Мова нанова або роднае чужым не стане

Юрась Каласоўскі
01.02.2015

Так здарылася, што менавіта дзякуючы сваім вучням, якія вырашылі навучыцца пісаць беларускай лацінкай, я стаў выкладаць курсы беларускай мовы “Мова нанова-Магілёў” у траўні 2014 года. А ў пачатку 2015-га на гэтыя курсы пачалі хадзіць і мае пяцікласнікі, што вельмі ўсхвалявала і парадавала.

Год таму, прымеркаваўшы да Дня роднай мовы інфармаванне сваіх вучняў пра беларускую лацінку, я і падумаць не мог, што некаторыя з іх захочуць пісаць на лацінцы. Але ж захацелі! Так, толькі некалькі – тры-чатыры – чалавек з двух класаў. Але ж захацелі – і зрабілі. І, што самае дзіўнае, працягваюць пісаць лацінкай дагэтуль, выклікаючы здзіўленне, захапленне, а часам, на жаль, раздражненне тых, хто даведваецца пра гэта. А мне здаецца, што вось гэты і падобны прыклады – самая вялікая радасць нам, настаўнікам. Я паказаў, а яны – зрабілі. Не пад прымусам, а па ўласным жаданні. І вельмі сімвалічна тое, што менавіта публікацыя фотаздымка старонкі сшытка, спісанага лацінкай, у адной з сацыяльных сетак прывяла мяне на курсы “Мова нанова”.

Калі ж у верасні пачаўся другі сезон курсаў “Мова нанова”, на заняткі якіх прыходзяць людзі самых розных прафесій і ўзростаў – вучні і студэнты, дактары і праграмісты, прадпрымальнікі і пенсіянеры, – мяне чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз. Неспадзявана для сябе на курсах я заўважыў сваю вучаніцу – пяцікласніцу Юлю, якая пачала наведваць заняткі разам з сваёй маці. І прыйшла яна на курсы не таму, што яе прывяла за руку маці, а таму, што захацела сама. Па словах маці Юлі, спадарыні Наталлі, дзяўчынка вельмі сумуе, калі зрэдчас ёй даводзіцца прапускаць заняткі праз занятасць на канцэртах (дзяўчынка займаецца ў тэатры-студыі).

Трэба адзначыць, што я не праводзіў асаблівай рэкламы курсаў “Мова нанова” сярод сваіх вучняў, а проста паведаміў ім, што выкладаю і на такіх курсах, што там ёсць шмат цікавага, што заняткі наведваюць самыя розныя – найперш дарослыя! – людзі, якія хочуць удасканаліць сваё веданне беларускай мовы, хочуць проста пачаць размаўляць па-беларуску.

І вось раптам пасля зімовых вакацый ажно некалькі маіх пяцікласнікаў кажуць: “А мы таксама прыйдзем на Вашыя курсы!”. І прыйшлі. Ажно пяцёра! І гэта пры тым, што яшчэ некалькі вучняў таксама сказалі, што вельмі хочуць трапіць на курсы, але бацькі пакуль не адпускаюць (заняткі адбываюцца ўвечары з 18.30 да 21.00).

З асаблівым хваляваннем я праводзіў заняткі, дзе прысутнічалі мае вучні, якія яшчэ раніцай сядзелі на маіх уроках у гімназіі! Дарэчы, некаторыя з наведнікаў курсаў таксама прыводзяць разам з сабою дзетак.

Што ж так зацікавіла маіх вучняў так, што адны з іх пачалі пісаць беларускай лацінкай, а другія, правёўшы цэлы дзень ў гімназіі, знайшлі сілы прыйсці на моўныя курсы ўвечары?

Магчыма, скажаце, зацікавіў настаўнік, які штосьці цікавае расказаў дзецям. І мне будзе прыемна чуць гэта. Прынамсі, на сваіх уроках я вельмі стараюся не столькі навучыць дзяцей беларускай мове, колькі паказаць ім беларускую мову як інструмент моўных зносін, як жывую з’яву, якая робіць нас адметнымі і яднае з нашай багацейшай спадчынай. Але ж мая роля, думаецца, насамрэч даволі сціплая. Гэта проста невялікі штуршок, які паказаў дзецям не проста прыгажосць і мілагучнасць нашай мовы, а тое, што мова ўжо блізкая ім, паколькі яна жыве ў нас генетычна.

Упэўнены ў тым, што далей яны зробяць усё самі. Калі ж спатрэбіцца, я дапамагу ім усім, чым змагу.

І апошняе. Цяпер Юлі значна камфортней працаваць на занятках у добрай дзіцячай кампаніі!