Учора я вярнуўся з амаль тыднёвай паездкі ва Украіну, дзе прыняў удзел у міжнародным трэнінг-семінары “Медыяасвета: практычныя мадэлі”, якія праходзіў у гарадку Буча пад Кіевам. Акрамя практычных уменняў і тэарэтычных ведаў, якія я набыў падчас семінара, не менш важным, на маю думку, быў і сам побыт у дзяржаве, якая перажывае сёння вельмі складаныя часы, былі кантакты з украінскімі калегамі, з мясцовымі журналістамі і простымі ўкраінцамі, што дазволіла па-іншаму паглядзець на сітуацыю ў краіне, дазволіла лепш і глыбей спазнаць тое жыццё, якім жывуць цяпер нашы паўднёвыя суседзі.
Зусім нядаўна мяне абвінавацілі ў чэрствасці і бяздушнасці, калі я на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы размясціў фота з украінскімі салдатамі, якія пасля вызвалення Славянска ад баевікоў-тэрарыстаў узнялі над урадавым будынкам дзяржаўны сцяг Украіны. Фота я суправадзіў кароткім подпісам “З вызваленнем, Славянск!”.
Канфлікт ва Украіне падзяліў і беларусаў, многія з якіх раптам пачалі лічыць, што ўладу ў краіне захапіла фашысцкая хунта, а ўкраінская армія – гэта карнікі, якія забіваюць мірных жыхароў сваёй дзяржавы, падпарадкоўваючыся загадам фашысцка-бандэраўскай улады. І толькі на Луганшчыне і Данеччыне, лічаць яны, жывуць сапраўдныя патрыёты, мірныя жыхары Данбасу, якія бароняць сваю зямлю ад фашыстаў, якія гвалтоўна захапілі ўладу ва ўсіх астатніх 22 абласцях Украіны.
І таму тое, што ва ўкраінскім горадзе над будынкам адміністрацыі зноў залунаў дзяржаўны сцяг, многія беларусы лічаць праявай тэрору ў адносінах да мірных жыхароў, а людзей, якія вярнулі ў Славянск украінскую уладу - фашыстамі і бандэраўцамі. У той жа час людзі з георгіеўскімі стужкамі і аўтаматамі ў руках для гэтых беларусаў – мірныя жыхары, апалчэнцы, якія бароняць сваю зямлю, імкнучыся, праўда, чамусьці або далучыцца да Расіі, або як мінімум выйсці са складу Украіны.
Што ж, гэта іх суб’ектыўнае меркаванне, якое склалася пад уплывам тых ці іншых СМІ. І на іх аргументы я адказваў сваімі, якія таксама падмацоўваліся аргументамі, узятымі з розных СМІ. Але нездарма кажуць, што лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць.
Цяпер я пабачыў. Пабачыў Майдан, Кіеў, пабачыў Украіну. І магу сказаць, што таксама адкрыў для сябе нешта новае або пераканаўся ў нечым, пра што дагэтуль мог толькі меркаваць.
Калі я размаўляў з бежанцамі з Луганска, якія часова жывуць у Кіеве, я пераканаўся, што гэта яны – сапраўдныя мірныя жыхары, у якіх людзі са зброяй і георгіеўскімі стужкамі на вайсковай форме адабралі мірнае жыццё.
Калі я размаўляў з украінскімі калегамі, якія былі на Майдане і дзеці якіх сёння служаць ва ўкраінскай арміі і вызваляюць СВАЮ зямлю ад “апалчэнцаў”, я пераканаўся ў тым, што яны – мірныя жыхары Украіны, якія хочуць бачыць сваю дзяржаву адзінай і незалежнай, суверэннай і еўрапейскай.
Калі на вуліцах Кіева я размаўляў з гараджанамі, калі бачыў на вуліцах горада сотні дзяржаўных сцягоў – на будынках, на помніках, на машынах, у руках кіян – я пераканаўся, што гэтыя людзі – не фашысты і не хунта, а сапраўдныя грамадзяне і патрыёты сваёй краіны, якая, упэўнены, будзе вольнай, адзінай і насамрэч еўрапейскай!
І няхай мяне абвінавачваюць у жорсткасці і чэрствасці праз тое, што я я называю т.зв. апалчэнцаў баевікамі і віншую жыхароў Славянска з вызваленнем ад тэрарыстаў. Відаць, у гэтым могуць абвінаваціць і маіх беларускіх калег, якія прымалі ўдзел у трэнінг-семінары пад Кіевам. Але на гэтыя словы мы не будзем адказваць: мы ўжо адказалі на іх, перадаўшы арганізатарам семінара грошы, якія яны накіруюць – ужо накіравалі! – на дапамогу мірным жыхарам еўрапейскай Украіны і салдатам, якія бароняць яе цэласнасць і незалежнасць.
У мяне ёсць адна традыцыя: калі я знаходжуся ў замежжы, то бяру з сабой шалік з надпісам “Беларусь” і нашым спрадвечным гербам “Пагоня”. Але паездка на Украіну паклала пачатак яшчэ адной традыцыі. Цяпер на маім заплечніку, з якім я аб’ездзіў некалькі краін і ў якім часта знаходзіцца мой улюбёны шалік, з’явіўся жоўта-блакітны шнурочак з Майдана Незалежнасці. Гэты шнурочак колераў дзяржаўнага сцягу Украіны падарыла мне мая калега, якая апекуецца бежанцамі з усходу і якая з’яўляецца сапраўднай грамадзянкай Украіны – адной з мільёнаў тых украінцаў, якія дапамогуць сваёй Радзіме перажыць цяжкія часы і стаць квітнеючай еўрапейскай дзяржавай. Віва, Україна!