Валянціна Быстрык,
настаўніца англійскай мовы СШ № 5 г.Навагрудка
Некалькі словаў пра тэставую ацэнку ведаў.
Іспыты ў ВНУ ў форме цэнтралізаванага тэставання скончыліся, а на календары толькі пачатак ліпеня. Зазначыла для сябе з вялікім задавальненнем. Чым хутчэй, тым лепей. Менш хваляванняў, напружанасці. Хутчэй даведаешся пра вынікі. Больш часу для манёўраў, асабліва для вучняў, якія могуць заявіць вынікі цэнтралізаванага тэставання. Больш аб’ектыўнасці пры ацэньванні работ. На мой погляд, гэта ўсё бясспрэчныя плюсы новых умоваў паступлення ў ВНУ.
Але вынікі цэнтралізаванага тэставання, змешчаныя ў прэсе, расчаравалі грамадскасць: лічаныя дзесяткі, зусім мала дзевятак, вялікі працэнт нізкіх балаў. Ну што ж! Гэта, як кажуць, дыягназ, ад гэтага слупа трэба танчыць. Міністэрства адукацыі, спадзяюцца настаўнікі, зробіць дакладны аналіз сітуацыі, дасць рэцэпт падрыхтоўкі вучняў сярэдняй школы да акадэмічных іспытаў. З вынікаў жа відаць, дзе як вучаць. Досвед лепшых школаў і настаўнікаў – гэта нацыянальны скарб, які трэба рупліва збіраць і зберагаць.
Пашырыўшы шматкроць сетку сярэдніх прафесійных навучальных установаў, даўшы школам права прымаць вучняў у 10 – 12 класы на конкурснай аснове, зацікавіўшы добрых настаўнікаў, ужо за некалькі гадоў можна значна палепшыць вынікі тэставання, зрабіўшы вучняў канкурэнтназдольнымі і паспяховымі. Такім чынам, непасільная праца кіраваць, выхоўваць, ацэньваць школы з іх дырээктарам, намеснікам, настаўнікамі магла б быць знятай з кволых плячэй раённых аддзелаў адукацыі з-за непатрэбы.
Тэсты ў школьным жыцці – з’ява адносна новая. Маюць яны і прыхільнікаў, і праціўнікаў. З уласнай працы ведаю, якое напружанне, дадатковыя высілкі спатрэбіліся, каб забяспечыць кантроль усіх відаў дзейнасці (іх чатыры ў прадмеце “замежная мова”), прымяняючы пяціўзроўневыя тэсты. Настаўнік сутыкнуўся з сітуацыяй, калі не было дадатковых ведаў пра методыку складання тэстаў. А колькі часу гэта патрабавала! Да таго ж, кожны год прыходзіцца складаць новы камплект тэстаў, таму што ў кожным класе свая сітуацыя, час вывучэння матэрыялу не супадае. Становішча палепшылася, калі былі апублікаваныя пэўныя матэрыялы ў “Настаўніцкай газеце”, настаўнікі атрымалі тлумачэнні, рэкамендацыі, узоры тэстаў. У сувязі з гэтым, на маю думку, можна сумнявацца ў аб’ектыўнасці праверкі ведаў пры дапамозе тэстаў, складзеных самімі настаўнікамі. Нават калі настаўнік не палягчае заданні наўмысна, то ён падсвядома падладжвае іх пад узровень ведаў сваіх вучняў.
Што да вучняў, тэсты выклікалі неадназначную рэакцыю. Многім яны спадабаліся як гульня з хуткім вынікам. Іншым было прыемна, што ў любым выпадку можна даць нейкі адказ. Для многіх, аднак, было цяжка прызвычаіцца да задання, якое адрознівалася ад традыцыйнага, напружваў вялікі аб’ем матэрыялу, што правяраўся ў перыядычных выніковых тэстах. Адным словам, тэсты былі ўсё ж пагрозай для зоны вучнёўскага камфорту. Задачай настаўніка было пашырыць яе межы, даць вучню адчуваць сябе ў бяспецы ў новай сітуацыі.
