Што б там ні казалі іміджмэйкеры Беларусі пра буслоў і зуброў, ісціннанародны сімвал нашай краіны – вожык. Колькі разоў вы кармілі яблычкам жывога зубра? Ці слухалі калі-небудзь, як тупае па бабульчынай кухні і тыцкае дзюбай у сподачак злоўлены на ноч буслік? То-та ж.
2000 КМ ПА ЛЕСЕ
Пагладзіць вожыка па калючках, раскруціць яго з мэтай паказытаць жывоцік спрабаваў, відаць, кожны. Ня кажучы ўжо пра мацернага вожыка, рытуал выклікання якога – абавязковы ў кожным рэспектабельным піянерлагеры. Але будзьце асцярожныя, папярэджвае Аляксандр Саварын (па-свойску – Сан Саныч). Вожык, калі яго раззлаваць, можа ня толькі падрапаць вас іголкамі, але і балюча пакусаць. Дзякуючы Сан Санычу, беларускі цэнтр вожыкалогіі апошнія 13 год – гэта Гомель і яго ваколіцы.
Аляксандр Саварын, выкладчык кафедры экалогіі Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, увосень 2007 абараніў кандыдацкую дысертацыю. Тэма: “Таксанамічная прыналежнасць і біялагічная характарыстыка вожыкаў паўднёвага ўсходу Беларусі”.
…Мы пакідаем мяжу гораду, выходзячы на Рэчыцкую шашу. Сан Саныч слепавата мружыцца ад яркага сонца: на вожыкаў ён звычайна палюе ўночы. З намі – спецыяльна навучаная знаходзіць вожыкаў аўчарка па мянушцы Райтс. “Вожыкі часта падпаўзаюць да ўскраінаў Гомелю і бадзяюцца па вуліцах. Бяздомныя сабакі вожыкаў не кусаюць. А вось хатнія – кідаюцца на вожыкаў”.
Сабака заўважае вожыка на адлегласці ня менш за 25 метраў. Калі праходзіш па лесе кіламетр, то маеш дадзеныя пра паласу шырынёй у 50 м. Так можна падлічыць, што на адным кіламетры квадратным лесу жыве да 50–60 вожыкаў. “Па лесе пройдзена каля дзьвюх тысячаў кіламетраў. Вас, напэўна, цікавіць факт, колькі праз мае рукі прайшло вожыкаў, так?” – “Так.”– “Вы зараз знепрытомнееце!” У актыве Сан Саныча 500 апісаных вожыкаў!
ДЖУНІЁР – ЭЛЕКТРЫЧНЫ ВОЖ
“Калі вы хочаце ўбачыць вожыка, лепей выходзіць на ўзлесак. Там водзяцца як лясныя насякомыя, так і насякомыя адкрытых месцаў. Тут вожыку лягчэй харчавацца”, – навучае Сан Саныч, выводзячы мяне на прасеку ЛЭП. Гэта месца, дзе сёння ўночы быў адлоўлены герой рэпартажу. Выгляд у вожыка хоць і памяты, але інтэлігентны. Ужо сам факт, што Сан Саныч адлавіў яго/яе на ЛЭП, а не на сметніку, як многіх іншых, надае калючаму элітарнасці.
– А гэта дзяўчынка ці хлопчык? – пытаюся я.
– Я ня ведаю. Ён жа згорнуты.
Як высветлілася, існуе толькі адзін спосаб вызначыць пол у жывога вожыка. Але гэта – прафесійная таямніца заолагаў. Ну што ж, я буду зваць яго/яе Джуніёр.
– Нда... худаваты вожык, – ацэньвае Сан Саныч яго/яе агульны стан. Адна з асноўных праблемаў беларускіх вожыкаў – тое, што час размнажэння многія звяркі сустракаюць фізіялагічна недаразвітымі – вагою ўсяго 300 грамаў. Гэта мала, каб стварыць сям’ю.
