Дапаможнік па калядаванні

Універсальны дапаможнік, матэрыялы якога можна выкарыстоўваць не толькі ў школе, але і ва універсітэцкіх і моладзевых гуртках, складзены Ігарам Кузьмінічам. Акрамя ўласна дапаможніка, прапануем вашай увазе аўдыёзапісы калядак.
Спампаваць дапаможнік (doc, 90 КБ)
Уваходная песня (1 МБ)
Як пад новым годам (1,5 МБ)
Го-го-го каза (0,5 МБ)
Зямля і неба (1,4 МБ)
Развітальная (0,4 МБ)
Паводле http://ikuzminich.livejournal.com/

АСНОЎНАЯ ЧАСТКА ДАПАМОЖНІКА 

1. ЯК АРГАНІЗАВАЦЬ ПАДРЫХТОЎКУ ДА КАЛЯДАВАННЯ?

Падчас арганізацыі калядаванняў трэба ўлічваць некалькі істотных момантаў:

1. Сабраць групу калядоўшчыкаў

2. Падрыхтаваць групу калядоўшчыкаў

3. Падрыхтаваць касцюмы калядоўшчыкаў

4. Вызначыць час калядавання, месца калядавання і, магчыма, маршрут калядавання

1. Арганізаваць калядаванні можна сіламі сям’і, сабраўшы сяброў, сіламі сяброў грамадскага аб’яднання, сіламі класа, навучальнай групай універсітэта, новымі і незнаёмымі людзьмі і г.д.

У залежнасці ад таго, з кім вы збіраецеся арганізоўваць калядаванне, выбірайце і спосаб, пры дапамозе якога вы будзеце далучаць людзей да сваёй групы калядоўшчыкаў. Найбольш простым і адносна эфектыўным спосабам з’яўляецца распаўсюджанне інфармацыі пра падрыхтоўку да калядаванняў праз інтэрнэт, асабліва праз мясцовыя папулярныя інфармацыйныя блогі ці сайты.

У выпадку, калі вы збіраеце толькі адну групу калядоўшчыкаў, улічвайце тое, што калядаванне адбываецца зімой і ёсць верагоднасць таго, што адзін, альбо нават некалькі чалавек могуць захварэць. Акрамя гэтага каляды – святочны час, а у студэнтаў – час сесіі. Таму варта заранёў паклапаціцца пра тое, каб першапачаткова група складалася як мінімум з сямі – васьмі чалавек. Тады ёсць верагоднасць, што як мінімум пяць чалавек здольны будуць калядаваць.

2. Памятайце, што вам неабходна сабраць у ідэале пяць чалавек. Група калядоўшчыкаў з пяці чалавек з’яўляецца аптымальнай. Дастаткова людзей для таго каб ладна спяваць, дастаткова весела і камфортана калядаваць (асабліва па кватэрах), можна абраць разнастайныя і яркія калядныя персанажы. І што вельмі важна, дазваляе адносна проста і свабодна заходзіць у вітальні ці на кухні (куды зазвычай запрашаюць калядоўшчыкаў, бо, па-першае, для людзей да якіх вы завіталі, калядоўшчыкі як правіла нечаканасць і яны не ведаюць, як сябе паводзіць і што рабіць, а, па-другое, калядоўшчыкі не разуваюцца, таму і магчымасці не маюць ісці далей за вітальню ці кухню).

Падрыхтоўка калядоўшчыкаў заключаецца ў: а) вытлумачэнні сутнасці свята і сутнасці складовых частак святкавання; б) развучванні тэкстаў песняў і словаў калядаванняў.

З досведу магу сказаць, што збіраць адну і тую ж групу людзей для рэпетыцыяў, як правіла не атрымліваецца. Таму на першай сустрэчы варта растлумачыць што такое калядаванне (глядзі ўводзіны) і сутнасць асобных частак калядавання (глядзі частку 5 і 6). І адразу пачаць спяваць калядныя песні і казаць словы азначаныя ў сцэнары кожны раз праходзячы ўвесь сцэнар. Гэта дазволіць прасцей засвоіць песні і словы і дазволіць не губляцца падчас калядавання.

