Школьныя святы з ініцыяцыі

“Я БАЧУ СНЫ АБ БЕЛАРУСІ”
(выпускное свята ў пачатковай школе)

Сцэнарый склала настаўніца тэатральнага фальклору Алена Малашонак.
Выканалі вучні 4-га класа пры ўдзеле іншых класаў этнашколы ў 2002 годзе.
Пастаноўка Алены Малашонак. Захоўваецца відэазапіс.

Дзеючыя асобы:
Вядучая ( настаўніца)
Падарожны
Хлопец
Русалкі
Скамарохі
Дзяўчаты і хлопцы(моладзь)

На пляцоўку выходзіць Вядучая і пачынае расповяд.
Вядучая. Калісьці, шмат гадоў таму, існаваў на Беларусі школьны тэатр. Тэатр, у якім вучні расказвалі на сцэне Свяшчэннае пісанне, гісторыі з міфалогіі, ставілі інтэрмедыі і інш. Праз гэта яны вывучалі не толькі гісторыю, культуру, мову, музыку, танец, а яшчэ і жыццё. І як шкада, што сёння няма больш такіх школ. А вось нашым дзецям пашчасціла. Яны апынуліся ў з’яве, падобнай на даўнюю – у фальклорным тэатры. Яны выхоўваюцца на народных традыцыях, удзельнічаюць у фальклорных святах і абрадах. Яны не проста вучні, а артысты фальклорнага тэатра. Сёння ў іх свята, яны развітваюцца з пачатковай школай і хочуць з дапамогай сваіх сяброў паказаць, чаму яны навучыліся.
Верш “Я бачу сны аб Беларусі” чытае вучань 4-га класа :
Край мой, дзе горы паўсталі ўзнёсла,
Край сініх вод, чаратамі зарослых,
Пушчаў, дзе ў голлі хаваецца сонца,
Колькі прыгадак ты будзіш штодзённа,
Ў промнях вясновых, у барвах зялёных
Ты мне з’яўляешся казкай бясконцай.
Згадваю сумную песню ратая
Ці пастуха, што па-простаму грае,
Часам, калі ў лясах ля азёраў
З кобзаю рэха гамоніць паўторам
Ці калі люд пасля дзённае працы
Гучна спяшае ля хаты сабрацца,
Чуючы мяккі палон прахалоды,
Слухаць ад старца сівога прыгоды
Прашчураў слынных, асілкаў, герояў.
Слава і дзіва паданне старое,
Што аж ад продкаў па бацькавым краі
З вёскі да вёскі вандруе, блукае!
Вядучая. Хлопчыку снілася Бацькаўшчына. У снах ён вяртаўся да яе, туды, дзе ляжала зямля бацькоў – зямля бурштынавых лясоў і крынічнай сінявы азёраў і рэк, старажытных міфаў і паданняў. Зямля, дзе свята верылі ў адухоўленасць нябёсаў, зямлі і водаў, дзе гарэў нязгасны агонь Зніча. Край, дзе ён нарадзіўся. Пад зорамі якога спазнаў каханне. З крыніц якога наталяў смагу. Там прайшло ягонае дзяцінства, там адгараць дні ягонага юнацтва. Час перад Купаллем.
Дзве русалкі размаўляюць паміж сабой, ўспамінаюць былое.
1-я русалка. У даўнія часы Беларусь выглядала інакш, як цяпер. Тады ўвесь наш край быў пакрыты густымі спрадвечнымі лясамі. Гэтых лясоў ніхто ніколі не сёк. Дрэвы раслі сотні гадоў і самі валіліся на зямлю ў часе буры.
2-я русалка. Так, як і цяпер, на прасторы Беларусі было шмат азёраў і рэк. Замест таго, каб прасякаць дарогі праз лясы, нашыя прародзічы пераязджалі з месца на месца па вадзе – рэкамі ды азёрамі.
Пад бярозай адпачываюць: стары чалавек – Падарожны і Хлопец
Падарожны. Прыемна адпачываць тут, у цяньку бяроз каля крыніцы!
Хлопец. Цяжка ісці ў такую спякоту, а да вёскі, ці да якога-небудзь мястэчка яшчэ далёка.
Падарожны. Найлепей ісці, калі сонца схіліцца да захаду і адзавуцца спевамі саловак лясы, а цяпер усюды ціха – і птушкам дакучае сонечная спёка.
