Інавацыйныя метады і беларуская рэчаіснасць

Інаваційныя тэхналогіі і беларуская рэчаіснасць. З досведу выкладання курса фізікі ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Я. Коласа.



Тамара Мацкевіч


Мая выкладчыцкая дзейнасьць у Беларускім гуманітарным ліцэі пачалася з пошуку такіх адукацыйных тэхналогіяў і метадаў навучання, якія, ні у якой меры не адмаўляючы патрэбы і карыснасці ведаў, дазваляюць пабудаваць працэс навучання так, каб пры гэтым мэтаскіравана развіваліся інтэлектуальныя магчымасці ліцэістаў, фармавалася сістэма ведаў, набываліся грамадзянскія кампетэнцыі, выбудоўвалася сістэма каштоўнасцей. Перагледзеўшы стосы літаратуры, я прыйшла да высновы, што актыўныя формы навучання – гэта тое, што трэба. Калі я распрацоўвала курс фізікі ў стратэгіі актыўнага навучання, мне здавалася, як толькі пачну карыстацца новымі методыкамі, дзецям стане вельмі цікава і лёгка вучыцца. У нас будуць зусім іншыя стасункі: партнэрскія, дабразычлівыя. Мы будзем супрацоўнічаць у навучальным працэсе, знікнуць праблемы з дысцыплінай. Гэта сапраўды так і атрымалася, але…

Першая праблема, з якой я сутыкнулася пры карыстанні актыўнымі метадамі – гэта недахоп часу. Згодна з праграмай, на кожным уроку трэба выкласці вялікі аб'ём інфармацыі. Тут акрамя лекцыі ды, ў меншай меры, працы з тэкстам, нічога не прыдумаеш. Зноў атрымліваецца актыўны на ўроку настаўнік, а вучань прыходзіць паглядзець, як ён працуе. Тады я паспрабавала лекцыю зрабіць актыўнай, з выкарыстаннем камп'ютэрнай праграмы Power Point. Тое, што ў мяне атрымалася дазваляе зрабіць наступныя высновы:
Па-першае, любы экран прыцягвае ўвагу вучня нашмат больш, чым фізіяномія любімага настаўніка ці тэкст кнігі. Нашыя дзеці – ахвяры тэле-кампутарнай залежнасьці. Хочам мы ці не хочам, новае пакаленне належыць да аўдыёвізуальнай цывілізацыі.
Па-другое, сучасныя камп’ютэрныя тэхналогіі дазваляюць з дапамогай анімацыі, відэаролікаў, розных спецэфектаў вельмі даступна тлумачыць складаныя фізічныя з’явы. Напрыклад, фізічныя законы і працэсы, якія вывучаюцца ў раздзелах радыёактыўнасьць, квантавая фізіка, пазбаўленыя нагляднасьці, але “ажываюць” і становяцца зразумелымі і простымі ў выглядзе кап’ютэрных мадэляў. Вучням даецца магчымасць зазірнуць ў мікра- і макрасвет: віртуальная рэальнасць дазваляе дэманстраваць з’явы, якія ў звычайных умовах прадэманстраваць складана ці немагчыма.
Па-трэцяе, актыўная лекцыя не дазваляе заснуць, бо пасля тэарэтычнага тлумачэння з'явы ці закону экран прапануе заданне ў форме пытання, відэазадачы, загадкі, падсумавання і г.д. Выкарыстанне найноўшых інфармацыйных тэхналогіяў робіць лекцыі нагляднымі, відовішчнымі. Для стварэння лекцыяў можна выкарыстоўваць усе магчымасці кінематографа: рэжысуру, сцэнарый, актораў, фотаздымкі вучняў, настаўнікаў, прыводзіць прыклады з досведу канкрэтнага класа, школы. А калі матэрыял лекцыі ствараецца з дапамогай саміх вучняў, якія маюць мгчымасць адначасова авалодаць інфармацыйнымі тэхналогіямі, праявіць уласную творчасць і лепш засвоіць новы матэрыял, такая лекцыя ператвараецца ў прэзентацыю сумеснай працы.
І, нарэшце, чацвёртае, самае галоўнае: адна лекцыя на паўуроку ўтрымлівае матэрыял 4–5 параграфаў. Гэта значыць, на наступных занятках вызваляецца даволі шмат часу на якаснае засваенне і прымяненне тэорыі, а гэта значыць, на актыўную дзейнасць самаго вучня: эксперментальныя даследаванні, творчыя майстэрні, рашэнне задачаў, нетрадыцыйныя паводле формы ўрокі, лабараторныя і даследчыя працы. Тут настаўнік можа выбіраць розныя метады і тэхналогіі, праяўляць ўласную творчасць, сачыць за тым, каб разам з ведамі вучні набывалі базавыя кампетэнцыі, не менш важныя для паспяховасці ў жыцці.