Для зручнасці кожная з песняў пададзена дадаткова ў аўдыёверсіі для таго каб было лягчэй улавіць матыў песні.

3. Рыхтаваць касцюмы можна самастойна ці можна замовіць у мастакоў якія займаюцца саломапляценнем, іншымі народнымі промысламі. Адна маска з саломкі ў Градне каштуе 30 долараў па курсу ў беларускіх рублях. Дапамагчы замовіць маску і зорку з саломкі ў народных майстроў Яўгена і Тамары Блудавых можна, звярнуўшыся па e-mail: ikuzminich@gmail.com з пазнакай “Калядныя маскі”.

Сярод асноўных рэквізітаў: а) васьміканцовая зорка; б) маскі і вопратка; в) торба ці мех для накалядаванага. У якасці дадатковых рэквізітаў можна, хоць і не абавязкова, мець з сабой нейкі музычны інструмент напрыклад скрыпку ці акардэон, калі нехта ўмее на іх граць, альбо проста бубен ці званочкі.

Трэба памятаць, што ёсць некалькі персанажаў якія як правіла прысутнічаюць сярод калядоўшчыкаў. Гэта: а) Каза (раней гэтую ролю выконваў толькі мужчына); б) зорканош (дзядзька які нясе зорку і першым заходзіць у хату); в) торбанош (як правіла дзед які носіць торбу з накалядаваным); г) дзед які водзіць казу (гэты персанаж можа спалучацца з торбаношам); д) мядзьведзь, конь, бусел, баран; д) цыган ці цыганка, а таксама жаўнер, д’ябал. Каза і Зорканош сярод усіх персанажаў з’яўляюцца асноўнымі і абавязковымі. Усе астатнія персанажы могуць прысутнічаць ці не. Каза, як правіла, мае маску і вывернуты поўсцю вонкі кажух. У якасці кажуха можна выкарыстоўваць вывернутую дублёнку.

Трэба памятаць, што калядныя персанажы змяняліся на працягу гісторыі. Часам персанажамі выступалі нават вядомыя людзі з вёскі ці мясцовасці, дзе калядавалі. Для гэтага стараліся пераапрануцца ў гэтага персанажа і стараліся паводзіць сябе і гаварыць як гэты канкрэтны чалавек. Дзяўчаты, як правіла, не пераапраналіся ў жывёл, а проста ладна апраналіся. Дзяўчаты не гралі жывёлаў. У наш час дзяўчаты проста ладна апранаюцца ў нацыянальныя строі, альбо граюць цыганак.

Калядаванне – гэта своеасаблівы “карнавал”, таму трэба памятаць, што касцюмы калядоўшчыкаў павінны быць прыгожымі, калядна-карнавальнымі, прыцягваць увагу сваёй арыгінальнасцю. У гэтым сэнсе асабліва важную ролю граюць саламяныя маскі, якім варта надаць асаблівую ўвагу.

4. Час калядавання практычна з 26 снежня і да 13 студзеня (стары новы год). І зараз мы не будзем размаўляць пра традыцыйную Посную куцю, Шчодрую куцю і іншыя этапы Святочных Калядаў. Мы зараз спыняемся толькі на агульным вызначэнні часу, калі можна ладзіць калядаванні.

З досведу, найлепшым часам каб хадзіць па кватэрах з’яўляюцца: 26 снежня, 1, 2 студзеня, 7 студзеня і 13 студзеня. У гэтыя дні людзі, як правіла сядзяць за сталом і святкуюць. Таму найбольш зручна прыходзіць да іх у госці ў гэтыя дні ў другой палове дня. Хоць гэта не азначае, што вы можаце паспрабаваць у любы іншы дзень Калядаў.

Месца калядавання і магчымы маршрут калядавання неабходна вызначыць, калі вы збіраецеся хадзіць па кватэрах. Цалкам прымальным з’яўляецца наступны спосаб вызначэння маршрута: заходзіце калядаваць ў кватэру да знаёмых, а пазней выходзіце і калядуеце ў кватэрах пад’езда вашага знаёмага. Тры кватэры на розных паверхах дастаткова абыйсці для таго каб увесь пад’езд доўгі час абмяркоўваў гэтую падзею.

