Вучоба ў Польшчы пачынаецца з 1 кастрычніка, а з 5 да 30 верасня я праходзіла курс польскай мовы і культуры Pollando, які сабраў 18 чалавек, з іх толькі трое з Беларусі, астатнія 15 — з Украіны.
За гэты час мы павінны былі вывучыць мову на сярэдні ўзровень, В1, які абавязкова трэба мець пры паступленні ў польскія ВНУ. Але нягледзячы на зусім розны ўзровень валодання польскай мовы, паходжанне, родную мову, а часам і ўзрост (ён вагаецца ад 16 да 21 года), на курсах сабраліся па-сапраўднаму прыемныя людзі, якія заўсёды нешта падкажуць, прыйдуць на дапамогу адзін аднаму. А як пазней сказаў наш выкладчык пан Конрад, яшчэ мы — яго першая група з усходу, якая так плённа працуе. А для гэтага ўсяго толькі і трэба, каб інтэнсіўна выконваць кожную дамашнюю працу і быць рэальна зацікаўленым падчас заняткаў.
На першым занятку выкладчыкі, пан Конрад і пані Ганна, задавалі нам базавыя пытанні, каб потым вызначыць узровень ведання мовы і, такім чынам, размеркаваць нас у моцную і слабую групы адпаведна. Магу сказаць, што дзевяць месяцаў вывучэння польскай мовы дапамаглі мне трапіць у моцную групу.
Усе заняткі праводзіліся ў нязмушанай форме, цябе ніхто не прымушаў што-небудзь запісваць, чытаць або выконваць дамашнюю працу, як гэта рабілася ў школе. Калі для цябе гэта па-сапраўднаму важна і патрэбна, то ты будзеш працаваць дзеля сябе і на сябе.
Усе матэрыялы выкладчык даваў у раздрукаваным выглядзе, самому ніякіх кніг, падручнікаў купляць не трэба, што даволі зручна. На курсах выкарыстоўвалася толькі жывая гутарка, самае галоўнае, каб ты як можна больш гаварыў і паляпшаў сваё маўленне.
Што да выкарыстання інтэрнэту пры выкананні дамашняй працы, то, па словах выкладчыка, ён абавязковы! І гэта не толькі сайты з электроннымі слоўнікамі.
Таксама ў Фэйсбуку была створана група, у якой мы маглі кантактаваць адзін з адным, радзіцца па розных пытаннях з цяжкіх практыкаванняў, а выкладчык кідаў дадатковыя матэрыялы, правілы, заданні, калі ўсплывалі праблемы.
Найчасцей лекцыі праходзілі 3 або 4 гадзіны — з 9 раніцы да 12 ці 13 гадзін. І за гэты час ты ні разу не засумуеш, не паглядзіш на гадзіннік і не палічыш, колькі хвілін засталося да канца, як гэта бывала на ўроках у школе. А гэтаму спрыяюць, канечне ж, талент нашага выкладчыка, уменне зацікавіць студэнтаў. І яшчэ яго пачуццё гумару!
Заняткі галоўным чынам праводзяцца ў форме працы або гульняў у парах або групах. Пан Конрад даваў нам карткі з пэўнымі ўказаннямі. Але мы павінны былі не толькі прамовіць свае словы і выказаць думкі, але, самае галоўнае, заўважыць і выправіць памылкі другіх вучняў. А выкладчык назіраў, як мы працавалі, і рабіў патрэбныя заўвагі.
Такім чынам, ствараліся ўсе ўмовы, каб ты лепей запамінаў матэрыял. І хочацца, каб такая форма правядзення ўрокаў часцей выкарыстоўвалася і ў нашых школах, бо яна сапраўды цікавая і дапамагае ўключыць у працу ўсіх вучняў.
На занятках даводзілася інсцэніраваць легенду пра Вавельскага цмока, спяваць песні на польскай мове — напрыклад, цяжкую, але даволі вядомую W kinie, w Lublinie, а прычына адсутнасці слыху ці голасу не з'яўляецца адгаворкай для спявання.
Усе знятыя ролікі і фота наш выкладчык змяшчаў на старонцы Pollando ў Фэйсбуку як прыемны напамінак для нас.
Яшчэ згадваюцца адны заняткі, якія былі прысвечаны азнаямленню з Кракавам — другой гістарычнай сталіцай Польшчы, пасля чаго ішоў тэст на вывучаную тэму. Чалавек, які набраў большую колькасць балаў, станавіўся бурмістрам Кракава. На жаль :) аж тры чалавекі набралі аднолькавыя максімальныя балы, але магу сказаць, гэта было і даволі весела, і даволі ганарова — пабыць у якасці пераможцы, такім сабе бурмістрам Кракава.
Неяк наш выкладчык павінен быў паехаць у Торунь на навуковую канферэнцыю, дзе ён прэзентаваў свой падручнік па вывучэнні польскай мовы, таму лекцыі праводзіў іншы настаўнік, пан Міхал. Было даволі цікава параўнаць працу двух настаўнікаў, іх метады выкладання. Адразу ж на пачатку заняткаў пан Міхал сказаў, каб мы пераставілі нашыя сталы ў выглядзе літары “П”. Магу толькі здагадвацца, што гэта дапамагае яму бачыць усіх студэнтаў і кантактаваць адразу з усімі.
Было даволі незвычайна, калі наш выкладчык усе выпраўленні, думкі пачаў паказваць жэстамі. Спачатку мы проста не разумелі, што ён мае на ўвазе. Але больш за ўсё ўразіла тое, калі ён сеў на кукішкі і так далей працягваў весці заняткі. Папросту не магу сабе ўявіць, каб нашыя настаўнікі зрабілі на ўроках такое :)
Напрыканцы курсу ўсе студэнты пісалі заліковы тэст, пасля чаго адбылося ўручэнне сертыфікатаў. Не магу не сказаць пра тое, што напісала тэст даволі паспяхова, найлепей у сваёй групе, за што атрымала невялікі прыз — падарожную кнігу па Беластоку.
Курсы скончаны, тэст здадзены, сертыфікаты атрыманы… Пачалася сапраўдная вучоба...