Грамадскія арганізацыі дапамагаюць настаўніку
Артыкул з Бюлетэня «Настаўнік.інфо» №4 за красавік 2008 г.
Настаўнікі – народ вельмі заняты. Але і вельмі арганізаваны. Таму, у адрозненне ад вучняў, ім хапае часу і на самаадукацыю, і на іншыя карысныя справы. Пры жаданні, само-сабой. А гэты артыкул прызначаны для калегаў, ахвотных зрабіць нешта добрае, сацыяльна-значнае. Для тых, хто шкадуе часу на вечную беларускую песню “Няма грошай, няма здароўя, начальства дастала…” І прысвечаны ён агляду адукацыйных грамадскіх арганізацыяў, якія б маглі дапамагчы нашаму настаўніку самарэалізавацца ды час ашчадзіць.
Крышачку пра грамадскія аб’яднанні.
Тэрмін “грамадская арганізацыя” ці “грамадскае аб’яднанне” (па-англійску Non-Governmental Organization (NGO) у нашай краіне крыху дыскрэдытаваны дзяржаўнай прапагандай. Ну, па-першае, таму, што грамадскімі аб’яднаннямі пачалі называць БРСМ, піянераў, нават “Белую Русь”. Па-другое, сапраўдныя грамадскія арганізацыі, якія незалежныя ад дзяржавы паводле азначэння, улада не кантралюе ў такой ступені, як бы ёй хацелася, таму і баіцца іх. З гэтай прычыны нават “Таварыства аматараў хамячкоў” можа стаць у вуснах дзяржаўных СМІ тэрарыстычнай арганізацыяй, “адмарозкамі” і дэструктыўнай апазіцыяй. З вышэйзазначаных прычынаў паспрабуем вярнуць сапраўдны сэнс гэтаму тэрміну.
Грамадскія арга-нізацыі – гэта дабраахвотныя аб’яднанні людзей, заснаваныя на агульнасці інтарэсаў, ці для вырашэння якой-небудзь праблемы. Знікне праблема – знікне і грамадская арганізацыя, прызначаная яе вырашаць. Менавіта таму ў большасці краінаў прыняты заяўляльны, а не дазваляльны прынцып рэгістрацыі грамадскіх арганізацыяў у органах ўлады. Найстарэйшая ў Беларусі грамадская арганізацыя – “Таварыства беларускай школы”, заснаваная больш за 80 год таму для вырашэння праблемаў беларускамоўнага навучання, не знікла дагэтуль. І, на жаль, у хуткай перспектыве не знікне. Нават калі яе ліквідуе Міністэрства юстыцыі, застануцца людзі: бацькі, настаўнікі, вучні, якія будуць гуртавацца, пакуль не вырашаць праблему.
Грамадскія арга-нізацыі яшчэ называюць “трэці сектар”. Тут маецца падкрэсліць адрозненне ад першага – дзяржаўнага і другога – бізнэс-сектара грамадства. Адрозненне паміж сектарамі найперш тычыцца мэтаў: мэта дзяржаўнага сектара – забеспячэнне кіравання дзяржавай, падтрыманне парадку, бізнэсовы сектар мае за мэту атрыманне прыбытку. Таму сапраўдныя грамадскія арганізацыі не могуць мець ні палітычных, ні камерцыйных мэтаў. Яны могуць уплываць на прыняцце палітычных рашэннеў ці экнамічных законаў і праектаў праз грамадскую думку. Ну і апрошняе – грамадскія арганізацыі складаюцца з добраахвотнікаў. Туды ідуць паводле пераканання, а не з-за выгодаў ці пад прымусам. Таму яны ў Вялікабрытаніі, напрыклад, называюцца валанцёрскімі. У дэмакратычных краінах дзяржава зацікаўлена ў развіцці грамадскіх арганізацыяў – яны маюць шмат добраахвотнікаў, гатовых працаваць дзеля ідэі, таму вырашаюць праблемы грамадства нашмат меншымі сродкамі. Напрыклад, вырашэнне сацыяльных праблемаў: рэабілітацыя алкаголікаў, наркаманаў, дагляд састарэлых людзей, дапамога беспрацоўным і г.д. у Вялікабрытаніі цалкам аддадзеныя грамадскім арганізацыям.
