БАРШЧЭЎСКІ Лявон

                                           Лявон Баршчэўскі нарадзіўся ў Полацку 4 сакавіка 1958 года. Скончыў Мінскі пэдагагічны інстытут замежных моваў. Мае ступень кандыдата філалагічных навук. Працаваў  выкладчыкам нямецкай і англійскай моваў у роднай школе №10 Полацку, у Наваполацкім політэхнічным інстытуце. Выкладае ў Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. На 10 з’ездзе Партыі БНФ у снежні 2007 г. быў абраны старшынём Партыі. Займаецца шырокай перакладніцкай дзейнасцю са старажытнагрэчаскай, лацінскай, нямецкай, англійскай, французскай, польскай, іспанскай моваў. Пераклаў Эсхіла, Пэтрарку, Каўку, Брэхта, Ленаў, Бёля. Акурат да свайго 50-годдзя 4.03.2008 Лявон Пятровіч прэзентаваў укладзены ім унікальны 28-моўны беларуска-лацінска-еўрапейскі слоўнік.





Шлях да настаўніцтва і Беларушчыны

“Прафесія настаўніка за савецкім часам была яшчэ менш прэстыжная, чым цяпер. Калі я хадзіў недзе ў шосты клас, мой старэйшы брат паступіў у БДУ і, прыязджаючы дадому, не раз расказваў розныя страхоцці пра долю настаўніка. Усё закончылася тым, што ён сам больш за 30 гадоў прапрацаваў настаўнікам, а я таксама пайшоў падобным шляхам...
Што да Беларушчыны... Я меў бацьку-беларуса і маці-рускую – і з маленства ў мяне цвёрда сфармавалася перакананне, што беларусы і расійцы – гэта далёка не адно і тое самае. Калі лёс звёў мяне ў Наваполацку з колам аднадумцаў (Уладзімір Арлоў, Сяржук Сокалаў-Воюш, Вінцэсь Мудроў, Ірына Жарнасек і інш.), усё неяк само сабою “выстраілася”...”



“Адукацыя – гэта праект на многія гады”                         

Лявон Баршчэўскі і кіраўнік ТБШ Алесь Лозка

“У чалавека ёсць дзве дарогі: або ён няспынна вучыцца – і тады ён развіваецца; або ён перастае вучыцца – і тады ён дэградуе, нават калі сам не хоча верыць у гэта. Адукацыя на нашых вачах змяняе сваю сутнасць. Спрадвеку настаўнік, выкладчык быў крыніцай ведаў для тых, хто такіх ведаў яшчэ не паспеў набыць... Цяпер няма праблем знайсці неабходную інфармацыю (калі гэтага, вядома, хацець). Настаўнік у такім выпадку ператвараецца ў філосафа, які інтэрпрэтуе тыя веды, якія ёсць, з аднаго боку, у яго, а з другога боку, у яго вучняў. І гэта вымагае ад сённяшняга настаўніка іншага ўзроўню здольнасці да рэфлексіі.
Адукацыя – гэта праект на многія гады. Калі ў ёй і бываюць нейкія перыяды ўпадку, то ў гістарычнай перспектыве яны нічога не значаць. Перабудову ў СССР у васьмідзесятыя гады рабілі “шасцідзесятнікі”. Так і тут: нашае пакаленне 1990-х яшчэ вельмі выразна пакажа сябе, упэўнены ў тым.

Я быў адным з суаўтараў Закону аб адукацыі 1991 году – кіраваў адной з групаў. Дарэчы, другую ўзначальваў Аляксандар Казулін. Потым мы знайшлі нейкі кампрамісны варыянт пра пашырэнне сеткі ліцэяў і гімназій і пра пэўную селекцыю адораных дзяцей... Гэта ўсё працавала.
А цяпер нішчыцца. Напрыклад, увядзенне ў ВНУ так званага сярэдняга балу зводзіць фактычна на “нуль” усю тую рэформу. Да нас у ліцэй з гімназій часам прыходзяць нават з “шасцёркамі”, але яны на два парадкі лепш адказваюць, чым тыя, хто прыносяць дзявяткі зь нейкай школы Заводскага раёну – не кажу ўжо пра вясковыя...
Але ранейшае вернецца! Не вечна будзе тое, што робіцца цяпер з кан’юнктурнай палітыка-ідэалагічнай матывацыі... У рэшце рэшт, будуць ва ўладзе людзі, якія зразумеюць, што гэта тупіковы шлях”.


