Слоўнік

ВЫЙШАЎ ВЯЛІКІ АНГЕЛЬСКА-БЕЛАРУСКІ СЛОЎНІК
Менск, 21 верасьня. У бібліятэцы імя Пушкіна адбылася прэзэнтацыя “Ангельска-беларускага слоўніка”. Аўтарка Валянтына Пашкевіч, вядомая сваім двухтомным падручнікам беларускае мовы для англамоўных (Таронта, 1974, 1978) укладала слоўнік некалькі дзесяцігодзьдзяў. Ёй дапамагалі, а пасьля яе сьмерці працягвалі справу супрацоўнікі Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (БІНіМ) у ЗША й Канадзе Вітаўт і Зора Кіпелі, Ян Запруднік і інш. Вядомы славіст Томас Бэрд рэдагаваў ангельскую частку слоўніка. Рэдактар – мовазнаўца й супрацоўнік Радыё Свабода Сяргей Шупа, выдаў слоўнік Зьміцер Колас.
Слоўнік адлюстроўвае амэрыканскі варыянт ангельскае мовы як больш пашыраны ў сьвеце. У беларускай частцы ўжываецца тарашкевіца паводле “Беларускага клясычнага правапісу” (Ю.Бушлякоў, В.Вячорка, З.Санько, З.Саўка, Вільня-Менск, 2005). На прэзэнтацыі выступілі Сяргей Шупа, Вітаўт Кіпель, Ян Запруднік, першы сакратар амбасады ЗША Джонатан Мур. Д-р Запруднік назваў выхад слоўніка, які ставіць беларускую мову поруч з найбольш прэстыжнай і пашыранай у сьвеце, “ратавальным кругам для беларускае мовы, якая тоне”. Вітаньні, ацэнкі, заўвагі выказалі навукоўцы Тамара Суша, Адам Мальдзіс, Сяргей Запрудзкі, Пётра Садоўскі і інш.
Выступоўцы адзначалі, што выхад пагляднага тому з 30 тысячамі слоўнікавых артыкулаў – вялікая падзея для беларускай культуры. Вінцук Вячорка прыгадаў, як пры дапамозе двухтомніку В.Пашкевіч калісьці паказваў скептычным менскім школьнікам, што беларуская мова лічыцца ў шырокім сьвеце вартай веданьня. Ён зьвярнуў увагу, што апошнімі гадамі адна за адной адбываюцца аптымістычныя для нашай мовы падзеі: выхад праграмы электроннай праверкі правапісу (spell-checker) “Літара 1.0”, выданьне “Беларускага клясычнага правапісу”, стварэньне праграмы расейска-беларускага перакладу “Белазар”, урэшце, выхад “Ангельска-беларускага слоўніка”. “Усе гэтыя справы беларусы зрабілі й падтрымалі дзеля пакліканьня, па-валянтэрску. Дзяржава была абыякавая, а тыя, каму належыць гэтым займацца па службовым абавязку, — млявыя. Аднак беларуская пасіянарнасьць кожнага з тых, хто зрабіў слоўнік, пераважвае тую абыякавасьць і млявасьць. Таму д-р Запруднік перабольшвае: не патонем, выплывем, бо ведаем, куды плысьці”, — так павіншаваў В.Вячорка рэдактараў слоўніка.
Крвніца інфармацыі http://www.pbnf.org/