Метадысты лічаць, што два галоўных фактары могуць паўплываць на паспяховасць вучня: цяжкасць зместу і ступень асабістай рызыкі.
Узгадваецца яшчэ адна думка пра неабходнасць стварыць у вучня пачуццё прыналежнасці да групы, у якой ён працуе, да справы, якую ён выконвае. Калі падлетак адчувае сябе ў камандзе, робіцца больш хуткім працэс навучання, павялічваецца здольнасць вучня да засваення новых ведаў.
Хачу падзяліцца сваім досведам працы з вучнямі 9-х класаў у курсе англійскай мовы. Па-першае, мне хацелася даць добрыя веды па тэмах, ўвесці ва ўжытак спецыяльныя тэрміны. Па-другое, падрыхтаваць дзяцей да тэставай сістэмы ацэнкі. Па-трэцяе, ведаючы пра ключавыя кампетэнцыі, якія становяцца асновай зместу базавай адукацыі ў Еўропе, мы планавалі развіццё і паглыбленне некаторых элементаў у нашай краіне. Актыўныя метады навучання павінны былі дапамагчы ў гэтым вучням і настаўніку.
Група складалася з 12 вучняў. Пачынаючы з пятага класа, мы пераважна карыстаемся актыўнымі метадамі, працуем паводле падручніка Кляменцьевай і Монк, які заснаваны на камунікатыўным метадзе. Таму нават на адкрытых уроках дзеці заўсёды трымалюцца натуральна, яны ніколі не працуюць “на публіку” ці на адзнаку.
Дзеці прызвычаіліся карыстацца замежнай мовай, як сродкам выказаць уласныя думкі. Яны ведаюць шмат прыёмаў актыўнай методыкі “Find Someone Who”, “Sense Associations”, “My View of You”, “Noughts and Crosses”, “One Question Survey”, “Jig Saw Reading”. Яны прызвычаіліся працаваць са складанымі тэкстамі і выконваць разнастайныя заданні. Яны прывыклі актыўна ўдзельнічаць у працэсе навучання, і падчас правядзення апісанага ў гэтым артыкуле ўрока паказалі валоданне ў пэўнай ступені некалькімі кампетэнцыямі: моўнай (уся дзейнасць праходзіла на англійскай мове), працоўнай (кожны падрыхтаваў заданні для 12 чалавек – гэта афармленне капэртаў, складанне схемаў, малюнкаў), камунікатыўнай (вучні размаўлялі, выказвалі свае думкі, тлумачылі іншым, суцяшалі, падтрымлівалі, давалі інструкцыі), інфармацыйнай (рыхтавалі матэрыялы з дапамогай камп’ютэра), грамадзянскай (аналізавалі і параўноўвалі адукацыйныя сістэмы розных краінаў, сваёй у тым ліку, разважалі пра ідэальную школу і шляхі паляпшэння адукацыі), культурнай (ідэнтыфікавалі сябе носьбітамі еўрапейскай дэмакратычнай традыцыі). Вучні прадэманстрвалі здольнасць працаваць з першакрыніцамі, навыкі адаптацыі і арыентацыі. Я лічу, што вучні вельмі добра праявілі сябе на ўроках, складаных і структурай, і паводле ўзроўню матэрыялу, беручы ўдзел у разнастайных формах дзейнасці.
Думаючы пра шлях, які мы прайшлі разам з імі, я разумею, што самай галоўнай цяжкасцю для мяне былі рамкі праграмы, сеткі гадзінаў і вучэбнага плана, якія не даюць магчымасці для манёўра. Трэба было асмеліцца выйсці з гэтага палону і ўбачыць канкрэтны клас, канкрэтных вучняў, іх магчымасці і адважыцца ісці з імі ў адным тэмпе.
