хто хоча ўсё знаць. Калі ты мудры – перамажы мяне доказам. Не кажы “вучыўся”, а кажы, што пазнаў), эстэтычнае (Жаданая праца як сонца ўзыход. Золата і ў балоце свеціцца. З добраю песняй жыць весялей.), працоўнае (Акуратная работа акуратных людзей любіць. Дзе ні жыві, а працаваць трэба.), маральнае (Добрага добра і ўспамінаюць. Красці як упасці – не на дабро), патрыятычнае (За морам цяплей, ды ў нас весялей. На чужой старане не сагрэе і сонца.), сямейнае (Бацькоўскае слова дарэмна не гаворыцца. Бацькоў слухаць – гора не знаць).

Прапануем варыянт работы, калі дзеці павінны аднавіць прыказку па двум словам (дзеясловам, назоўнікам, прыметнікам): птушка – дзеці (Птушка рада вясне, а дзеці маці), галава – ногі (Галава б не думала, ногі б не пайшлі). Мы лічым, што неабходна дапамагчы дзецям адчуць прыгажосць беларускага маўлення на прыкладзе ўзораў народнага фальклору. Калі настаўнік здолее захапіць і павесці вучняў за сабой, то дзеці адчыняць моўнае багацце сваёй краіны, абудзіцца фантазія, творчасць, здольнасці. Вопыт сведчыць, што калі разумна, рэгулярна, ненадакучліва выкарыстоўваць народную педагагічную мудрасць прыказак і прымавак, то эфектыўнасць як вучэбнага, так і выхаваўчага працэсу значна ўзрастае. Можна адзначыць, што ў дзяцей хутчэй і больш трывала фаміруюцца маральныя якасці, вучні становяцца больш уважлівыя да слова, ўзбагачаецца іх мова, развіваюцца творчыя здольнасці і праявы.