Калектыў “Нацыянальная школа Беларусі”, пасля аднаўлення незалежнасці ў 1993 г., распрацаваў Канцэпцыю нацыянальнай школы Беларусі. У працы над канцэпцыяў браў ўдзел і Л. Баршчэўскі. Які лёс напаткаў Канцэпцыю нацыянальнай школы Беларусі і што можна сказаць на сёняшні дзень пра ідэю “адкрываць свет праз Беларусь?"

“Свет мяняецца вельмі імкліва. Цяпер, у век інтэрнэту і выклікаў эпохі глабалізацыі, хутчэй, больш рэальным робіцца падыход “адкрываць Беларусь праз свет”. Усё, што цікавае, неардынарнае адбываецца ў свеце, павінна – пасля неабходнай трансфармацыі – быць інтэрпрэтавана па-беларуску”.


Лявон Баршчэўскі – адзін з заснавальнікаў Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. Дагэтуль выкладае ў зачыненым у 2003 годзе Ліцэі нямецкую, англійскую мовы, літаратуру і гісторыю сусветнага мастацва. Ён разважае аб пытанні, ці  адбыўся Ліцэй, як эксперыментальная і метадычная пляцоўка для пабудовы беларускай нацыянальнай школы і кім са сваіх ліцэістаў ён ганарыцца? 

                        Ліцэісты са сваім настаўнікам
“Ліцэй зноў-такі будаваўся вакол групы вельмі адметных, неардынарных асобаў – і ўжо таму мусіў мець посьпех. Калі супольнасць педагогаў мае ў галаве перадусім агульнае дабро, а свае прыватныя праблемы ставіць на другое месца, тады і можа ўзнікнуць нешта такое, як наш Ліцэй. У той самы час, перспэктыва вучыць “адборных” дзяцей па-беларуску, глядзець на ўвесь свет беларускімі вачыма стварала і стварае мажлівасць настаўніку кожныя заняткі, кожную пазакласную ліцэйскую справу адчуваць як нешта непаўторнае. Гэта значыць, што эксперымент вядзецца няспынна, а вынік гэтага эксперыменту – дасягненні і лёсы тых, хто вучыўся й вучыцца ў Ліцэі.
Ганаруся зноў-такі тымі, хто нешта робіць і ўжо зрабіў дзеля агульнага дабра. У Беларусі гэта, напрыклад, Тацяна Алесіна, Кацярына Ткачэнка, Сяргей Сматрычэнка, Ілля Сін, Мікола Астрэйка, Ірына Тоўсьцік, Наста Лабада, Андрэй Кім, Антон Крыштаповіч, Усяслаў Шатэрнік, Сяргей Петрыкевіч, Ягор Шумскі, Франак Вячорка, за межамі Беларусі – Кірыла Ільніцкі, Вольга Стужынская, Алена Ліс... назваў я тут далёка не ўсіх”.





Формула для настаўніка паводле Лявона Баршчэўскага: “Любі не толькі самаго сябе”
У інтэрв’ю Радыё Свабода да Дня настаўніка Лявон Пятровіч выказвае сваю думку пра стан беларускага настаўніцтва і прэстыжнасць прафесіі ў беларускіх умовах:

“Беларускае настаўніцтва вярнулі ў стойла. Вярнулі ў стан даперабудовачных часоў (да 1985 году), калі настаўнік выконваў, як у расійскай імпэрыі, функцыю правадніка палітыкі, умацавання ўлады. Дзеля гэтага настаўнікаў актыўна выкарыстоўваюць у выбарчых камісіях для легітымізацыі існуючай улады.
Творчы пачатак, які пачаў у настаўніцтва праяўляцца ў пачатку 90-х гадоў, зноў адышоў назад. Настаўнік не мусіць быць эгаістам, павінны заўсёды думаць пра іншых, а не толькі пра сябе, умець аддаваць, а не браць. Таму і стаўленне ў грамадстве да настаўніка вярнулася на ўзровень 1985 году. Цяпер настаўнік – гэта той, хто толькі транслюе праз дзяцей, у тым ліку і бацькам, волю вышэйшай улады”.