А ў падрыхтоўцы да ўрока, апісанага ніжэй, цяжкасці вынікалі з таго, што ад дзяцей патрабавалася большая ступень самастойнасці. Дзецям патрэбна было выканаць папярэнюю працў у выглядзе праекта. Канешне, узнікалі некаторыя праблемы (занадта цяжкія арыгінальныя тэксты, часам няўмела сфармуляванае заданне). Гэтыя цяжкасці здымаліся шляхам індывідуальных кансультацыяў.
Падчас падрыхтоўчай працы былі патрэбныя некаторыя матэрыяльныя выдаткі: плата за інтэрнэт, папера і г. д. Але выйгрыш, на маю думку, у шмат разоў перавышае выдаткі. Навучанне ў гэтым выпадку прыносіць радасць і задавальненне ўсім ўдзельнікам працэсу.
Урок па тэме “Адукацыя ў ЗША, Вялікабрытаніі, Беларусі”
Мэты ўрока
Мэтай урока было зрабіць само паняцце тэстаў больш зразумелым для вучняў, дэталізаваным. Дзеля гэтага планавалася пагуляць з гэтым паняццем, паставіць вучня ў ролю настаўніка, аўтара тэста. Яшчэ адной мэтай было правесці гэты ўрок як частку паседжання метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы школы. Таму ўрок планаваўся як адкрыты. На яго былі запрошаныя ўсе настаўнікі замежнай мовы ў школе. Заняткі планавалася правесці з дапамогай актыўных метадаў навучання: ролевай гульні, дыскусіі і інш.
Падрыхтоўчая работа
Тэксты, прысвечаныя амерыканскай школе, былі прапанаваныя з уроку № 4 падручніка “Happy English Book 2” Кляменцьевай і Шэнан. Пасля засваення адпаведнай лексікі і граматычнага матэрыялу, вучні пазнаёміліся з шэрагам тэкстаў пра школьны дзень ў амерыканскай школе, пра змест вучэбнай праграмы, школьныя правілы і г.д. Былі вывучаны моўныя фразы для вядзення ўрока. У тэкстах згадваліся тры віды тэстаў, якімі карыстаюцца ў амерыканскай школе, вучні зацікавіліся незвычайнымі тэрмінамі Multiple-Choice, Fill-in-the-Blank Test і г.д. Я падумала, што з гэтай зацікаўленасці можа ўзнікнуць шэраг ўрокаў.
У якасці хатняга задання я прапанавала наступныя назвы тэстаў: Сlose Тests, Grouping Test, Rearrangement, Changing Format, Making Pictures, Chants, Diagrams, Transformation, Reordering, Role-play і г.д. Абапіраючыся на назву, на логіку, вучні павінны былі растлумачыць, у чым сэнс задання ў кожным дадзеным тэсце. На наступным уроку ўсе віды тэстаў былі абмеркаваныя ў дэталях, я адказала на пытанні вучняў. Я прапанавала як невялікі праект распрацаваць адзін з тэстаў па тэме “Адукацыя ў ЗША, Вялікабрытаніі, Беларусі” (вучні выбіраюць адзін з тэстаў). Для выкарыстання былі прапанаваныя тэсты з падручніка, з якім клас не працаваў, дадатковы матэрыял (Britain Explored. Paul Harvey. Education; The Little Hawk Iowa City High Newspaper; Teen 2,6,8/1996; The Sandcastle by Iris Murdoch). На падрыхтоўку праектаў было адведзена 2 тыдні. Вучні мелі магчымасць атрымаць індывідуальную кансультацыю падчас выканання задання. Часткаю задання была таксама падрыхтоўка ролевай гульні “Настаўнік-клас”.
Ход урока:
Урок пачынаецца з словаў настаўніка:
-- Ok, class, stop talking and listen to me attentively. I am going to check your projects. To tell the truth, I am afraid the task was too difficult for you and I don’t whether you have coped with it. Well let’s see.
Я спыняюся і паварочваюся на 360 градусаў, усміхаюся і зноў зварочваюся да класа.
-- Good day, friends, I am glad to see you. We are great company today and we have exiting work to do. I know the task was a challenge. But I do know you have worked thoroughtly and with interest. So let’s enjoy the results.
