CУХАЯ Тамара Аляксандраўна
(нарадз. 02.09.1946 г.) – дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі №3 Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Свой курс вядзе па-беларуску з 1991 года. “Рашэнне гэтае прыйшло менавіта ў той час, калі латышы, літоўцы ўзяліся за рукі і ўтварылі жывы ланцуг праз усю краіну, каб паказаць, што яны не згодныя з пактам Молатава-Рыбентропа, што іх, якія жадаюць будаваць сваё жыццё самастойна, шмат. Чаму ня мы? Што рабіць нам – беларусам? Чаму маўчым? – гучалі нямыя пытані. Можа таму, што гаварыць развучыліся?” – распавядае Тамара Аляксандраўна.
На кафедры раней было тры чалавекі, якія выкладалі на роднай мове, зараз засталася толькі Тамара Сухая. Яна паспела выдаць 5 дапаможнікаў па сваім курсе, зараз падрыхтавала шосты – “Тэорыя імавернасцяў”. Яна сааўтар “Тэрміналагічнага слоўніка па вышэйшай матэматыцы для ВНУ” (Сухая Т., Трэццякевіч В., Гудзень Н., Еўдакіменка Р. Мн.: Навука і тэхніка, 1993), член рэдкалегіі і аўтар многіх артыкулаў “Матэматычнай энцыклапедыі” (Мн.: Тэхналогія, 2001), аўтар дапаможнікаў (ратапрынтныя выданні) “Лінейная алгебра” (1993, 33 с.), “Уводзіны ў матэматычны аналіз. Тэорыя лімітаў” (1993, 43 с.); “Дыферэнцыяльныя раўнанні” (1994, 68 с.), “Функцыі некалькіх зменных” (1995, 62 с.), “Шэрагі” (1995, 71 с.). Выступае ў друку і на канферэнцыях (Матэматычная тэрміналогія ўчора, сёння, заўтра // Адукацыя і выхаванне. 1995, №9 – у сааўтарстве, і інш.).
Цяпер 394 гадзіны вышэйшай матэматыкі педагог выкладае на роднай мове 75 студэнтам, якія стануць будаўнікамі.
Раней многія выкладалі матэматыку па-беларуску, – успамінае Тамара Аляксандраўна. Пра гэта красамоўна сведчыць пералік прозвішчаў на дапаможніках. “Курс вышэйшай матэматыкі” пад рэдакцыяй В.Русака выйшаў у трох частках (Мн., 1994; 1997; 2003). Аўтары Людзміла Шлома (Майсеня), Алесь Крачкоўскі. Апошнюю частку падрыхтавала апантаная беларуска Людзміла Майсеня. Цяпер яна выконвае абавязкі загадчыка кафедры ў Вышэйшым радыётэхнічным коледжы і вучыцца ў дактарантуры БДПУ. Па-беларуску працягвае выкладаць Віктар Ахраменка, старшы выкладчык кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі БДУ.
Мы з прафесарам Міколам Савіцкім патрапілі да Тамары Аляксандраўны на заняткі па тэорыі імавернасцяў на другі курс будаўнічага факультэту БНТУ. Студэнты рашалі задачы, лёгка тлумачылі складаныя формулы. Рыхтаваліся да заліку па тэмах “Закон вялікіх лікаў”, “Няроўнасць Чабышова” і “Тэарэма Чабышова”. У разумнага выкладчыка, відаць, і студэнты разумныя – падумалі мы з Міколам, гледзячы на моладзь.
Тамара Аляксандраўна сказала, што складанасцяў няма – студэнты добра ўспрымаюць і мову, і прадмет. Праўда, аднойчы двое гультаёў-двоечнікаў спрабавалі патлумачыць свае “двойкі” на іспытах тым, што дрэнна разумеюць мову, але іх адразу вывелі на чыстую ваду аднакурснікі. Стасункі з навучэнцамі ў Тамары Аляксандраўны вельмі прыязныя – выкладчыцу паважаюць і за прафесіяналізм, і за грамадзянскую пазіцыю. “На другім курсе яшчэ студэнты аглядаюцца, спрабуюць разабрацца ў жыцці, расставіць прыярытэты, а к чацвёртаму, мы ў тэатры разам ходзім”, – кажа пра сваіх навучэнцаў Тамара Аляксандраўна.
На развітанне Тамара Аляксандраўна паказала вясельныя фотаздымкі сына, што нядаўна ажаніўся. “Ён і дыплом бараніў па-беларуску на будаўнічым факультэце, і шлюб браў па-беларуску”, – з гонарам распавядае маці. Вось такія Асобы ёсць ў беларускай адукацыі.
Тамара Мацкевіч, Мікалай Савіцкі
У чэрвені 2007 г. Тамара Аляксандраўна Сухая стала лаурэатам прэміі імя акадэміка Вацлава Ластоўскага 2007 года. На нашым сайце знаходзіцца фотарэпартаж з цырымоніі ўзнагароджання .