Ох, дамашняе заданне...

Паліна Пляшко
11.11.2016

На днях на вочы трапіў артыкул “Іспанскія бацькі пратэстуюць супраць школьнай нагрузкі на дзяцей”. Даведалася, што тысячы сямей у краіне байкатуюць выкананне хатніх заданняў іх дзецьмі, што сістэма адукацыі, на думку бацькоў, састарэла і завучванне стала ўжо неэфектыўным.

Адразу ж успомніла, як амаль што кожны дзень доўгімі вечарамі прыходзілася сядзець за ўрокамі. Асабліва цяжка прыйшлося ў 11-м класе, калі на заўтрашні дзень трэба было не толькі вывучыць каля шасці ўрокаў, але і рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання. Пасля заняткаў у школе, калі прыходзіла дахаты звычайна гадзіны ў чатыры, і, перакусіўшы на хаду ці схапіўшы булку, спяшалася на пяць гадзін да рэпетытара па англійскай ці польскай мове. А пасля ўжо ніякіх сіл не ставала, каб выконваць дамашнюю працу. Заняткі ж з рэпетытарамі былі тры-чатыры разы на тыдзень. Амаль штодзень ад стомленасці балела галава і прыходзілася піць таблетку. З-за нагрузкі ў старэйшых класах стаў падаць зрок, не гаворачы ўжо пра іншыя праблемы, напрыклад, з пазваночнікам ці шчытападобнай залозай.

Хадзілі на заняткі ў школу і па суботах, таму паўнавартаснага адпачынку не было ні ў які дзень. У нядзелю прыходзілася зноў зранку засядаць за падручнікі, каб падрыхтаваць урокі, заданні рэпетытара і рашыць некалькі тэстаў. Яшчэ добра, калі некаторыя настаўнікі тых прадметаў, па якіх мы не здавалі ЦТ, на што-небудзь заплюшчвалі вочы.

Ці спатрэбілася завучванне ў школе, на якое траціла даволі многа часу? Адказваю: часткова. Большасць з таго, што настаўнікі задавалі папросту вучыць на дом, ці сухую інфармацыю, напісаную ў падручніках, на жаль, ужо не памятаю. Але тое, што настаўнікі на ўроках падносілі ў цікавай форме, з энтузіязмам і натхненнем, з сапраўднай падрыхтоўкай да ўрокаў, запомнілася больш за ўсё. Гэта былі найперш прэзентацыі і праца ў групах. (Дарэчы, я сама вельмі любіла рыхтаваць прэзентацыі на розныя тэмы ў якасці дамашняга задання, чым нешта проста завучваць.)

Мы — тое пакаленне, якому ўжо цяжка сядзець за падручнікамі, калі вакол пастаянна спакушае інтэрнэт, мабільная тэлефоны, айпады і планшэты. Таму, на мой погляд, працу на ўроках трэба планаваць так, каб гэта сапраўды зацікавіла ўсіх вучняў, выкарыстоўваць мультымедыйныя сродкі. Гэта дапаможа ў запамінанні патрэбнай інфармацыі.

Жывучы цяпер у студэнцкім інтэрнаце, на адным паверсе з людзьмі, якія прыехалі вучыцца ў Беласток па праграме Erasmus, запытала сваіх знаёмых з розных краін пра навучанне і тое, колькі часу ім патрабавалася, каб выканаць дамашнюю працу.

Мануэль (Manuel), Іспанія:

— Гэта праўда, што ў Іспаніі дзецям прыходзіцца рабіць шмат дамашняга задання. Напрыклад, мой брат цяпер вучыцца ў пачатковай школе. Кожны дзень ён абавязаны даволі многа працаваць, вучыць урокі, часам і тое, чаго я не памятаю. На сённяшні дзень дзецям прыходзіцца працаваць больш, чым тады, калі вучыўся я. Лічу, што гэта не самая добрая сітуацыя.

