Палажэнне
Прэмія імя акадэміка Вацлава Ластоўскага
для беларускамоўных выкладчыкаў ВНУ
• Уводзіны
Заснаванне прэміі імя акадэміка Вацлава Ластоўскага абумоўлена слабым развіццём беларускамоўнай вышэйшай адукацыі. Сёння ў Беларусі не існуе цалкам беларускамоўных ВНУ. Па сутнасці, выкладанне па-беларуску асобных прадметаў ва ўніверсітэтах трымаецца на ўласнай ініцыятыве неабыякавых выкладчыкаў.
Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, беларускамоўны педагагічны патэнцыял у ВНУ Беларусі захаваўся і пры адпаведных умовах можа значна ўзрасці. Да таго ж, кіраўніцтва некаторых універсітэтаў ставіцца да пытання беларускамоўнага выкладання калі не з зацікаўленнем, дык нейтральна. Вялікая колькасць студэнтаў і абітурыентаў ставіцца прыхільна да выкладання па-беларуску. У 2006 годзе адбыўся неафіцыйны рэферэндум за родную мову – вялікая колькасць абітурыентаў (75 000) здавала тэсты на роднай мове, у той час, як закончылі школу з беларускай мовай навучання ўсяго каля 22 000. Ва ўніверсітэты краіны ў апошнія гады ўлілася новая хваля беларускамоўнага студэнцтва з ліку выпускнікоў сярэдніх школ, якія навучаліся па-беларуску ў самы пік развіцця класаў з беларускай мовай навучання.
Адчуваецца пільная патрэба ў маральнай падтрымцы беларускамоўных выкладчыкаў вышэйшай школы, стымулявання выкладання па-беларуску. Усведамляючы, што падтрымка беларускасці – ёсць не толькі падтрымка нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, але і ўнёсак у культурную разнастайнасць у свеце, Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Таварыства беларускай школы» (ТБШ) пры падтрымцы іншых недзяржаўных арганізацый і дзеячаў культуры і навукі, засноўвае тры штогадовыя прэміі імя акадэміка Вацлава Ластоўскага для выкладчыкаў і прафесараў беларускіх ВНУ.
Асноўнымі задачамі заснавання прэміі імя акадэміка Вацлава Ластоўскага з'яўляюцца:
- Маральная падтрымка беларускамоўных выкладчыкаў ВНУ;
- Прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем беларускамоўнага выкладання ва універсітэтах Беларусі;
- Фарміраванне грамадскай думкі аб прэстыжнасці навучання і выкладання па-беларуску;
- Аб'яднанне беларускамоўных выкладчыкаў, спрыянне іх супрацоўніцтву, абмену досведам працы, арганізацыі супольных праектаў і публікацыяў.
• Парадак і ўмовы правядзення конкурса
Для ўдзелу ў конкурсе выкладчыкі ВНУ да 15 мая 2007 г. накіроўваюць запоўненую анкету на адрас электроннай пошты lastouski@gmail.com ці па пошце 220029 Мінск, а/с 64. Асноўныя крытэрыі ў конкурсе – беларускасць, наватарства і прафесіяналізм. Перавага будзе аддавацца выкладчыкам дысцыплін, якія звычайна не выкладаюцца па-беларуску.
Арганізацыйна-прэміяльная рада з ліку педагогаў і навукоўцаў Беларусі вывучае стан адукацыйнага працэсу універсітэтаў, збірае анкеты ўдзельнікаў конкурса і ўносіць рэкамендацыі прэміяльнаму камітэту для канчатковага рашэння. Камітэт вызначае пераможцаў, якім афіцыйна ўручаюцца ганаровыя дыпломы, шыльды, а таксама дае рэкамендацыі на выданне навучальных дапаможнікаў.
Прэміяльны камітэт з ліку вядомых дзеячаў навукі і культуры вызначыць да 30 чэрвеня 2007 г. лаўрэатаў прэміі і ўручыць спецыяльныя дыпломы, рэкамендацыі да друку дапаможнікаў двум намінантам.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па электроннай пошце, напісаўшы на lastouski@gmail.com, ці па тэлефоне 029–7520821.
• Склад арганізацыйна-прэміяльнай рады
- Алесь Лозка, старшыня РГА «ТБШ»;
- Сяргей Запрудскі, старшыня ГА “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”;
- Алена Макоўская, выканаўчы старшыня ЗБС «Бацькаўшчына»;
- Лявон Баршчэўскі, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра;
- Яраслаў Крывой, юрыст;
- Віталь Алісёнак, філолаг.