Спадзявацца на сябе?..

Міхась Булавацкі, Магілёў

11 студзеня ў Магілёўскім універсітэце імя Аркадзя Куляшова адбылося «Беларускае пяціборства-ХІ».

Аналізуючы працы сёлетніх пяціборцаў, можна адзначыць, што ў параўнанні з мінулагоднімі палепшыліся вынікі толькі ў матэматыцы, усе астатнія балы сталі ніжэй або на тым жа ўзроўні. Валоданне роднай мовай прыблізна такое ж – адна памылка на 10–15 слоў. Перад пачаткам спаборніцтва прадстаўнік аргкамітэта папрасіў падняць рукі тых, у каго адзнакі па беларускай і рускай мовах аднолькавыя. Паднялі рукі 26 з трыццаці чалавек. «А зараз няхай паднімуць рукі тыя, хто сам лічыць, што ведае гэтыя мовы аднолькава.» Тут паднялі рукі толькі тры чалавекі. Вучні самі разумеюць фальшывасць выстаўленых ім высокіх адзнак па мове.

Вельмі нізкія балы атрымаліся ў намінацыі «літаратура». Спаборнікам прапаноўвалася па верлібрах паэта і фрагментах яго біяграфіі распазнаць Максіма Танка, стагоддзе якога будзем адзначаць у гэтым годзе, і, як бы зазірнуўшы ў душу гэтага чалавека, дапоўніць прапушчаныя радкі верлібраў. Назвалі Максіма Танка два спаборнікі і пяцярым удалося пранікнуць у сутнасць аднаго з чатырох верлібраў, больш-менш трапна дапоўніць яго прапушчаны радок. За поўны і правільны адказ на гэтае пытанне спаборнік мог атрымаць 50 балаў. Агульнымі намаганнямі назбіралі 35 балаў з магчымых 1500.

Тут варта задумацца. Не чытаць твораў лепшых пісьменнікаў, паэтаў сваёй краіны – гэта значыць губляць духоўную сувязь з мінуўшчынай, з зямлёй, на якой нараджаліся, раслі, гадаваліся, жылі, працавалі, мыслілі і стваралі продкі, гэта значыць губляць свае карані. Без такіх сувязяў, без гэтых каранёў чалавек становіцца слабым, безабаронным, як той смоўж, які ратуецца, схаваўшыся ў ракавіне і адасобіўшыся ад усяго свету.

Сапраўды,

Ты яшчэ толькі намёк на чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на маці;
Ты яшчэ – чвэрць чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на дружбу;
Ты толькі – паўчалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на любоў, –
І толькі тады становішся чалавекам,
Калі …

Якую думку заклаў паэт у апошні радок? І нашы смоўжыкі пагалоўна адказваюць: «…Калі спадзяешся на сябе».
А што ж у аўтара?

І толькі тады становішся чалавекам,
Калі ўсе могуць спадзявацца
На цябе.

Магчыма, хаця б гэтыя трыццаць небесталанных маладых людзей, прачытаўшы думку паэта ў нашым аркушы з адказамі (такі аркуш кожны ўдзельнік атрымоўваў па заканчэнні спаборніцтва), здзівяцца, збянтэжацца і задумаюцца. І пацягнецца кволы карэньчык да нашай зямлі, да нашай духоўнасці… Дай Бог!