Беларускае пяціборства-ХІІ»: Вынікі, заданні, адказы

Міхась Булавацкі, старшыня журы. Фота Надзеі Бацілавай 

16 студзеня ў Магілёве адбылося «Беларускае пяціборства-ХІІ». Развязваць сваёй мовай матэматычныя задачы, адказваць на пытанні з прыродазнаўства, гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры і мовы сабраліся 23 навучэнцы 8 – 11 класаў з розных гарадоў і вёсак Магілёўшчыны. 23 спаборнікі гатовы былі даказваць, што атрымалі ў сваіх установах годную адукацыю. У некаторых гэта атрымалася, хаця тут варта дадаць слова «адносна», таму што выніковыя балы невялікія, асабліва ў гуманітарных намінацыях. 

Адмысловы прыз за найлепшы развязак матэматычных задач атрымае Ягор Лаўрэнаў з вёскі Пудаўня Дрыбінскага раёна. Маці, настаўніца матэматыкі, змагла далучыць сына да гэтай мудрай навукі. Але высокі бал у матэматыцы не вывеў Ягора ў прызёры спаборніцтва, бо балы ў гуманітарных намінацыях амаль нулявыя. 

Трэцяе месца заняла васьмікласніца магілёўскай гімназіі № 1 Марыя Пілецкая. Яна не змагла развязаць матэматычныя задачы, але паказала высокія вынікі ў мове і літаратуры (настаўніца – Ганна Бандарэнка), чым і заслужыла свой прыз. Марыя атрымае і адмысловы прыз за найлепшы адказ на пытанне па літаратуры. Такі ж прыз будзе ўручаны і яе аднакласніку Змітру Юркову


Марыя Пілецкая


Ганна Бандарэнка

Другое месца ў адзінаццацікласніцы бабруйскай гімназіі № 3 Настассі Жыркевіч. Наста ўвогуле застанецца легендай беларускага пяціборства, бо ўдзельнічала ў гэтым спаборніцтве чатыры разы і кожны раз займала прызавыя месцы – два першыя месцы (2010 і 2012) і два другія (2011 і 2013). 


Настасся Жыркевіч

На гэты раз яна прывяла з сабой сястру Ангеліну, васьмікласніцу той жа гімназіі. І малодшая перамагла, атрымаўшы больш высокія балы, чым у старэйшай сястры, па ўсіх намінацыях, акрамя мовы. У Насты ж па мове самы высокі бал і яна атрымае адмысловы прыз за найлепшую мову. Ангеліне Жыркевіч, акрамя галоўнага прыза, будзе ўручаны адмысловы прыз за найлепшыя адказы на пытанні з прыродазнаўства. Гэткі ж прыз атрымае васьмікласнік магілёўскай гімназіі № 1 Алесь Гаўрыленка


Ангеліна Жыркевіч

Адмысловы прыз за найлепшыя адказы на пытанні з гісторыі Магілёўшчыны журы вырашыла не прысуджаць. Чарговы раз можна выказаць шкадаванне аб нізкай якасці гуманітарнай адукацыі ў школах Беларусі, асабліва адукацыі, датычнай гісторыі, мовы і літаратуры сваёй краіны. 

«Беларускае пяціборства-ХІІ»: заданні doc 232 Kbадказы doc 74 Kb