Хлопец. Куды ты ідзеш?
Падарожны. Туды, далёка… (Паказаў рукою).
Хлопец. Будзеш мне спадарожнікам, бо я таксама іду ў той бок?
Падарожны. Ахвотна! Тым больш, што сёння будзе ноч, поўная незвычайных здарэнняў. Купалле. Моладзь ходзщць у купальскім карагодзе.
Песня “Йшла Купалка па вуліцы”. Моладзь сядае вакол імправізаванага вогнішча..
Гавораць па чарзе:
- Іван ды Мар’я, на гарэ купальня, дзе Іван купаўся, бераг калыхаўся. Дзе Мар’я купалась, трава рассцілалась.
- Ноч Купалы поўная незвычайных здарэнняў, уся прырода ў гэтую ноч весяліцца.
- Рыбакі расказвалі, што бачылі азёрнае люстра, якое часам раскашуе ў месяцовым ззянні, і хоць неба было ясным, і паветра спакойным, бліскучыя хвалі, удараючы ў берагі, разбіваліся на кроплі, якія, нібы зоркі свяціліся ў паветры.
- Дрэвы ў лесе таксама могуць пераходзіць з аднаго месца на другое, а шумам сваіх гплін яны размаўляюць паміж сабою. Я чула, як дубы сыходзяцца з розных мясцін і, зрабіўшы кола, гамоняць шолахам галін, прыгадваючы, быццам старыя ваяры, свае гераічныя ўчынкі і даўнія заслугі.
- Чуеце…? Там, у цемры нехта шукае скарбы. Аднак самы шчаслівы той, каму пашэнціць сарваць Папараць-кветку. Яго зрок у глыбіні зямлі прыкмячае закапаныя скарбы, і ён столькі можа мець золата, колькі сам захоча.
Хлопец і Падарожны, пераапранутыя ў нячысцікаў, палохаюць моладзь, якая разбягаецца.
Хлопец. Пуцявіны нашага жыцця, як пуцявіны жахлівых сноў.
Падарожны. І цяжка дачакацца світання, якое б абудзіла ад гэтых страшных прывідаў.
Хлопец. Можа і ты шукаеш скарбы ў гэтым краі?
Падарожны. Навошта іх шукаць, калі сапраўдныя скарбы даруе нам родная зямля ўвосень. Багач.
Удзельнікі выконваюць песні “Ой, ляцелі журавы” і “Ішоў казёл…”.
Дзяўчына.
Мой мужык невялік, ды скакаць не вяліць.
Ой, ты мельнік, мельнічок, ты – харошы мужычок.
Удзельнікі выконваюць танец “Млынок”.
2 – гая дзяўчына. І топну нагой, і прытопну другой. Колькі я не тапачу, усёраўно скакаць хачу.
Выконваецца танец – песня“Боб малаціць”.
Хлопец. Ці даўно ты бачыў родныя пагоркі і лясы?
Падарожны. Нядаўна праведаў той край. Бачыў: пагоркі на сваім месцы, а лясы страшэнна знявечаны. Шмат! Шмат перамен! Змрочны час, неўраджайныя гады, зніклі вясёлыя забавы сялян і ў полі не пачуеш песні пастуха. Толькі плачка на могілках сумным голасам кранае душы тых, хто ідзе блізка ад таго месца. Дзяды.
Удзельнікі выконваюць абрадавыя дзеянні. Хлопец і Падарожны выпадкова сустрэліся зноў.
Хлопец.
Гляджу я на цябе, і не магу прыгадаць, дзе бачыў. Выпадкам не на сеніцкіх вячорках? Можа мы з табой землякі?
Падарожны. Мо і так. Бо там прамінулі найшчаслівейшыя дні майго жыцця.
Хлопец. Калісці былі лепшыя часы. Люба было бачыць строі і забавы людзей на свяце або вяселлі.
Падарожны. Ці памятаеш? Вёску на беразе рэчкі ці памятаеш? Калісці там заможны селянін Лукаш выдаваў дачку замуж. Усяго там ставала гасцям: багата было ежы і пітва. Памятаеш гэтую песню…
Удзельнікі выконваюць песню “А ў гародзе ліпачка”і танец “Падушачка”.
