АРЦІШЭЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч

АРЦІШЭЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч
Нарадзіўся 30.11.1933 года. Доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры марфалогіі чалавека Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта (БДМУ).

Паважаны прафесар – лідэр і сімвал беларускасці ў БДМУ , лаурэат прэміі імя акадэміка Вацлава Ластоўскага 2007 года.
(Фотарэпартаж з цырымоніі ўзнагароджання 16 чэрвеня 2007 г.)
Выдаў першы ў гісторыі беларускі падручнік па гісталогіі з асновамі цыталогіі і эмбрыялогіі («Гісталогія з асновамі цыталогіі і эмбрыялогіі» (Мн., 2000; 311 с.) Напісаны ён у адпаведнасці з патрабаваннямі тыпавой праграмы па гісталогіі для медыцынскіх ВНУ з улікам сучасных дасягненняў навукі і амаль 40-гадовага вопыту аўтара ў выкладанні гэтага прадмета. Можа таму, што падручнік родны і зразумелы, "Гісталогію" Арцішэўскага ведаюць і вывучаюць студэнты-біёлагі у БДУ і іншых унівесітэтаў.
«Напісанне падручніка на беларускай мове прадыктавала само жыццё, – піша шаноўны прафесар ў прадмове да свайго падручніка, – У апошняе дзесяцігоддзе ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт прыйшлі студэнты, якія выказалі і выказваюць жаданне вывучаць прадмет на роднай мове. Васьмігадовы вопыт беларускамоўнага навучання па гісталогіі дае падставу сцвярджаць, што студэнты атрымліваюць глыбокія і трывалыя веды, глыбей спазнаюць здабыткі беларускай нацыянальнай культуры, у іх выхоўваецца павага да культурнай і моўнай спадчыны свайго і іншых народаў.» Кніга ўтрымлівае тэрміналагічны слоўнік, складзены Аляксандрам Аляксандравічам разам са сваімі калегамі і студэнтамі. Апублікаваў больш за 200 навуковых і навукова-метадычных працаў, у тым ліку манаграфіі, навучальныя дапаможнікі. У суаўтарстве з калегамі падрыхтаваў арыгінальныя альбомы для студэнтаў медыцынскіх ВНУ: “Гісталогія”, “Эмбрыялогія”, “Цыталогія”.

Зараз стала складаней выкладаць па-беларуску, - кажа Аляксандр Аляксандравіч, – Беларускамоўныя групы ў БДМУ сталі дапаўняць студэнтамі замежных краін. Таму зараз ён чытае лекцыі і праводзіць практычныя заняткі па курсу гісталогіі, цыталогіі і эмбрыялогіі на дзвюх мовах.


Даволі шмат выпускнікоў універсітэта праяўляюць любасць да роднай мовы і выкарыстоўваюць яе ў працы. У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры маці і дзіця вызначаюцца прафесіяналізмам і беларускасцю былыя студэнты Аляксандра Аляксандравіча Андрэй Вітушка і Зміцер Салошкін, у Навукова-даследчым інстытуце траўматалогіі і артапедыі – Аляксандр Сітнік.

Падрыхтаваў Алесь Лозка
чэрвень 2007