Акрамя гэтага, лягчэй ісці з верху ўніз, а не знізу ўверх. Таму варта спачатку падняцца на верхнія паверхі і пазней спускацца ўніз.

Цяжкім з’яўляецца вызначэнне рэлігійнай прыналежнасці той сям’і да якой вы зайшлі калядаваць, асабліва калі вы вырашылі калядаваць 26 снежня на каталіцкія каляды. У Градне некаторыя каталікі пішуць крэйдай на дзвярах сваёй кватэры тры пачатковыя літары імёнаў трох каралёў якія прыйшлі павіншаваць Хрыста. Таму можна выкарыстоўваць гэтыя надпісы для таго, каб не памыліцца. Але, як паказвае досвед, калядоўшчыкаў добра сустракаюць і каталікі, і праваслаўныя, калі тыя трапляюць да каталікоў на праваслаўныя каляды, ці да праваслаўных на каталіцкія.

4. АГУЛЬНАЕ АПІСАННЕ КАЛЯДАВАННЯ І ПРАГРАМА КАЛЯДАВАННЯ

Калядаванне ўяўляе сабой дзею-мініспектакль у кватэры асобнай сям’і. Вельмі істотным з’яўляецца элемент нечаканасці і сам прыход калядоўшчыкаў на прыватную тэрыторыю, у зону камфорту гаспадара з тым каб павіншаваць яго і пажадаць шчасця за тое што гэты канкрэтны чалавек дзеліцца сваім дабром з калядоўшчыкамі.

Каляды звязаныя з прыходам у хату і падпарадкоўваюцца ўнутранай логіцы прыходу, святкавання і адыходу з кватэры.

Усе словы і тэксты песняў падабраныя такім чынам, што яны самі падказваюць гаспадару, што трэба рабіць з калядоўшчыкамі. Калядоўшчыкі як быцам дапамагаюць арганізаваць дзею, ў якую ўцягваюцца не толькі калядоўшчыкі, але і гаспадары становяцца паўнавартаснымі ўдзельнікамі калядавання.

Калядаванне падпарадкоўваецца лагічнаму плану (праграме). Гэта праграма складаецца з наступных этапаў:

            1. Уваход у кватэру;

            2. Віншаванне гаспадароў;

            3. Танец Казы і “паміранне” Казы разам са зборам каляды;

            4. Песня–падзяка гаспадарам за гасціннасць і за каляду.

            5. Развітанне з гаспадарамі

1. Уваход у кватэру. Калі мы заходзім у кватэру – мы павінны павітацца з гаспадарамі. Менавіта таму прысвечана першая песня “Дзень добры дзень, Пане Гаспадару” і словы якія гаворацца адразу пасля гэтай песні. Агульны сэнс словаў пасля песні заключаецца ў тым, што калядоўшчыкі пытаюць гаспадара, ці дазваляе ён зайсці калядоўшчыкам і заспяваць калядкі, ці хоча так проста адкупіцца ад калядоўшчыкаў і не хоча каб яны заходзілі і яму заміналі.

Паколькі сёння амаль усе пад’езды дамоў абсталяваныя дамафонамі, то набраўшы нумар кватэры, калядоўшчыкі спяваюць першыя два радкі уваходнай песні, а потым пытаюцца ці дома гаспадар і гаспадыня і дазволу ўвайсці калядкі паспяваць. І толькі пазней, зайшоўшы ў пад’езд, калядоўшчыкі маюць магчымасць свабодна выбіраць кватэры ў якія хочуць зайсці.

Лепш, калі словы па чарзе прамаўляюць усе калядоўшчыкі. Так прасцей іх запомніць, але трэба памятаць, што першым ў кватэру заўсёды заходзіць і першым выходзіць Зорканош з Зоркай, і, як правіла, ён выконвае ролю асноўнага “вядучага” – першы прамаўляе, вітаецца з гаспадарамі і г.д. для таго, каб не марнаваць часу падчас пераходу ад адной кватэры да другой, ці ад аднаго дому да другога, калядоўшчыкам варта спяваць калядныя песні. З аднаго боку, самі тэксты песен лепш запамінаюцца, а з другога – калядоўшчыкаў бачаць і чуюць гараджане, да якіх калядоўшчыкі не зайшлі.

