«Co jeszcze raz?», ці Цяжкасці перакладу

Паліна Пляшко
19.01.2017

Неяк у беластоцкай краме пры разліку ў я недачула, пра што спытала ў мяне прадавец. “Co jeszcze raz?” — перапытала я, механічна пераклаўшы адпаведны выраз з беларускай мовы. На што ў адказ атрымала ад польскай прадаўшчыцы рускае: “Пакет не нужен?” 

  Пацікавілася ў польскай сяброўкі, што я не так спытала. Аказваецца, у такіх сітуацыях у палякаў прынята казаць “Słucham?” (Слухаю?) альбо “Przepraszam?” (Прабачце?), а мой адказ быў некарэктным. Тое, што польская мова не з’яўляецца для мяне роднай, выдае не толькі мой акцэнт, але і няведанне сінтаксічных і іншых адметнасцей мовы. 

Няўпэўненасць у веданні замежнай мовы — гэта не адзіная прычына, якая можа спыніць тых, хто марыць вучыцца за мяжой, але, напэўна, адна з галоўных. Аднак гэтыя сумненні можна з лёгкасцю адкінуць. Школьных ведаў, напрыклад, англійскай мовы павінна хапіць. У маім выпадку польскай мовы, якую вывучала з рэпетытарам каля году, таксама на першы час было дастаткова — хаця б для таго, каб у цэлым зразумець, што мне гавораць на польскай мове. Акрамя гэтага, пры ўніверсітэтах за месяц да вучобы звычайна арганізуюць інтэнсіўныя курсы польскай мовы. Бясплатныя чатырохмесячныя курсы па паглыбленым вывучэнні мовы былі прапанаваныя і пазней для студэнтаў з краін Усходняй Еўропы (іх я таксама наведваю вечарам пасля вучобы два разы на тыдзень). 

Паміж беларускай і польскай мовамі шмат агульнага, асабліва гэта датычыцца лексікі і граматыкі. Наконт лексікі. Калі вы едзеце ў Польшчу, адно са слоў, якое трэба абавязкова ведаць, гэта dworzec (вакзал). Суадносна чыгуначны вакзал — гэта dworzec kolejowy (двожэц калеёвы, PKP), а аўтобусны вакзал — dworzec autobusowy (PKS). Бо калі вы запытаеце палякаў, дзе знаходзіцца вакзал, яны толькі здзіўлена пахістаюць галавой і вакзал будзе знайсці праблематычна. 

Але ж, напэўна, кожны сутыкнецца з такой праблемай, як ілжывыя сябры перакладчыка, якія сустракаюцца ва ўсіх мовах свету. Як аказалася, і ў польскай іх шмат! І часамі менавіта яны выклікаюць непаразуменні ў зносінах. 

Каб пазбавіцца акцэнту і некарэктных фраз у сваім маўленні, трэба не баяцца ў першую чаргу гаварыць на мове, нават з памылкамі, у розных сітуацыях і ўсюды, прыслухоўвацца да яе гучання і прасіць знаёмых выпраўляць вашы памылкі. Дапаможа ў гэтым прагляд фільмаў і слуханне музычных гуртоў на мове, якую хочаш вывучыць. А ў экстрэмальных сітуацыях, як кажуць, мова засвойваецца хутчэй.

Яшчэ лепш — знайсці сяброў, з якімі будзеш проста вымушаны камунікаваць на іх мове. Дарэчы, мая польская сяброўка Віёла не супраць навучыцца размаўляць па-руску.  

Праўда, ужо паўгода жывучы ў Польшчы, да гэтага часу я не магу прызвычаіцца, што owoce — гэта садавіна, што stół — гэта стол, стул — krzesło, jutro — заўтра, раніца — rano, а рана — wcześnie, што magazyn — часопіс або склад, а магазін — sklep, kiedy — калі, а кеды — buty sportowe ці adydasy. Ну і самае цяжкае для мяне запомніць, што zapomnieć — запамятаць, а zapamiętać — запомніць. 

Чула такое, што палякі, маўляў, не разумеюць цябе, калі гаворыш з імі на ламанай польскай мове. У тым, што гэта не так, мела магчымасць пераканацца яшчэ падчас свайго першага прыезду ў Польшчу, калі я нешта спрабавала спытаць на рускай, беларускай ці ламанай польскай мове ў прахожых. На дзіва, усе ўсё разумелі і шчыра, не абмяжоўваючыся аднаскладовымі фразамі, падказвалі патрэбнае. Калі не ведалі самі, дзе, напрыклад, знаходзіцца тая ці іншая вуліца, то нават тэлефанавалі знаёмым (!). Ніхто не змог, праўда, падказаць, як прайсці на вакзал.