Кожны носіць сваё неба з сабою

Юрась Каласоўскі
16.11.2014

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна звінеў першы званок, а ўжо скончылася першая чвэрць. Здаецца, зусім нядаўна мы з маім 11 “А” рыхтаваліся да апоняга званка і выпускнога, а ўжо цяпер мы з маім 5 “Б” рыхтуемся стаць гімназістамі.

Жыццё, як і гісторыя, не развіваецца лінейна, а ідзе па спіралі. Адзін віток, другі, трэціі… Менавіта таму ў жыцці кожнага з нас ёсць момант, калі ты задумваешся і пачынаеш казаць сабе: “А гэта ўжо было калісьці…”.

Але мелі рацыю мудрацы, калі казалі, што ў адну раку нельга ўвайсці двойчы. І хаця падзеі, жыццёвыя гісторыі паўтараюцца, не паўтараемся мы самі, пастаянна змяняючыся і кожны раз па-новаму гледзячы на тое, што было ў мінулым, кожны раз адкрываючы новы, дагэтуль не вядомы сэнс у даўно мінулых падзеях.https://fbcdn-sphotos-f-a.akamaihd.net/hphotos-ak-xpa1/t31.0-8/p600x600/10551489_764315363648343_4448357797368313720_o.jpg

Калі сёлета стаяў на лінейцы з маім 5 “Б”, згадваў такі ж дзень і такую ж лінейку, калі я ў 2007 годзе пачынуў новы навучальны год і ўласную настаўніцкую дзейнасць з тым 5 “Б”, які ў 2014 годзе стаў маім 11 “А” і прадстаўнікі ягога за 7 год сталі вельмі блізкімі і дарагімі, сталі сапраўды роднымі. Канешне, на працягу тых сямі год было не толькі добрае, але як жа цудоўна, што чалавечая памяць захоўвае менавіта добрыя і пазітыўныя моманты нашага жыцця, сціраючы ўвесь негатыў! І як жа прыемна было атрымаць на Дзень настаўніка словы віншванняў і падзякі ад сваіх выпускнікоў, сярод якіх было і наступнае: “Шмат было добрага, было і дрэннае) Але я ўдзячная вам абсалютна за ўсё. Вы Настаўнік, і за гэта я вас бязмерна паважаю. Творчых вам поспехаў, развіцця і новых перамог!”.

І сапраўды, у такія моманты ў чарговы раз пераконваешся ў тым, што жыццё – гэта не кароткія імгненні перамог ці горкія хвіліны расчаравання, што жыццё – гэта шчырасць і адданасць, натхненне і добразычлівасць, якімі мы можам напоўніць кожную хвіліну кожнага дня. Можам, калі будзем жыць кожнай хвілінай, калі будзем памятаць, што “ўсё мінецца, а праўда - застанецца”. І толькі тады мы праз гады ўбачым, што пражылі той дзень, месяц ці год недарэмна, што там і тады мы былі сапраўднымі, імкнуліся жыць і тварыць, спазнаваць і змагацца за лепшае.

Безумоўна, далёка не ўсё і далёка не заўжды атрымліваецца, але ж няўдачы і паражэнні робяць нас мацнейшымі. Мацнейшымі для таго, каб на новым вітку гісторыі, на новым адрэзку жыцця мы мелі магчымасць паказаць і даказаць сабе, што мы жывём, мы памятаем пра мінулае і імкнёмся ў будучыню. І тады ў нас ўсё атрымаецца, бо нават немагчымае – магчыма.