Другая праблема, з якой мне прыйшлося сутыкнуцца, была больш складанай – негатоўнасць вучняў адразу ўспрыняць актыўныя метады навучання. Нават пры добра вядомай працы ў групах была рызыка згубіць навучальныя мэты. Каб справіцца з гэтай праблемай, на адну групу пайшло 2 месяцы, а на другую – больш за паўгоду часу. У наш ліцэй дзеці прыходзяць у 13 – 14 год, даволі добра засвоіўшы законы і стэрэатыпы савецкай школы. Настаўнік у іх разуменні – хтосьці накшталт начальніка. Ён камандуе на ўроку, а задача вучня захоўваць субардынацыю, і любымі сродкамі (прэстыжна спісаць, абхітрыць настаўніка!) здабыць лепшую адзнаку, вольны час ці іншую каштоўнасць. Таму першыя спробы наладзіць дыялог, разам выпрацаваць нормы паводзінаў натыкаліся на насцярожанаасць ліцэістаў. Яны ужо добра засвоілі, што лепш моўчкі адсядзецца і паглядзець, што будзе далей.
Памятаю, свой першы сумны досвед. Каб лепш зразумець будову рэчыва, мы з першакурснікамі вырашылі прадэманстраваць узаемадзеянне паміж малекуламі. Мы ўзяліся за рукі, разам штурхаліся, танчылі, бегалі па класе. Пасля практыкавання, хлопчыкі доўга не маглі супакоіцца, а дзяўчынакі збіліся ў групкі, завялі размовы, дасталі люстэркі і “Касмапалітэн”. АМН прадугледжваюць большую свабоду вучняў. Бо толькі даўшы свабоду, можна навучыць ёю карыстацца і атрымаць вынік – добразычлівую і накіраваную на навучанне атмасферу ў класе і адказнае стаўленне да вучобы. І гэта самае цяжкае. Нашыя дзеці не ўмеюць карыстацца свабодай, бо ніколі яе не мелі. Таму першая віктарына, праца ў групах, ці дыскусія на ўроку непазбежна ператвараецца ў бедлам. Дзеці паводзяць сябе так, як сабака, які доўга сядзеў на ланцугу, а потым яго спусцілі: ён не можа спыніцца, пакуль не налётаецца. Таму першая задача настаўніка – навучыць адказна карыстацца свабодай – а гэта ўжо элемент грамадзянскай адукацыі. (Я пачынаю з сумеснай выпрацоўкі правілаў карыстання мабільным тэлефонам падчас урока, калі мы вырашылі, у якіх выпадках можна адказваць на званкі – разам не парушаем дамовы). Потым, калі першае правіла пачынае працаваць, ідзе далейшая выпрацоўка нормаў. Важна акрэсліць, што гэтыя нормы дзейнічаюць толькі падчас вашага ўрока, каб пазбегнуць непаразуменняў з калегамі.
Праз нейкі час атрымліваецца так, што ўсё, аказваецца, можна: размаўляць, не падымацца, калі адказваеш, хадзіць па класе, запытвацца альбо тлумачыць іншаму, але ніхто гэтым не злоўжывае, – самі ўсталявалі законы. Мне падабаецца навучаць першы курс. Гэта надзвычай цікава: назіраць, як за месяц-два дзеці ператвараюцца з “савочкаў” у нармальных маладых людзей, з пачуццём самапавагі, з гіерархіяй каштоўнасцяў. Яны становяцца больш адкрытыя, адказныя, сучасныя. Вучацца размаўляць з дарослымі на роўных.
Калі настаўнік не апусціў рукі перад першымі складанасцямі, ён абавязкова атрымае аддачу: яго пачнуць больш паважаць, слухаць, выконваць заданні не таму, што баяцца ці прагнуць атрымаць добрую адзнаку.

я прапаную некалькі распрацовак заняткаў з курсу фізікі, якія дапамагаюць разьвіваць грамадзянскія кампетэнцыі вучняў, не губляючы пры гэтым навучальных мэтаў урока.

