Швецыя вачыма беларуса, або 10 момантаў, чым запомнілася паездка ў Кальмар
З 8 па 12 чэрвеня група беларускіх настаўнікаў і журналістаў разам з дэлегацыямі з Арменіі, Казахстана і Украіны прыняла ўдзел у летняй школе, арганізаванай пры падтрымцы Інстытута Фойо ў Кальмары – горадзе на поўдні Швецыі. Семінар быў вельмі карысным як для настаўнікаў, так і для журналістаў, але ж запомнілася паездка не толькі працай…
- ПРЫРОДА. Кальмар жыве ў гармоніі з прыродай і яскравым сведчаннем гэтаму з’яўляюцца… зайцы, якія вельмі камфортна адчуваюць сябе побач з людзьмі, бегаючы па лужайках горада, па падворках. І калі ў першыя дні нашага побыту ўсе, пабачыўшы зайчыка, дзівіліся і адразу ж хапаліся за фотаапараты ці смартфоны, то пасля ўжо ўспрымалі “касых” як належнае. У Кальмары не толькі зайцы не баяцца чалавека. Напрыклад, вельмі спакойна паводзяць сябу птушкі – чайкі, лебедзі, качкі, – якія прывыклі да мірнага суседства з чалавекам. Таксама падчас ранішняй прабежкі на адзін з астраўкоў давялося пабачыць каля прыватнага дома… казулю, якая таксама вельмі спакойна адрэагавала на з’яўленне чалавека.
- РОВАРЫ. У адной звязцы з ключом ад нумара і карткай для ўваходу ў гасцявы дом, дзе мы жылі, дарэчы, у аднамесных нумарах, быў… ключ ад ровара, які кожны з нас атрымаў у пастаяннае карыстанне на ўвесь час летняй школы. А мноства веладарожак, якія праходзяць як па цэнтры горада, так і яго ваколіцах, безумоўна, заахвочвалі нас да веласіпедных прагулак, што мы з радасцю і рабілі. Напрыклад, ужо праз гадзіну пасля прыезду ў Кальмар мы паехалі ў гарадскі парк, з якога адкрываўся вельмі прыгожы від на Кальмарскі замак. А развіталіся мы з роварамі позна ўвечары напярэдадні ад’езду, зрабіўшы невялікае падарожжа на марское ўзбярэжжа.
- СПОРТ. У тым, што шведы – спартыўная нацыя, пераконваешся ўжо праз некалькі гадзін пасля прыезду ў Кальмар. На веласіпедных паркоўках цяжка знайсці вольнае месца, у парку, на ўзбярэжжы і пешаходных дарожках – мноства бегуноў, на спартыўных пляцоўках, у вялікай колькасці раскіданых па ўсім горадзе, гуляюць у футбол, тэніс… Кожную раніцу 12-13 км бегаў па Кальмары і я, атрымліваючы велізарную асалоду не толькі ад чыстага марскога паветра, але і ад прыгажэйшых краявідаў шведскага ўзбярэжжа Балтыкі.
- СЦЯГІ. Гуляючы па Кальмары і ваколіцах, нельга было не звярнуць увагу на мноства шведскіх сцягоў, вывешаных на сценах дамоў і на флагштоках. Трэба адзначыць, што напярэдадні нашага прыезду, 6 чэрвеня, у Швецыі адзначаўся Дзень шведскага сцяга. Цікава, што спрошчаны варыянт шведскага сцяга – блакітна-жоўты выцягнуты трохкутнік, таксама вельмі часта сустракаўся ў горадзе, цешачы вока прадстаўнікоў украінскай дэлегацыі. А справа ў тым, што, паводле традыцыі, на ноч сцяг трэба спускаць, а вось трохкутнік дазваляецца пакідаць на флагштоку круглыя суткі. Багаты выбар нацыянальных сцягоў ёсць і ў гандлёвых цэнтрах.
- ГАНДЛЁВЫЯ ЦЭНТРЫ.
Іх у Кальмары некалькі, але найбольшай папулярнасцю сярод нас карыстаўся “Жыраф” – сярэдняга памеру гандлёвы цэнтр, дзе мы набывалі як прадукты, так і іншыя рэчы. Папулярнасцю карысталіся, напрыклад, шведскія сыры, ікра. Трэба адзначыць, што Швецыя не ўваходзіць у еўразону, таму валюту трэба мяняць на шведскія кроны. Кошты ў Швецыі не самыя танныя, але, паблукаўшы пару гадзін па крамах, пачынаеш арыентавацца і разумець, што лепш купіць, а на што грошы лепш не пераводзіць. Я, напрыклад, набыў сабе дзве бегавыя майкі і гетры за 300 крон (прыкладна 500 тысяч рублёў). Трэба згадаць і тавары ад IKEA – шведскай кампаніі, што прапаноўвае шырокі асартымент прыгожых і функцыянальных тавараў для офісаў і дома. IKEA, дарэчы, адзін з самых вядомых брэндаў свету. Яшчэ ў Швецыі вельмі чыстая і смачная вада, якую можна піць проста з-пад крана, не марнуючы грошы на бутыляваную пітную ваду.