Вучні зразумелі ўжо, што гэта жарт да нейкай ступені. Я запыталася, які пачатак ўрока яны выбіраюць і чаму. Яны прывялі свае довады. “Урок павінен пачынацца “in friendly, optimistic and encouraging way”, – сказалі вучні. Такім чынам было знята напружанне першых хвілінаў, вучні забыліся пра тое, што на ўроку чужыя людзі і пераключыліся на тэму “Адукацыя”.
-- OK. I am going to offer you something really encouraging. There are lines by Phabe Cary. You are to create the poem together with the author (you will work in a small group. The task is to remember).
Вучні працуюць у малых групах па 4 чалавекі. Кожны мае 2 хвіліны, каб запомніць 2 радкі верша. Наступныя 5 хвілін ідуць на тое, каб навучыць адзін аднаго ўсім 8 радкам, скласці з іх верш. Кожная група чытае свой варыянт верша “If you’ve tried”.
Let’s see what are the most useful and interesting ways to check the knowledge of material learnt. Would you represent your projects?
Вучні прадстаўляюць matching, grouping, making charts, questionnaire, open-ended question, reordering test (аформленыя па-рознаму: у файлах, у капэртах, 2 на асобных аркушах; заданні разлічаныя на 12 чалавек).
Каця Калодка: I am going to represent an information gaps test. Its aims to check reading skills and the knowledge of peculiarities of the British education system.
Вадзім Дзедавец: I have chosen a matching test. It checks reading skills, the knowledge of new words. Максім Карбавец: I want to offer to make a chart on the topic. I want you to compare Belarusian and American curricula. Your task is to show in the form of chart what subjects are taught in the USA and Belarus in what form and what age. I would like you to compare the two systems and to say in what country it is easier to study.
Эльвіра Бахар: My test is a questionnaire. I want you to answer quickly and spontaneously. This is test will help to study the classroom atmosphere. I am going to check reading skills too.
У ролі настаўніцы Вольга Чыркова
Вольга Чыркова: I have prepared an open-ended questions test. I am going to check speech skills. Яна праводзіць “Open-ended questions”.
У хуткім тэмпе вучні па чарзе адказваюць на пытанні. Калі пытанне зацікавіла клас, і ёсць жадаючыя, то адказваюць некалькі чалавек.
Настаўніца вядзе ўрок, выкарыстоўваючы моўныя фразы, прапанаваныя ў 4-м уроку падручніка. Напрыканцы практыкавання дзякуе ўдзельнікам.
Наступная настаўніца Эльвіра Бахар просіць вучняў падрыхтаваць сшыткі і прапануе анкету..
Эльвіра Бахар: I think, questionnaires are made up for us to know as much as possible about ourselves. My questionnaire is aimed at studying classroom atmosphere. Эля чытае свае пытанні і прапануе варыянты адказаў. Збірае сшыткі, абяцае прааналізаваць адказы і паведаміць класу пра вынікі (забягаючы наперад, перад канцом урока дзяўчынка праінфармавала, што большасць вучняў адчувае сябе ў класе камфортна). Заканчваецца першы ўрок.
Другі ўрок пачынаецца з практыкавання з серыі “Total physical response”. Стоячы, мы дэкламуем верш “There was an old lady”, інсцэніруючы назоўнікі і дзеясловы з яго. Гэта весела. Усе актыўныя, удзельнічаюць у практыкаванні з задавальненнем. Здымаецца хваляванне. Харавая дэкламацыя – гэта добрая фанетычная моўная зарадка. Працягваецца ролевая гульня.
Настаунік Кастусь Сіліч.
Ён у сваю чаргу прапануе класу ролевую гульню “Press Conference”.
Клас разбіваецца на тры групы: прадстаўнікі Міністэрсва адукацыі Беларусі, Вялікабрытаніі, журналісты. Журналісты атрымліваюць заданне падрыхтаваць 6 пытанняў пра адукацыйныя сістэмы ў дзвюх краінах. Адукатары павінны пералічыць усе плюсы сваіх сістэмаў (вучні працуюць у групах 5–7 хвілін).