Этап урока: Падсумаванне на тэму “Радыёактыўнасьць” у 8 класе*.



Навучальная мэта: дзеці ўзновяць і сістэматызуюць веды з курса фізікі 8 класа, навучацца іх прымяняць у зададзенай сітуацыі, усталююць міжпрадметныя сувязі паміж фізікай біялогіяй (экалогіяй), эканомікай. Задачы асобаснага развіцця: спрыяць развіццю сацыяльна-палітычных і інфармацыйных кампетэнцыяў вучняў. У прыватнасці, стварыць сітуацыю для таго, каб дзеці навучыліся рабць адказны выбар.
Каментар.
З радыёактыўнасцю дзеці знаёмыя не толькі з падручнікаў. На папярэдніх занятках мы пішам формулы радыёактыўнага распаду, разбіраем, чаму адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, якія ступені абароны існуюць на атамных станцыях, параўноўваем энергію, атрыманую з розных крыніцаў, вывучаем наступствы ўздзеяння радыяцыі на арганізм, на экалогію. Гэта ўсё прадугледжана праграмай. На апошнім уроку навучэнцам прапануецца ролевая гульня.
Ход урока.
Выбіраецца – прэзідэнт Беларусі. Праз 5 хвілінаў перамоваў з экспертамі (вучнямі ці настаўнікамі), яму трэба прыняць рашэнне: ці будаваць у Беларусі атамную АЭС. (Звычайна, абсалютная большасць адразу прымае рашэнне – НЕ, праўда, аднойчы прэзідэнт абвесціў у класе рэферэндум). Астатнія – народ, у т. л. і настаўнік можа задаваць пытанні, каб даведацца наколькі абгрунтаваны і адказны выбар зрабіў наш прэзідэнт. Пытанні прыкладна наступныя:
– На колькі хопіць разведаных запасаў нафты, вугалю, газу, калі не будуць павялічвацца тэмпы іх спажывання? Дзеці добра ведаюць геаграфію і адказваюць імгненна 35–45 год.
– “Power” па-ангельску азначае “энергія”, другое значэньне слова “power” – “улада”. Няма сваёй энергіі – няма ўлады. Якое прапануеце альтэрнатыўнае энергазабеспячэнне – аснову нашай бяспекі, г. зн. –незалежнасці (абсалютная каштоўнасць для ліцэістаў)?
– Ці можна было пазбегнуць аварыі на ЧАЭС?
– Колькі энергіі у працэнтах атрымліваюць з дапамогай АЭС развітыя краіны (Францыя, Швецыя, Японія). Як вы думаеце, чаму?
– Ці можна Вашае рашэнне назваць адказным?
Рэфлексія:
Вучані адказваюць на пытанні. Якія высновы вы зрабілі? Чым адрозніваецца адказны выбар ад папулісцкага рашэння? У выпадку з рэферэндумам дзеці самі прыйшлі да высновы, што пры ўмове адсутнасці доступу да рознабаковай інфармацыі, рэферэндум праводзіць няма сэнсу.