- АНГЕЛЬСКАЯ МОВА. Думаецца, мала хто з беларусаў размаўляе па-шведску, а таму межы камунікацыі са шведамі часта вызначае ступень валодання ангельскай мовай. І тое, што ў вас у школе ці ва ўніверсітэце была выдатная адзнака па ангельскай, зусім не азначае, што вы свабодна будзеце размаўляць са шведамі. А вось яны – будуць. Да свайго сораму зразумеў, што свабодна камунікаваць па-ангельску мне вельмі складана, а таму трэба тэрмінова выпраўляць гэтае становішча.
- КУХНЯ. Нацыянальная кухня Швецыі багатая на рыбу: сялёдку, ласося, траску. Асабіста мяне ўразіла і вельмі спадабалася сялёдка ў салодкім соусе. Будучы ў Швецыі, нельга не паласавацца ікрой, якая тут прадаецца таксама і ў цюбіках. Дарэчы, шведская ікра – выдатны пачастунак для сяброў і знаёмых, а таму многія з нас павезлі яе і на Радзіму. Нельга не адзначыць, што ўсе дэлегацыі – армяне, беларусы, казахі, украінцы – у вызначаны дзень рыхтавалі “нацыянальныя вячэры”, каб не толькі пачаставаць удзельнікаў і арганізатараў медыяшколы прысмакамі і традыцыйнымі стравамі нацыянальнай кухні, але і бліжэй пазнаёміць з культурай сваёй радзімы.
- БУДЫНКІ. У Кальмары не сустрэнеш высотак, абсалютная большасць будынкаў – адна- і двухпавярховыя. Адзінае выключэнне – Кальмарская воданапорная вежа, у якой жывуць прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і журналісты. Звяртае на сябе ўвагу тое, што будынкі ў Кальмары вельмі практычныя, але амаль кожны квартал ці мікрараён мае сваю адметную забудову. Канешне, найбольш дарагія і прэстыжныя будынкі – на беразе мора (востраў Варсхольмэн), адкуль адкрываецца прыгожы від на Кальмарскі праліў, востраў Эланд і мост на яго.
- ЭЛАНД. Гэта адзін з самых вялікіх астравоў у Балтыйскім моры, які, працягнушыся з поўначы на поўдзень на 137 км, быццам абараняе Кальмар ад прастору адкрытай Балтыкі. Сам востраў часта называюць “Краінай ветракоў”, і ў гэтым можна пераканацца, пабачыўшы як старыя драўляныя, так і сучасныя ветракі, частка з якіх знаходзіцца ў Кальмарскім праліве. На Эландзе мы наведалі сярэднявечную крэпасць Экеторп, пасля чаго накіраваліся на паўднёвую ўскраіну вострава, увенчаную маяком Доўгі Ян, з якога адкрываюцца прыгажэйшы від на мора. Эланд багаты на жывёльны свет: побач з мноствам птушак на ўзбярэжжы вострава любяць адпачываць цюлені, а на лугах мірна пасвяцца каровы і авечкі.
- МОРА. У Беларусі выхаду да мора няма, таму, безумоўна, шведская Балтыка прыцягвавала нашу ўвагу. Кальмар, які знаходзіцца на самым узбярэжжы, мае шмат добра абсталяваных пляжаў, порт, знакаміты замак, які знаходзіцца на востраве, а таксама вельмі прыгожы мост на востраў Эланд даўжынёю больш за 6 км! Асабіста я, нягледзячы на даволі халодную (+11˚С) ваду, не мог не пакупацца, што і зрабіў у апошні дзень, каб, калі што, хварэць ужо дома. Але падчас заплыву асаблівага холаду не адчуваў, хаця давялося пазмагацца з хвалямі.
P.S. Бегаючы штораніцы па горадзе, спыняўся ля прычала на астраўку Свартэ, каб палюбавацца спакойнай тут Балтыкай, мостам на Эланд і проста паслухаць цішыню… “Хэй!” – павіталася са мной шведка, якая жыла прыгожым доміку на самым беразе мора і ўжо некалькі дзён запар бачыла, як я прыбягаю сюды. “Хэй!” – адказаў я і, падышоўшы бліжэй, падарыў магніцік з выявай роднага Магілёва, які адмыслова захапіў з сабою. Шведка, усміхнуўшыся, падзякавала, а я, пабегшы назад, падумаў: “Можа, пашчасціць яшчэ прыехаць у Швецыю. Магніцік павінен дапамагчы мне ў гэтым”.
А каб быць упэўненым у тым, што наша першая паездка ў Швецыю не стане апошняй, мы з калегай Алай напярэдадні ад’езду шпурнулі з самага канца гарадскога пірса па шведскай кроне ў хвалі сіняй Балтыкі…