2. Віншаванне гаспадароў. Калядоўшчыкі віншуюць сваімі спевамі гаспадароў якія дазволілі ім зайсці ў хату. У якасці першай песні прапануем заспяваць “Як пад новым годам зорачка свяціла”. Заместа гэтай песні можа быць любая іншая ладная калядная песня.

Пасля песні калядоўшчыкі кажуць віншавальныя словы і жадаюць шчасця, здароўя і ўсяго найлепшага ў Новым годдзе.

3. Танец Казы і “паміранне” Казы. Пасля віншавання калядоўшчыкі просяць звярнуць увагу на тое, што яны прывялі з сабой Казу. Пад песню “Го-го-го Каза, го-го-го шэра” Каза выконвае танец. Гэта могуць быць любыя жартаўлівыя рухі, скокі,на якія здольна асоба, якая выконвае ролю Казы. Асноўная задача –  развесяліць усіх прысутных.

Прычым адразу пасля выканання танца Каза падае на падлогу, дрыгае нагамі і рукамі дэманструючы, што яна памірае, ці вельмі стамілася.

Гэтая частка “памірання” Казы цесна звязана з абгрунтаваннем прычыны, па якой гаспадар павінен даваць каляду (у нашым выпадку своеасаблівы выкуп). Яго трэба даваць каб Каза магла ўстаць, ажыць, падсілкавацца.

Што трэба гаспадарам даваць у якасці каляды падказваюць калядоўшчыкі якія прагаворваюць словы, напрыклад: “Залезь на баляску, дастань каўбаску”. Гэтыя словы некалі мелі літаральны сэнс: дастаць з месца дзе захоўваецца мяса каўбасу і аддаць яе калядоўшчыкам. Але паколькі сёння няма балясак, а ёсць лядоўні, то варта перарабляць жартаўлівыя формы зваротаў да гаспадара на тыя прадукты і тыя рэчы якія ёсць сёння ў кватэрах.

Не трэба забываць, што за тое, што гаспадары даюць прадукты ці грошы, калядоўшчыкі дзякуюць ў віншавальнай форме (глядзі словы падзякі ніжэй).

4. Песня–падзяка гаспадарам за гасціннасць і за каляду. Раз гаспадары добра прынялі калядоўшчыкаў і далі каляду, за гэта калядоўшчыкі спяваюць яшчэ адну песню, напрыклад гэта можа быць калядная песня “Неба і Зямля”. Але тут можа быць і любая іншая калядная песня.

5. Развітанне з гаспадарамі. Адразу пасля выканання песні-падзякі калядоўшчыкі развітваюцца віншавальнымі словамі і выходзяць з кватэры выконваючы песню “Дзякуй гэтаму дому, а мы пойдзем к другому”.

Такім чынам, калядаванне ў асобнай кватэры складаецца з Прывітання і выканання вітальнай песні, асноўнай часткі якая складаецца са святочнай песні, песні і міні-спектакля Казы, песні-падзякі за падарункі гаспадарам і развітальнай песні.

Прычым калядоўшчыкі сваімі словамі і песнямі тлумачаць гаспадарам, што ім трэба рабіць у кожны канкрэтны перыяд калядавання. Калядаванне пабудавана на імправізацыі калядоўшчыкаў і гаспадароў і менавіта спалучэнне гэтых дзеючых асоб стварае ў рэшце рэшт свята калядаў у канкрэтнай сям’і.

Часам гаспадары просяць калядоўшчыкаў заспяваць яшчэ якую-небудзь песню. Таму калядоўшчыкам варта апрача “абавязковага” рэпертуару з вышэйпералічаных песняў ведаць, як мінімум яшчэ адну калядную песню.

 

 5. ТЭКСТЫ КАЛЯДАК І АЎДЫЁ ВЕРСІЯ КАЛЯДАК

Аўдыёверсія калядак аніяк не прэтэндуе на дасканалае выкананне. Асноўная мэта аўдыёверсіі калядак ў дапаможніку – паказаць прыклад выканання і мелодыю песняў для непрафесійных музыкаў. Прыклад павінен дапамагчы падрыхтавацца да выканання калядак.