Хлопец. Вандруючы па Беларусі, я бачыў перад сабою велізарныя вёскі, белыя мураваныя храмы і камяніцы двароў, шырокія зялёныя палі, сям-там невялічкі сасновы бор або бярозавы гай, чуў працяглы і гучны спеў селяніна.
Падарожны. Шмат наш край зазнаў розных перамен. Хутка згінуць тыя чорныя хмары і цёмная бура, закрасуе вясна, прыйдзе заможнасць і на нашы лугі і палі.
На пляцоўку выбягаюць скамарохі- зазывальнікі:
- Слухайце маю аб’яву: абяцаю ўсім забаву. Зараз будуць песні, скокі – выступаюць скамарохі
- Не было ветру, ды надзьмула, не было госцей, ды наплескала! Заходзьце, госці дарагія! Заходзьце, сядайце!Няма дзе сесці – на кукішкі прысядзьце! Масленічны кірмаш.
Удзельнікі выконваюць масленічныя песні, танцы, карагоды.
Падарожны. Вясна! Асвятляй нас сваімі промнямі! Ляльнік.
Удзельнікі спяваюць Вяснянкі, заклікаюць вясну, ходзяць у карагодах.
Хлопец. Што гэта? Пэўна насоўваецца навальніца?
Падарожны. Не, гэта злыя чары мясцовых вядзьмарак.
Хлопец. А што, у нас і ведзьмы былі?
Падарожны. Маці мая распавядала, што калісці жыла ў нашых мясцінах адна маскоўка. Яе гаспадара як забралі, дык з тых часоў неведама, куды ён дзеўся. Маскоўка перш наймалася на работу падзённа, а потым пачала то шаптаць, то даваць зелля, ды з таго і жыла. Але вось пайшла па сялу пачутка, што тая маскоўка стала ведзьмаю. То той, то сёй пачалі расказваць, што бачылі, як маскоўка прасцілала па расе ручнік да збірала расу ў дайніцу, каб цягнуць к сабе малако з тых кароў, якія пройдуць па тым месцы. Другія казалі, што самі бачылі, як яна круцілася каля кароў і што з тых часоў у кароў не было малака, ці яно было змешана з крывёю. Многа чаго гаварылі людзі пра тую маскоўку і пачалі яе лічыць ведзьмаю.
Хлопец. Хутчэй, хадзі сюды, пакажу дзіва! Паглядзі, што дзеецца! Сёмуха .
Выбягаюць русалкі з распушчанымі доўгімі валасамі, спяваюць песні, смяюцца.. Пад спевы русалак Хлопец засынае.
Вядучая. У мігаценні агменя сніўся хлапчуку родны край. У вясновым шапаценні зялёных вяршалін чуўся яму спеў пушчаў. І снілася вечаровае сонца, што стомлена пакідала залітае рабінавай чырванню неба і кацілася за спічастую сцяну лесу. Апошнія промні бліскавіцамі зіхацелі на рачных хвалях. Снілася Бацькаўшчына, якая жывымі вобразамі жыве ў ягоным сэрцы. І водар скошаных траў… І крыкі драчоў на лугах… І бацькоўская рука на плячы… Нікому хлопец не казаў пра свае сны.
На сцэнічную пляцоўку выходзяць усе удзельнікі спектакля і спяваюць гімн школы “Не загаснуць зоркі ў небе” ( сл. Янкі Купалы, муз.М. Янчука )
Вядучая. Вітайце вучняў 4”В” класа!!! Выпускнікі пачатковай школы выходзяць на пляцоўку і па чарзе вымаўляюць словы ўрачыстай клятвы: “Я,(імя і прозвішча), пераходзячы ў сярэднюю школу, урачыста абяцаю: працягваць адраджаць і ўзбагачаць нацыянальную культуру; выконваць абавязкі вучня: памнажаць свае веды, шанаваць настаўнікаў, дапамагаць малодшым класам у пачатай імі складанай і высакароднай справе – імкнуцца стаць сапраўдным беларусам.
Вядучая. З гэтага часу вы – пяцікласнікі. Віншую! Дзякуем усім за віншаванні. Вось і падыйшло да канца наша свята. І я спадзяюся, што ўсё, убачынае і перажытае вамі сёння, застанецца ў вашых сэрцах надоўга, а ў нашых пяцікласнікаў ніколі не згасне зорка натхнення.