БЕЛАРУСКІЯ ВОЖЫКІ ПАМІРАЮЦЬ МАЛАДЫМІ
“У жыцці вожыкаў мяне найбольш цікавіць пытанне іх смяротнасці”, – кажа Сан Саныч. Каўказскія вожыкі, як і належыць горным аксакалам, жывуць пяць гадоў і болей. Беларускія вожыкі не дажываюць, як правіла, і да трох. І не вырастаюць даўжэй за 20 сантыметраў (даўжыня бярэцца ад кончыка носу да анальнай адтуліны). Галоўная прычына – змена беларускага клімату ў апошнія дзесяцігоддзі. У кастрычніку, калі вожык западае ў спячку, снегу ў нас яшчэ няма. Дождж і холад забіваюць вожыка.
Другая прычына смяротнасці вожыкаў – шматлікія інфекцыі. Трэцяя – паталогіі чэрапу, выкліканыя кепскай экалагічнай сітуацыяй. Сан Саныч даследаваў вожыкаў, што нарадзіліся на гомельскай гарадской звалцы: “Уявіце звалку вышынёй у 20 метраў, у якой – тоны смецця. Звалка адгарожаная ад лесу насыпам. Насып размываецца дажджамі, хімія з цвёрдых бытавых адкідаў вымываецца ў грунт і трапляе ў ежу. У вожыкаў, што жывуць вакол сметніка, частата некаторых паталогіяў павялічваецца ў некалькі разоў, прычым змены чэрапу пачынаюцца ў раннім узросце”.
Чацвёртая прычына вожыкавай смяротнасці – траўматызм на дарогах. “Дзесяткі тысяч вожыкаў гінуць за год у Беларусі пад коламі аўтамабіляў”, – шакуе Сан Саныч. Найбольш актыўныя вожыкі (гэта, у асноўным, самцы) накіроўваюцца ў пошуках лепшага лёсу на іншы бок трасы. І гінуць, збітыя машынай. Але іх целы яшчэ могуць паслужыць навуцы. Уночы Сан Саныч выходзіць на аўтатрасу і падбірае загінулых вожыкаў.
МІФЫ ПРА ВОЖЫКА
Тое, што пішуць у кніжках пра вожыкаў, – часта, мякка кажучы, міфы.
МІФ 1: Вожыкі наколваюць яблыкі і грыбы на іголкі
Сан Саныч: “Пару год таму я прайшоў некалькі кіламетраў па пладовым садзе з мэтай знайсці хаця б аднаго вожыка з яблыкам на спіне. І нічога. Гэта народная легенда”.
МІФ 2: Пасля Чарнобылю па Палессі распаўзліся лысыя вожыкі
Сан Саныч: “Вожыкі-альбіносы і вожыкі-мутанты – зява ў прыродзе вельмі рэдкая. Гэта змены на генетычным узроўні і з аварыяй на ЧАЭС ніяк не звязаныя. Мне такія не сустракаліся”.
МІФ 3: Вожыкі ловяць і ядуць мышак і ў хатніх умовах могуць замяніць котку.
Сан Саныч: “Асноўная ежа беларускіх вожыкаў – жужалi і дажджавыя чарвякі. А паколькі жужалі і чарвякі – карысныя істоты, то бясшкоднасць вожыка для прыроды не такая ўжо і бясспрэчная. Ён можа харчавацца яйкамі птушак, якія гняздуюць на зямлі. Мышак вожык ня есць: ён іх проста не дагоніць”.
МІФ 4: Усе вожыкі аднолькавыя
У Беларусі навукова даказанае існаванне толькі аднаго віду вожыкаў – вожыка белагрудага (Erinaceus concolor Martin). А вось у Еўропе больш распаўсюджаны вожык звычайны, ён жа – еўрапейскі (Erinaceus europaeus L.). Наяўнасць яго ў Беларусі – пакуль што гіпотэза. Калі верыць мапе арэалу, зробленай Сан Санычам, еўрапейскія вожыкі літаральна абыходзяць Беларусь па перыметры, групуючыся на поўначы – у Латвіі і Расіі.
(с) тэкст і фота – з мультымедыя часопісу “34” (выпуск «Рэгіёны»)