Фрагмент урока геаграфіі ў 10 класе
Тэма ўрока: Рэсурсы і забеспячэнне.
Аўтар распрацоўкі – Галіна Дрокіна, настаўніца геаграфіі гімназіі №1 Маладзечна.
**тэкст спісаны з відэазапісу майстэрні, для настаўнікаў.
Стыль аўтара захаваны.
Падрыхтоўка да ўрока: У сёмым класе мы з вучнямі падлічылі, на колькі гадоў хопіць прыродных рэсурсаў (пры ўмове, што не будзе павялічвацца спажыванне і не будуць разведаны новыя радовішчы). Мы прыйшлі да высновы, што каменнага вугалю хопіць на 250 гадоў, прыроднага газу – на 62 гады, а нафты – на 45 гадоў.
Для правядзення урока патрабуюцца пацеркі трох розных колераў: напрыклад, чорныя, якія адпавядаюць каменнаму вугалю, блакітныя – прыроднаму газу і зялёныя – нафце. Пацеркі бяруцца ў адвольнай колькасці, але працэнтныя суадносіны павінны адпавядаць працэнтным суадносінам прыродных рэсурсаў.
Правядзенне дзелавой гульні. У 10 класе, калі ўзровень ведаў і мыслення ўжо іншы, я з вучнямі праводжу дзелавую гульню. Я рассыпаю пацеркі, якія арпавядаюць розным прыродным рэсурсам, па класе і прашу дзяцей уявіць, што гэта наша планета. А мы з вамі яе жыхары і павінны здабываць прыродныя рэсурсы. Клас дзеліцца на 3 каманды, кожная група шукае толькі адзін з прыродных рэсурсаў. Дзецям даецца пэўны час.
Затым я спыняю гульню і задаю пытанне дзецям: колькі пацерак сабрала кожная каманда, якіх пацерак больш за ўсё? Вядома, што чорных пацерак будзе больш, таму што запасы каменнага вугалю найбольшыя. Цяпер я даю дзецям дадатковы час і дазваляю карыстацца падручнымі матэрыяламі: шчотачкамі, лінейкамі, асадкамі... для пошуку астатніх пацерак. Падчас гульні дзеці адсоўваюць парты, пераварочваюць крэслы, псуюць падлогу, г. зн. ствараюць экалагічныя праблемы на нашай планеце.
Мы з дзецьмі канстатуем факт, колькі працэнтаў прыродных рэсурсаў выбрана і колькі засталося. Паўстае дылема, што нам рабіць:
- Ці захоўваць экалагічную бяспеку?
- Ці цярпець недахоп энергетычных рэсурсаў?
Затым я задаю пытанні:
- А які будзе кошт нашага выбару?
- Што выкарыстоўвалі?
- Колькі затрацілі часу?
- Якая тэхніка ўжывалася пры пошуку?
- Якія навуковыя даследаванні правялі? Пасля прашу вучняў дапамагчы мне навесці парадак у класе.
- Хто мне дапаможа задарма?
- А ці ёсць ахвочыя дапамагчы за дзесяць рублёў?
- А за дзесяць даляраў?
Такім чынам мы бачым, як фарміруецца кошт, цана, попыт на тую ж самую нафту. Гэты метад развівае крытычнае мысленне і дапамагае вучням лёгка засвоіць тэму. Метад па магчымасці можна змадэляваць на іншыя прадметы.