У выпадку слабой падрыхтоўкі да выканання песняў можна запісаць аўдыёверсію на тэлефон ці мр3 прайгравальнік і праз навушнікі слухаць і паўтараць словы падчас калядаванняў.

 

Уваходная песня 1:

Дзень добры дзень , Панне Гаспадару

Каляда-маляда ды калядачка,

Дзень добры дзень , Панне Гаспадыня

Каляда-маляда ды калядачка,

А і слава таму хто ў гэтым даму.

Каляда-маляда ды калядачка,

Хлопцам мы жадаем жыць жаўжды багата

Каляда-маляда ды калядачка,

А каб Вас дзяўчаты камары не елі

Каляда-маляда ды калядачка,

Мухі не кусалі, хлопцы цалавалі.

Каляда-маляда ды калядачка

  Аўдыёверсія песні 1: https://nastaunik.eu/files/f/654_Uvachodnaja.MP3

-         Ці дома гаспадар?

-         А ці дома гаспадыня?

-         Добры вечар у хату! Адкажы нам, гаспадар, ці зайсці, ці сесці, ці каўбасу з’есці

-         Ці вялеш гаспадару каляду заспяваці, ці так Калядзе даці?

-         Мы вашага двара дый не мінаем, з Калядным святам песню вітаем.

 

 ПЕСНЯ 2 Як пад новым годам зорачка свяціла,

 

Новы год новы зорачка свяціла,

Ды божая маці сына нарадзіла

Новы год новы сына нарадзіла

Сына нарадзіла ў пялены спавіла

Новы год новы ў пялены спавіла

Ў пялены спавіла ў яслі палажыла

Новы год новы ў яслі палажыла

Ў яслі палажыла анелам сказала

Новы год новы анелам сказала

Анелы святыя калышыце сына

Новы год новы калышыце сына

Ды спявайце песьні, песенкі святыя

Новы год новы песенкі святыя

А ўсе людзі рады ўсе весяляцца

Новы год новы ўсе весяляцца

На божага сына ды не наглядзяцца

Новы год новы ды не наглядзяцца

 Аўдыёверсія песні 2: https://nastaunik.eu/files/f/655_JakPadNovymHodam.MP3

-         Мы са святам вас вітаем, шчасця, радасці жадаем!

-         Каб у вашай хаце было заўсёды што даці!

-         Каб былі міскі, лыжкі памыты, і вашыя дзеткі сыты!

-         Каб мірна, весела жылося, каб хацелася і маглося!

-         Каб пілося-елася і яшчэ хацелася!

-         Будзь, Ваша, здаровы, як рыжык баровы!

-         Май торбу грошай, жыві ў раскошы!

-         Збожжа поўнае клецце, павагу ў свеце!

-         Усяго даволі, а бяды – ніколі!

-         Судзі, Божа, гэтыя святы праважаці ды й другіх дачакаці!

 

-         А во, паглядзіце, каго мы з сабой прывялі! (гаспадары адгадваюць, што каза)

 

ПЕСНЯ 3. ТАНЕЦ КАЗЫ (го-го-го, каза!)

Го-го-го каза, го-го-го шэра

Дзе рожкі дзела - на соль праела.

Го-го-го каза, го-го-го шэра,

Дзе яна хадзіць – там жыта радзіць.

Дзе каза хвастом -там жыта кустом.

Дзе каза нагой - там жыта капой

Дзе каза рагом - там жыта стагом.

Дзе яна бывае – шчасціе вітае.

Го-го-го каза, го-го-го шэра

 Аўдыёверсія песні 3: https://nastaunik.eu/files/f/656_Kaza.MP3

-      Табе, дзяцька (цётка), каляда, а нам давай пірага.

-         А ну, барджэй, не баў гасцей! Механошу – копу грошай, падхватнічкам па цукерачцы, па цукерачцы на талерачцы. Пачынальніку – чырвоны злоты

-         Ад кошачкі – сала трошачкі

-         Ад кароўкі – чвэрць палоўкі

-         Ад коніка – бочка солі

-         Ад авечкі – рэшэта грэчкі

-         Ад свінкі – шрот саланінкі

-         Хутчэй дарыце, нас не марыце (хорам)

 

(Падчас пачастункаў адароныя кажуць:)

-         Які гэта піражок, каб гэтакі каласок!