Рэджэйн (Réjane), Францыя:

— Дамашнія заданні з’яўляюцца прадметам суровых дэбатаў таксама і ў Францыі. Як правіла, дзецям у пачатковай школе (да 11 гадоў) дамашніх заданняў не задаюць. Ім толькі прыходзіцца вучыць урокі. На самай справе бацькі, асабліва больш адукаваныя, патрабуюць дамашняе заданне. Таксама ўзмацняецца няроўнасць, калі адукаваныя бацькі могуць дапамагчы сваім дзецям з дамашняй працай, у той час як бацькі меней адукаваныя або тыя, якія не маюць часу ці папросту незацікаўленыя ў гэтым, не могуць гэтага зрабіць.

Два гады таму кіраўніцтва стварыла “Суправаджальны пазавучэбны час”. Гэта значыць, што дзеці пасля школы могуць наведваць розныя актыўны заняткі (кулінарыю, спорт, творчасць, тэатральнае мастацтва) або рабіць свае дамашнія заданні разам з настаўнікамі.

Падчас вышэйшай школы вучні маюць ўсё больш і больш дамашняй работы. І гэта даволі лагічна. Пасля экзамену ў вышэйшай школе нагрузка будзе залежыць ад тваёй школы. Калі ты паступаеш ва ўніверсітэт, ты будзеш многа часу працаваць на сябе. А галоўная праблема ва ўніверсітэце заключаецца ў тым, што студэнты адчуваюць сябе адзінокімі, яны не працуюць, а потым кідаюць вучобу. Таксама многія працуюць толькі на заключны іспыт, таму ўжо многа гадоў веды правяраюцца шляхам бесперапыннай ацэнкі, каб студэнт працаваў увесь час.

Кутай (Kutay), Турцыя:

— На самай справе наша нагрузка была стрыманай. Калі вучань пачынае рабіць дамашняе заданне адразу пасля школы, то можа яго закончыць праз гадзіну. Але пасля вышэйшай школы мы маем цяжкі экзамен, каб паступіць ва ўніверсітэт. Таму нагрузка ўсё больш і больш узмацняецца. Як і для многіх вучняў, для мяне было нецікава хадзіць у школу.

Віёла (Wiola), Польшча:

— У пачатковай школе я любіла хадзіць у школу, таму што гэта было нешта новае для мяне. Ад школы я атрымлівала задавальненне. Я ганарылася тым, што вучу літары, лічбы і пад. Аднак у сярэдняй школе было вельмі цяжка, таму што ў мяне быў высокі ўзровень адукацыі. Мы павінны былі многае вучыць на памяць, каб добрасумленна падрыхтавацца да іспытаў. Я не любіла гэтую школу, таму што часта прыходзілася вучыць усю ноч. У тэхнікуме было добра, без цяжкасці здавала экзамен сталасці і прафесійныя экзамены. Шмат прыходзілася вучыцца і рыхтавацца да матуры, але не так моцна, як у сярэдняй школе.

…Іспанія займае адно з самых высокіх месцаў у свеце па часе, якое трацяць дзеці на дамашнюю работу. Пры гэтым краіна не лідуе ў свеце па ўзроўні ведаў вучняў. Сцвярджаюць, што фінскія школьнікі паказваюць самы высокі ўзровень ведаў, больш за іншых на планеце чытаюць. Яшчэ фіны займаюць другое месца па прыродазнаўчых навуках і пятае — па матэматыцы. І пры такіх высокіх выніках фінскія дзеці праводзяць за вучобай найменш часу. Ці не парадокс?! А яшчэ ў іх няма экзаменаў, бо там дзяцей рыхтуюць не да іх, а да жыцця. Можа, разгадка фінскай адукацыі ў гэтым? Што вучоба там скіравана не на завучванне, а на самастойнае атрыманне ведаў і разважанне?..

І яшчэ я ўпэўнена, што ў Фінляндыі няма рэпетытараў.