Мой юны сябар,
слоўнічак, які ты трымаеш у руках, складзены для таго, каб дапамагчы табе перакладаць школьныя тэксты, трошкі палегчыць жыццё і навучыцца англійскай мове.
Слоўнічкі, што маюць падручнікі, звычайна не ўтрымліваюць багата якіх словаў, што надта нязручна. Вось і паспрабаваў я, твой сябар, сабраць разам словы з усіх цяперашніх падручнікаў, дадаць словы з падручнікаў мінулых гадоў і стварыць гэтую кніжачку.
Я хацеў, каб слоўнічак быў невялікі, каб ім было зручна і проста карыстацца. Таму, вядома, у ім таксама не будзе ўсіх словаў, але самае-самае патрэбнае ты ў ім, канешне, знойдзеш.
На жаль, з тэхнічных прычын, слоўнічак не мае транскрыпцыі. Але табе дапамогуць школьны падручнік і настаўнік. Галоўнае- ведаць значэнне слова.
Ведаючы, што ў цябе заўсёды ёсць праблемы з “няправільнымі” формамі дзеясловаў, я вынес іх у рэестр слоўніка. Літары рі, рр абазначаюць адпаведна past indefinite i past participle, то бо формы простага мінулага часу і дзеепрыметнік мінулага часу. /Як ты ведаеш, у правільных дзеясловаў гэтыя формы супадаюць./ ger- значыць герунд.
У прыкладах рэестравае слова замяняецца першаю літараю. Так, слова deep у прыкладзе two metres d. пазначана літараю d., і таму трэба чытаць прыклад як two metres deep.
Памятай таксама, што ў англійскай мове адно і тое ж слова можа быць назоўнікам, дзеясловам і прыметнікам. Таму, скажам, слова control можа значыць і “кантроль” і “кантраляваць” і “кантрольны”. У англійскай мове няма закончанага і незакончанага трывання, у ёй to read значыць “чытаць” і “прачытаць”. Таму пры перакладанні трэба зважаць на закончанае і незакончанае трыванне беларускага дзеяслова, падбіраць слова. І так у багата якіх выпадках, таму, перакладаючы, трэба прымяркоўвацца
Рэестр гэтага слоўнічка абмежаваны пераважна лексікаю школьных тэкстаў, але ён дастаткова багаты. Пра значэнне многіх словаў, якіх у слоўнічку няма, можна здагадацца, разглядаючы іхнюю марфалагічную будову. Так, у корпусе слоўніка няма слова dedication, але ёсць dedicate. Ведаючы, што суфікс -tion утварае назоўнікі, можна смела меркаваць, што слова dedication мае сэнс “прысвячэнне”. Так яно і ёсць. Таму веданне прыставак і суфіксаў значна паляпшае твае магчымасці і веды.
У канцы слоўнічка ты знойдзеш спіс геаграфічных назваў. Ён зусім кароценькі і няпоўны. Зрэшты, гэта не самыя частыя словы ў школьных тэкстах і шмат якія назвы можна папросту адгадаць.
Вучыся, разумней. Жадаю табе поспехаў у цяжкой і нуднаватай справе вывучэння англійскай мовы. Затое як добра, калі ўсё разумееш!
Бывай.
Дзядзька Мікола.
Слова да другога выдання.
Мой юны сябар,
першае выданне гэтага слоўнічка паказала сябе надзейным памочнікам школьніка. Але практыка выявіла, што корпус слоўнічка трэба трохі палепшыць: дадаць жменьку словаў, значэнняў і выразаў. Я з задавальненнем гэта зрабіў.
У дадатак да гэтага слоўнічка я пасьпеў зрабіць яшчэ Беларуска-англійскі слоўнічак і зусім кароткую “Выратавальную граматыку англійскай мовы”. Такім чынам беларускі падлетак- тынэйджэр, па-іхняму, мае добры грунт для вывучэння англійскай мовы. Калі ўсё будзе ўдала, то ты яшчэ атрымаеш файны “Англа-беларускі слоўнік тэрмінаў па астраноміі, матэматыцы, фізіцы і хіміі”.
Ён гатовы. Ёсьць і яшчэ слоўнічкі.
Не шкадуй намаганняў, вучыся дзеля сваёй карысьці, гонару бацькоў і славы Айчыны.
Дзядзька Мікола в. Дуброва,
кастрычнік 2006г