Парады бацькам абітурыентаў
Да паступлення сваёй дачкі мы ўсёй сям’ёй падрыхтаваліся, як мне здавалася, адказна: уважліва вывучылі ўсе законы і дакументы, загадзя выбралі ВНУ. Дачка самастойна і з рэпетытарамі на паглыбленым узроўні вывучала патрэбныя прадметы. Мела добрыя вынікі: заняла першае месца на раённай алімпіядзе, прыносіла дыпломы розных узроўняў з навуковых канферэнцыяў, як арэхі шчоўкала рэпетэцыйныя тэсты. Настаў час ЦТ. Асаблівых хваляванняў не было. Аказалася дарма.
Парада першая. Не слухайце БТ! Калі кажуць, што без розніцы, дзе пісаць тэсты – гэта абсалютная няпраўда! Перад тым, як зарэгістравацца, уважліва вывучыце ўсе магчымыя аудыторыі, дзе будзе праходзіць тэставанне. Памятайце, што тэставанне адбываецца ўлетку і надвор’е можа быць спякотным. Выбірайце не вельмі вялікія аудыторыі з высокімі столямі з вокнамі ці вентыляцыяй (пра кандыцыянеры я маўчу – гэта ж не рэзідэнцыя прэзідэнта!). Маёй дачцы пісаць хімію прыйшлося ў БГУІР (аудыт №104 на Гікалы, 9). У памяшканне без вокнаў напхалі больш за 100 абітурыентаў. Праз 20 хвілін паветра скончылася. 3 гадзіны там вытрымаць было немагчыма. Абітурыентам станавілася кепска. Некаторых выводзілі пад канвоем падыхаць на калідор. Некаторыя, не вытрымаўшы здзекаў, сыходзілі раней. Мая дачка да таго, як аўдыторыя ператварылася ў газавую камеру, паспела рашыць 15 задачаў, пасля вываду ў калідор, каб глынуць паветра, яшчэ 10. Паспела прагледзець умовы астатніх, ведала як іх рашыць, але веды у той камеры не спатрэбіліся, бо не было з сабою кіслароднага балону. Шмат што можна было пачуць ад абітурыентаў, якія выходзілі з экзаменаў. Адны не маглі засяродзіцца на заданнях, бо хтосці бесперапынна еў шакаладку і хрумсцеў абгорткай. У другіх ад спякоты адчынілі ўсе вокны, якія выходзяць на ажыўленую вуліцу. Таму да спякоты дадаліся пах выхлапных газаў і шум аўтамабіляў.
Парада другая. Не слухайце БТ! Ніякія дактары не дзяжураць у месцах правядзення Цэнтралізаванага тэставання. Хіба толькі ў медінстытуце сярод сябраў камісіі хто можа аказацца.Таму адкладзіце ўсе справы і сустракайце дзіця з тэставання. Ня выключана, што яму патрэбна будзе дапамога. Ня кожны трэніраваны спецназавец вытрымае маральныя і фізічныя здзекі пад назвай ЦТ. На пачатку для стварэння турэмнай атмасферы Вашае дзіця праходзіць некалькі фэйс-кантроляў, потым яго чакае калектыўны стрэс, які непазбежна ўтвараецца агромістым натоўпам, які прымушаюць сядзець мінімум 30 хвілін да “адкрыцця канвертаў”, потым нервовасць павялічваюць выкладчыкі, якіх прымусілі кантраляваць занадта вялікі натоўп. Наэлектрызаванасць атмасферы дасягае максімума, калі большасць бачыць змест тэстаў, “складзеных прафесіяналамі адпаведна школьнай праграме”. Я не ведаю, што робяць у школах псіхолагі, але дакладна ведаю, што псіхалагічна абітурыенты да тэстаў не гатовыя. Калі я вас яшчэ не пераканала, што дзіця трэба сустракаць, перачытайце першую параду. А яшчэ лепш, паглядзіце пры нагодзе на колер твараў тых, хто выходзіць з тэставання.
Парада трэцяя. Не слухайце БТ! Няпраўда, што дзяржава зацікаўлена ў паляпшэнні адукацыі, у тым, каб даць адукацыю лепшым, разумнейшым. Інакш бы дзяржава не прызначыла кіраваць адукацыяй непрафесіяналаў. Сярод выкладчыкаў прафесіяналаў шмат, сярод кіраўнікоў – не бачыла. Прафесіяналы ў адукацыі павінны быць абазнаныя пра здароўезберагальныя тэхналогіі навучання пра бясстрэсавае выхаванне. Прафесіяналы б ведалі, як пабудаваць сістэму адбору, каб даць адукацыю лепшым. Дазволілі б тэсты здаваць некалькі разоў, па розных прадметах, каб выключыць выпадковасці і пазьбегнуць нервовых перагрузак. Выпускнікі павінны мець права выбару і права на памылку. Прафесіяналы б ведалі, што у тых краінах, дзе дзяржаве патрэбныя адукаваныя людзі, на першых курсах універсітэтаў вучацца каля паловы ўсіх студэнтаў. Потым частка з іх мяняе спецыяльнасць альбо сыходзіць. Застаюцца лепшыя. А у нас з гэтага году нават медычныя даведкі не выдаюць без указання спецыяльнасці.
Як бачаце, я напісала толькі адну параду. Трэба думаць самім. Пра сябе, пра сваіх дзяцей, пра тое, як будаваць сваю краіну.
ТМ,
маці, выкладчыца.