Білінгвізм не ў дзеянні

Паліна Пляшко
11.12.2016

Нядаўна ў інтэрнэце з’явіўся артыкул пра беларускую дзяўчынку-білінгва (дзеці-білінгвы з нараджэння засвойваюць дзве мовы на ўзроўні роднай). Ад нараджэння бацькі дзяўчынкі размаўлялі з ёй на беларускай мове, а бабулі-дзядулі, выхавальнікі ў садку — на рускай. Не хочацца зараз завастраць увагу на тым, што гэтая беларускамоўная дзяўчынка сутыкалася з праблемамі ў школе, у той жа гімназіі з беларускай мовай навучання, дзе некаторыя дзеці смяяліся з беларускамоўнага дзіцяці, ці на вуліцы, калі дарослыя дзядзі і цёці, пачуўшы яе мову, каментавалі: “Ууу, националисты-бэнээфовцы пошли”… Хочацца пагаварыць пра іншае.

Такія дзеці ў нашай краіне падаюцца ці не іншапланецянамі. Асабіста я ведаю толькі адну дзяўчынку, з якой размаўлялі ад нараджэння на беларускай мове. Яна вырасла ў сям’і настаўніка беларускай мовы.

Па-дзіцячаму наіўна жадаеш, каб такія сітуацыі былі не адзінкавыя і каб усе людзі нашай краіны з дзяцінства лічылі беларускую мову сваёй роднай. Тады стоадсоткава не будуць у нашым грамадстве з’яўляцца прыхільнікі заходнерусізму, рускага свету, якія лічаць, што беларусы — гэта ўсяго толькі частка рускага суперэтнасу і што беларуская мова з’яўляецца сапсаванай пад польскім уплывам рускай гаворкай ці што яна штучна створаная.

З чаго павінна пачынацца ўсведамленне, што ты беларус, а твая мова — беларуская? Найперш з сям’і, пасля садка, школы... Вядома ж, калі бацькі будуць негатыўна ставіцца да беларускай мовы, то дзіця наўрад ці палюбіць яе. Можна сказаць, што сёння рэдка сустрэнеш перакладзеныя на беларускую мову кнігі сучасных замежных пісьменнікаў, рэдка ўбачыш фільм ці мультфільм на роднай мове. Але ж тыя самыя мультфільмы для дзяцей на роднай мове ёсць! І ў сеціве іх пры жаданні бацькі могуць знайсці (напрыклад, праекты “Развіваючае відэа для дзяцей Умачка”, “Баравік”, “КінаКонг” і іншыя).

Здаецца, як можна вучыць дзяцей у Беларусі не на беларускай мове?! Напэўна, падобнае пытанне не можа паўстаць перад жыхарамі любой іншай краіны.  

У нашай краіне існуе мала дзіцячых садкоў і школ, дзе навучанне вялося б толькі на беларускай мове, а беларускамоўныя школы працягваюць закрываць. Сёлета ж, як заявіў міністр адукацыі, нягледзячы на рост цікавасці вучняў і студэнтаў да роднай мовы, колькасць школ і класаў з навучаннем на беларускай мове не пабольшала. Узнікае пытанне: чаму? Як можна меркаваць, сур’ёзнай папулярызацыі беларускамоўнага навучання раённыя аддзелы адукацыі і адміністрацыі школ не праводзілі. І гэта пры тым, што раней чыноўнікі ад адукацыі абяцалі перавесці палову прадметаў у школе на беларускую мову. (Добра яшчэ, што ў сярэднім звяне адводзіцца дзве гадзіны на тыдзень на прадмет, бо ў старэйшых класах прыходзіцца вывучаць беларускую мову наогул толькі адзін (!) раз на тыдзень). Але што гаварыць пра вучняў і іх узровень валодання мовай, калі ў сталіцы для беларускамоўнай гімназіі не змаглі знайсці беларускамоўнага матэматыка.

…Родную мову я з дзяцінства чула ад бабулі і дзядулі, калі гасцявала ў іх у вёсцы. У садку нас крыху спрабавалі вучыць беларускай мове, і словы “добрай раніцы”, “дзякуй”,  “калі ласка”, “да пабачэння” ў тым узросце падаваліся такімі прыгожымі і… смачнымі.

У школе, па праўдзе кажучы, беларуская мова і літаратура мяне не захапляла,  гэта папросту былі абавязковыя прадметы. І калі ў сёмым класе мая адзнака за чвэрць апусцілася да сямёркі, мама вырашыла распачаць “радыкальныя” захады. Яна сказала, што ёй сорамна за тое, што я ведаю родную мову горш, чым рускую, і заявіла, што будзе размаўляць са мной выключна па-беларуску, адразу і прыступіўшы да задуманага. Мяне гэта раздражняла, я па-дзіцячаму пратэставала і закрывала далонню ёй рот. Мама ад гэтага закашлялася, і я тады заўважыла: “Ты яшчэ па-беларуску кашляць пачні”. Цяпер гэты жарт мы часта ўспамінаем і смяемся…

Пачынаючы дзесьці з восьмага класа, калі я стала ўдзельнічаць у алімпіядах і конкурсах па беларускай мове, маё захапленне роднай мовай і цікавасць да яе пачалі расці. Я з радасцю пачала дадаткова займацца, вучыць правілы, чытаць мастацкія творы. Убачыўшы маё захапленне, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жанна Юр’еўна Шундрык прапанавала рыхтавацца да алімпіяды. Гэта ўсё стала новым і цікавым этапам у маім жыцці.  

Паступова я вызначылася са сваёй будучай прафесіяй. Безумоўна, захацела вывучыць іншыя мовы, не спыняцца на беларускай, рускай і англійскай. Вырашыла паступаць у Польшчу на кірунак “Англійская філалогія з нямецкай мовай”. Год заняткаў з рэпетытарам па польскай мове, месячны курс пры ўніверсітэце, кожнадзённыя размовы з носьбітамі гэтай мовы палепшылі і працягваюць паляпшаць мой узровень ведання мовы. Вядома, у такім актыўным яе засвойванні сваю ролю адыграла і веданне беларускай, рускай і англійскай мовы. У маіх марах яшчэ хочацца вывучыць італьянскую, арабскую і французскую мовы :) Дарэчы, у школе палякі вывучаць дзве замежныя мовы — англійскую і рускую, нямецкую ці французскую на выбар, і амаль палова маёй групы ўжо добра ведала нямецкую мову пры паступленні. У гімназіі я таксама з задавальненнем, акрамя англійскай, вучыла б яшчэ адну замежную мову.

Не можа быць горшай ці лепшай мовы. Я люблю беларускую мову, люблю рускую, а таксама англійскую і польскую. Цяпер вось вучу нямецкую. Магчыма, яна таксама будзе мне падабацца, калі я засвою яе і змагу на ёй камунікаваць. Бо любую мову па-сапраўднаму будзеш любіць толькі тады, калі будзеш яе ведаць. Гэта ў першую чаргу адносіцца да нашай беларускай мовы. І тады на нашых беларускамоўных дзяцей не будуць глядзець як на іншапланецян, не будуць абражаць нас як народ і не будуць ставіць пад сумнеў суверэннасць Беларусі.