Цяпер зразумела, чаму ні БРСМ, ні ДТСААФ не з’яўляюцца грамадскімі арганізацыямі. БРСМ мае дзяржаўнае фінансаванне, яго мэта – не вырашаць праблемы моладзі, а кантраляваць яе. ДТСААФ прымусова залічвае, ўсіх наведвальнікаў аўташколаў у свае сябры. Інакш не атрымаеш правы на кіраванне аўтамабілем. Ужо нельга назваць грамадскімі арганізацыямі і прафсаюзы – яны настолькі кантралююцца дзяржавай, што забыліся пра свае мэты – абарону правоў працоўных. Але настаўнікам лепш ведаць, ці выступае прафсаюз работнікаў адукацыі супраць кантрактнай сістэмы, закрыцця сельскіх школаў ці незаконных звальненняў настаўнікаў, ці бароніць іх ад бессэнсоўнай школьнай бюракратыі.
Грамадскія арга-нізацыі, створаныя дзяржавай, і называюць GONGO (Government Organized NGO), а арганізацыі, якія хаваюць свoй бізнэс пад выглядам грамадскай дзейнасці – BONGO (Business Organized NGO). Гэтыя назвы маюць адмоўную афарбоўку.
Таму далей гаворка пойдзе пра сапраўдныя адукацыйныя грамадскія арганізацыі, якія Настаўнік.інфо рэкамендуе сваім калегам.
- РГА “Таварыства беларускай школы” і РГА “Таварыства беларускай мовы” – аб’ядноўваюць людзей, зацікаўленых ў пашырэнні роднамоўнага навучання. Маюць суполкі ва ўсіх абласцях і ў большасці раёнаў Беларусі.
- ГГА “Цэнтар Супольнасьць” з 2000 году вядзе праграму “Настаўнік – Школа – Грамадства”, накіраваную на метадычную і грамадзянскую адукацыю педагогаў для дэмакратызацыі сістэмы адукацыі нашай краіны.
- Аб’яднанне маладых навукоўцаў ВІТ (Гродна) – праводзтць праграмы па правах дзіцяці, грамадазнаўству, юрыдычных асновах, краязнаўству.
- ГА Цэнтр “Трэці сектар” (Гродна) – вядзе найвыдатнейшую школу маладога журналіста. Прымаюць вучняў з 16 год. Вельмі раім куратарам школьных прэс-цэнтраў, газет, інтэрнэт-сайтаў.
- ГА “Адукацыйны цэнтр ПОСТ” – добра вядомы не толькі сваімі метадычнымі трэнінгамі, але і бюлетэнем “Куток настаўніка”. Па выніках уласных праграмаў мае цэлы шэраг метадычных дапаможнікаў.
- Сацыяльна-педагагічнае грамадскае аб’яднанне “Чазенія” (Заслаўе) – праводзіць метадычныя семінары для педагогаў па стратэгіі актыўнага навучання, трэнігі для падлеткаў. – ГА “Фокус-група” – асабліва раім сацыяльным педагогам, супрацоўнікам інтэртнатаў, тым, каму патрэбна літаратура па прафілактыцы ВІЧ, здароваму ладу жыцця, профарыентацыі.
- ГА “Дыярыуш” – рэгулярна праводзіць конкурсы для дзяцей на тэму “Блізкая гісторыя”.
Зразумела, мы пералічылі не ўсе арганізацыі, з якімі варта супрацоўнічаць. Калі ў вас ёсць патрэба знайсці кантакт калегаў ці арганізацый, з якімі б вы хацелі супрацоўнічаць у нейкай тэме, калі ласка, пішыце нам на электроннўю скрыню nastaunik.info@gmail.com , мы абавязкова злучым вас з аднадумцамі.
АленаЧмель.
Фота Веры Мацкевіч