-         А з таго каласочка, каб жыта бочка!

-         А за гэты кусок сала – каб свіння дзверы выстаўляла!

 

-         А зараз, на развітанне дазвольце ў вашай хаце яшчэ адну песню заспяваці.

 

ПЕСНЯ 4

Неба і зямля неба і зямля радасна спяваюць

Анелы свету, анелы свету дзіва абвяшчаюць

 

Прыпеў:

Хрыстос нарадзіўся Бог аб’явіўся

Анелы спяваюць пастушкі іграюць

Дзіва, дзіва абвяшчаюць.

 

Ў Батліеме ў Батліеме вясела навіна

Чыстая дзева, чыстая дзева нарадзіла сына

 

Прыпеў:

Хрыстос нарадзіўся Бог аб’явіўся

Анелы спяваюць пастушкі іграюць

Дзіва, дзіва абвяшчаюць.

 

І мы дзіцятку і мы дзіцятку Богу паклон дайма.

Слава на ўзвышніх, слава на ўзвышніх яму заспявайма

Прыпеў:

Хрыстос нарадзіўся Бог аб’явіўся

Анёлы спяваюць пастушкі іграюць

Дзіва, дзіва абвяшчаюць.

 Аўдыёверсія песні 4: https://nastaunik.eu/files/f/657_NiebaIZiamlia.MP3

 - А за гэтымі словамі святкуйце здаровымі! Дый з сямейкаю дый з вясёленькаю.

 
 ПЕСНЯ 5

Дзякуй гэтаму дому, а мы пойдзем к другому

Каляда-маляда ды калядачка,

Пойдзе наша Каляда да другога двара

Каляда-маляда ды калядачка, (з гэтай песняй усе кучай выходзяць)

 Аўдыёверсія песні 5: https://nastaunik.eu/files/f/658_Razvitalnaja.MP3

ПЕСНЯ 6 (дадатковая)

Ўчора звячора засвяціла зора

Ўчора звячора засвяціла зора, засвяціла зора

Зара засвяціла свет узвесяліла

Зара засвяціла свет узвесяліла,свет узвесяліла

Свет узвяселіўся Хрыстос нарадзіўся

Свет узвяселіўся Хрыстос нарадзіўся, Хрыстос нарадзіўся

Хрыстова раджэнне людзям на збаўленне

Хрыстова раджэнне людзям на збаўленне, людзям на збаўленне.

Людзі прыбягайце Хрыста прывітайце

Людзі прыбягайце Хрыста прывітайце, Хрыста прывітайце.

Здаровы бывайце нам каляду дайце

Здаровы бывайце нам каляду дайце, нам каляду дайце.

Здаровы святкуйце дайце не шкадуйце

Здаровы святкуйце дайце не шкадуйце, дайце не шкадуйце.

6. АЎТАР СЦЭНАРА КАЛЯДАВАННЯ

Аўтарам сцэнара калядавання і аўтарам адбору песняў якія змешчаны ў дадзеным дапаможніку з’яўляецца Ігар Лапеха. Са свайго боку, аўтар кароткага дапаможніка паспрабаваў толькі падзяліцца ўласным досведам падрыхтоўкі, арганізацыі і правядзення калядавання.

 ПАСЛЯМОВА

Гэта кароткая версія дапаможніка з’яўляецца толькі часткай навучальна-метадычнага дапаможніка па арганізацыі і правядзенню Калядаў. Маю надзею, што ў бліжэйшы час таксама паўстануць навучальна-метадычныя дапаможнікі арганізацыі іншых беларускіх святаў: Беларускай Ялінкі, Вялікадня (разам з валачобнікамі), 25 сакавіка, Радуніцы, Купалля, 8 верасня, Дзядоў.

Толькі ад беларусаў залежыць наколькі беларускае асяроддзе будзе вакол нас.

 Ігар Кузьмініч