Кастусь аб’яўляе пачатак прэс-канферэнцыі, запрашае двух прадстаўнікоў краін. Журналісты задаюць свае пытанні пра вучэбны план, пра школьную форму, пра школьныя абеды і г. д. Настаўнік дзякуе ўсім ўдзельнікам, гаворыць, што ён задаволены ўзроўнем засваення інфармацыі, прадэманстраваным валоданнем мовай. Прэзентацыя працягваецца да той пары, пакуль усе вучні не прадаставяць свае тэсты. Назвы тэстаў у выглядзе картак размяшчаюцца на дошцы. Лічылка “Hickory, dickory, dock” дапамагае вызначыць, хто першы пачынае ролевую гульню.
Я дзякую ўсім удзельнікам, прапаную працу ў малых групах (тры групы па 4 вучні).
Заданні: размясціць абмеркаваныя тэсты на 5 узроўнях, растлумачыць сваё рашэнне. Пасля працы (5 хвілін) у групах, пачынаецца агульная дыскусія. Групы прапануюць свае версіі. Агульная выснова такая:
I узровень: Multiple-Choice, True/False Statements;
II узровень: Grouping, Matching, Yes/ No, Or Questions;
III узровень: Wh- Questions, Making Pictures, Charts, Diagrams;
IV узровень: Close Tests, Transformation, Informational Gaps, Rearrangement;
V узровень: Why–and–How Questions, Role Play, Open Ended Questions.
Узнікалі супярэчнасці наконт некаторых відаў тэстаў. Вучні, напрыклад, выказвалі думкі, што Informational Gaps, Questionnaires, Rearrangement, Role Play, Multiple Choice, Grouping, Fill in могуць быць выкарыстаныя на некалькіх узроўнях у залежнасці ад складанасці лексіка-граматычнага матэрыялу, засваенне якога правяраецца. Галоўнае, вучні пазнаёміліся з шэрагам навуковых тэрмінаў, зразумелі розніцу паміж творчым прымяненнем ведаў і простым выбарам правільнага ці няправільнага адказу.
Я прывяла парады з “Настаўніцкай газеты”, зазначыла, што нельга вельмі дакладна размясціць тэсты па ўзроўнях, гэта значыць, мы зрабілі правільныя высновы.
Напрыканцы прашу вучняў падумаць пра асацыяцыі, якія выклікае школа. Вось некалькі з іх:
School is a beehive,
It looks like a football team,
It smells of fresh paint,
It tastes of fried fish,
It is white. School is science,
It looks like home,
It smells of chalk,
It taste of tea,
It is greenish grey.
У якасці задання на дом прапаную эсэ па сітуацыі з Case Study.
Працягваючы працу над тэмай “Адукацыя”, я выкарыстала ўсе тэсты, падрыхтаваныя вучнямі групы. Праца заўсёды прымалася з энтузіязмам. Кожнаму было вельмі цікава выступіць у ролі аўтара задання. Гэта дазволіла доўгі час падтрымліваць высокую зацікаўленасць у рабоце.
Мэта ўроку была выкананая. Вучні засвоілі вялікі аб’ём матэрыялу. Як вядома, самае якаснае засваенне ведаў адбываецца падчас іх выкарыстання на практыцы, калі сам навучаеш іншых. Разнастайныя актыўныя метады дапамаглі кожнаму вучню пабыць творцам і выканаўцам: скласці тэст і выступіць у ролі настаўніка. Знаёмства з відамі тэстаў было вельмі карысным. Гэта была новая інфармацыя для вучняў, як высветлілася пазней, засвоеная трывала. Усе вучні актыўна ўдзельнічалі ў іншамоўнай камунікацыі на працягу двух урокаў, пацвердзіўшы сваю моўную кампетэнцыю. Пры тардыцыйных адносінах настаўніка і вучня, на маю думку, гэта было б немагчыма.