Л. Баршчэўскі з жонкай і малодшай дачкой


У Лявона Баршчэўскага тры дочкі, якіх ён любіць і якімі ганарыцца. Цікава было даведацца: бацька – настаўнік паводле паклікання – для сваіх дочак з’яўляецца бацькам, сябрам ці настаўнік у жыцці? Часта кажуць таксама, што ў настаўніцкіх сем’ях (жонка Л. Баршчэўскага таксама выкладае) узнікаюць цяжкасці ў выхаванні ўласных дзяцей...

“Хутчэй, вядома, настаўнік, які, аднак, не вучыць жыццю, а вучыць зноў-такі гэтае жыццё асэнсоўваць.
Маім дзецям, здаецца, ніколі не былі ўласцівыя такія якасці, як нявыхаванасць або непамерныя амбіцыі... І за гэта я іх не толькі люблю, а і паважаю”.



                                                                                                                                                                                                                                                                                                             


На нашым форуме настаўнікі мелі таксама магчымасці задаць пытанне да свайго калегі Л. Баршчэўскага.

Пытанне: “У сваіх публічных выступах Вы заўсёды  кажаце: «Я – настаўнік».  Чаму не кажаце «Я  – палітык», «Я – перакладнік», «Я – старшыня партыі"?
Адказ: “Перакладнік (або, дакладней, філолагг) я паводле прафесіі, палітык – паводле неабходнасці, а настаўнік – паводле паклікання”.

Пытанне: «Шаноўны спадар Лявон! Як Вы ўважаеце, ці самадастатковае беларускае грамадства? Гэтае пытанне знітаванае з іншым: ці самадастатковая беларуская культура? Ці можаце Вы даць станоўчы адказ на гэта, калі ва ўсіх зацікаўленых у беларушчыне няма чаго чытаць па-беларуску? Усё што было выдадзена і перакладзена ўжо даўна прачытана. Часопісы ARCHE і «Дзеяслоў", на жаль, зусім мала друкуюць перакладаў знакавых твораў сусветнае класікі. Вядома ж, бракуе перакладнікаў Вашага ўзроўню, неспрыяльныя ўмовы для перакладніцкай працы і г.д. Але ж, ёсць шмат арганізацыяў па-за межамі, што маглі падтрымаць гэтую справу. Дык у чым жа ўсё ж праблема? Не стае ж паветра культуры. А дыхаць хочацца. Янка, настаўнік"
Адказ: “Беларуская культура, безумоўна, самадастатковая – як і любая іншая культура тытульных нацыяў эўрапейскага абшару. І справа перакладу падтрымліваецца: ёсць досыць шмат замежных цэнтраў і фундацыяў. Але без удзелу ў ёй беларускай дзяржавы пакуль што абыходзіцца няпроста. Тое, што можна выдаць, мала хто хоча перакладаць, а тое, што з імпэтам перакладалася, не заўсёды лёгка выдаць (ёсць, паміж іншага, вельмі сур’ёзнае пытанне набыцця аўтарскіх правоў). Да таго ж, перакладнікаў не хапае, бо гэта фізычна цяжкая праца, якая вымагае, акрамя наяўнасці таленту, яшчэ і цярплівасці ды мэтанакіраванасці. Гэткіх людзей наогул не так і шмат”.


Традыцыяй стала запытвацца ў гасцей раздзела “Асоба ў адукацыі”, што яны хочуць пажадаць сваім калегам – беларускім настаўнікам. Спадар Баршчэўскі:

“Не прымайце на веру нічога, асэнсоўвайце свет штодзённа, штогадзінна і штохвілінна!”




Матэрыял падрыхтаваны паводле гутаркі з Лявонам Баршчэўскім, а таксама па матэрыялах Радыё Свабода.

Ганна Краснова

11.04.2008