Першая праблема, з якой я сутыкнулася пры карыстанні актыўнымі метадамі – гэта недахоп часу. Адпаведна праграме на кожным уроку патрэбна выкласці вялікі аб'ём інфармацыі. Тут акрамя лекцыі ды, ў меншай меры, працы з тэкстам, нічога не прыдумаеш. Зноў атрымліваецца актыўны на ўроку настаўнік, а вучань прыходзіць глядзець, як ён працуе. Тады я паспрабавала лекцыю зрабіць актыўнай, з выкарыстаннем камп'ютэрнай праграмы Power Point. Тое, што ў мяне атрымалася дазваляе зрабіць наступныя высновы:
Па-першае, любы экран прыцягвае ўвагу вучня нашмат больш, чым фізіяномія любімага настаўніка ці тэкст кнігі. Нашыя дзеці – ахвяры тэле-кампутарнай залежнасьці. Хочам мы ці не хочам, новае пакаленне належыць да аўдыёвізуальнай цывілізацыі.
Па-другое, сучасныя камп’ютэрныя тэхналогіі дазваляюць з дапамогай анімацыі, відэаролікаў, розных спецэфектаў і прыбамбасаў вельмі даступна тлумачыць складаныя фізічныя з’явы. Напрыклад, фізічныя законы і працэсы, якія вывучаюцца ў раздзелах радыеактыўнасьць, квантавая фізіка пазбаўленыя нагляднасьці, але “ажываюць” і становяцца зразумелымі і простымі ў выглядзе кап’ютэрных мадэляў. Вучням даецца магчымасць зазірнуць ў мікра- і макрасвет.
Па-трэцяе, такая лекцыя не дазваляе заснуць, бо пасля тэарэтычнага тлумачэння з'явы ці закону экран прапануе заданне ў форме загадкі, пытання, задачы і г.д.
І, нарэшце, самае галоўнае, адна лекцыя на паўурока ўтрымлівае матэрыял 4–5 параграфаў. Гэта значыць, на наступных занятках вызваляецца даволі шмат часу на якаснае засваенне і прымяненне тэорыі, а гэта значыць, на актыўную дзейнасць самаго вучня: эксперментальныя даследаванні, творчыя майстэрні, рашэнне задач, нетрадыцыйныя ўрокі, лабараторныя работы.
Тут настаўнік можа выбіраць розныя метады і тэхналогіі, праяўляць уласную творчасць, сачыць за тым, каб разам з ведамі вучні набывалі базавыя кампетэнцыі, не менш важныя для паспяховасці ў жыцці.
Пры падрыхтоўцы прэзентацыяў выкарыстоўваліся матэрыял падручнікаў, розныя інтэрнэт-рэсурсы. Асаблівая падзяка дацэнту кафедры оптыкі ГГУ ім. Ф. Скарыны Гадлеўскай Ганне Мікалаеўне за заўвагі і парады, а таксама маім вучням, якія мужна вытрымалі эксперымент.