Фрагмент урока па тэме “Магнiтнае поле”. 8 клас. Лабараторныя работа – даследаванне без лабараторнага абсталявання.
Мэта работы: дабiцца больш глыбокага разумення магнiтных з’яваў, пазнаёмiцца з рознымi спосабамi вывучэння магнiтных уласцiвасцяў прадметаў,
Задачы асобаснага развіцця: спрыяць развiццю кемлiвасці, развіць уменне прэзентаваць вынiкi сваёй працы.
Лабараторная работа-даследаванне праводзiцца ў групах па 4–5 чалавек. Для яе выканання магчыма абыйсцiся без лабараторнага абсталявання. Дастаткова мець компас на кожную групу (настаўнiк прапануе прынесцi на ўрок компас тым вучням, хто мае), 2 звычайныя сталёвыя ключы, 2 цвiкi, невялiкi пастаянны магнiт, некалькi манет цi жэтонаў з розных металаў. Пры падрыхтоўцы работы, настаўнiк намагнiчвае некаторыя прадметы, трымаючы iх ў полi звычайнага пастаяннага магнiту непрацяглы час.
Кожная група атрымлiвае асобнае заданне, выконвае яго i апiсвае ход сваiх даследаванняў, вынiкi i тэарэтычнае абгрунтаванне вынiкаў. Напрыканцы ўрока робiцца прэзентацыя.
Можна заданне для групаў сфармаваць у выглядзе падарункаў, запакаваць ў рознакаляровыя канверты, або разгуляць як фанты.
Заданнi для групаў.
1. Вы маеце вялiкi жалезны цвiк i компас. Вызначыце, намагнічаны гэты цвік, ці не? (Можна карыстацца магнiтнай стрэлкай, галавой i падручнiкам.)
2. Вы маеце 2 сталёвыя ключы, але дзверы ад каморкi таты Карла можна адамкнуць толькi тым, які намагнічаны. Вызначыць, якім. (Можна карыстацца магнiтнай стрэлкай, галавой i падручнiкам.)
3. Вызначыце i намалюйце магнiтныя лiнii поля цвiка, калi яно iснуе. (Можна карыстацца магнiтнай стрэлкай, галавой i падручнiкам.)
4. У Вас ёсць тры прадметы – “прыборы”: 1) пастаянны магніт; 2) сталёвая ненамагнічаная манета; 3) медная манета. У 3-х “чорных скрынях” (заклееных непразрыстых канвертах) знаходзяцца гэтыя ж тры прадметы. Якімі “прыборамі” і ў якой паслядоўнасці лепш скарыстацца, каб вызначыць, што ляжыць у кожнай з трох “чорных скрыняў”?
5. Вы збiраеце калекцыю манетаў, якiя зроблены з каляровых металаў. Вам сябры даслалi 9 новых манетаў. Манеты якiх краiнаў не падыходзяць да Вашай калекцыi? Чаму? (Можна карыстацца магнiтнай стрэлкай, галавой i падручнiкам.)
План прэзентацыі
1) Запісаць, якая задача стаіць перад групай
2) Пазначыць усе гіпотэзы, якія прагучалі ў групе
3) Апісаць ход даследаванняў для праверкі гэтых гіпотэзаў
4) Абгрунтаваць з тэарэтычнага пункту гледжання атрыманыя вынікі
5) Зрабіць выснову

Гульня “Аукцыён”
Праводзіцца тады, калі дзеці стаміліся. Дазваляе сканцэнтраваць увагу на прадмеце, паўтарыць тэму, праверыць узровень ведаў. Развівае рэакцыю.
Ход гульні
Настаўнік праводзіць аукцыён. Ён аб’яўляе, што выстаўлена на лот для продажу.
Лот 1. Прадаецца фізічная велічыня, якая характарызуе магнітныя ўзаемадзеянні. Выйграе той вучань, хто апошнім “перакупіць” лот, г.зн. назаве патрэбную велічыню (Тэсла, Ампер, Ньютан і г.д.), пакуль настаўнік не далічыць да трох.
Лот 2. Прадаецца формула, дзе ёсць сіла тока.
Лот 3. Прадаецца песня (анекдот, верш, прыказка) з фізічным зместам.
На лот можа выстаўляцца ўсё, што адпавядае тэме ўрока.

Гульня “Казка”
Метад дазваляе праверыць валоданьне тэарэтычным матэрыялам, дазваляе праверыць хатняе заданне адначасова ў вялікай колькасці вучняў.
Звычайна настаўнік да дошкі выклікае аднаго вучня, пры гэтым астатнія, ўздыхнуўшы, паглыбляюцца ў свае думкі. Гульня дапамагае прыцягнуць да працы ўсіх вучняў класа.
Ход гульні
Каб растлумачыць умовы, настаўнік праводзіць адну спробную гульню на 3 хвіліны. Вучні сядаюць у кола. (Калі немагчыма зрабіць кола, можна вучняў пакінуць за партамі).
Настаўнік: Мы зараз будзем распавядаць казку, якую складзем самі. Расказваць яе будзем наступным чынам. Першы вучань пачынае казку і расказвае яе да таго моманту, пакуль не пачуе сігнал настаўніка. Па сігнале чарга пераходзіць да іншага расказчыка, які працягвае аповед з перапыненага сказу. Зазвычай, атрымліваецца вельмі вясёлая гісторыя, якая падымае ўсім настрой.
Пасля настаўнік мяняе ўмовы гульні. Казка будзе мець назву зададзенай тэмы уроку. Напрыклад, “Магнітнае поле”. Кожны вучань павінен быць гатовы працягнуць аповед папярэдняга па сігнале настаўніка. Пры ўдалай і слушнай спробе выстаўляецца адзнака “+”, пры няўдалай “-”. Потым гэтыя адзнакі ўлічваюцца паводле загадзя абумоўленых правілаў у агульную, што выстаўляееца ў журнал.