Мая краіна, або вакол Беларусі за 13 год

Юрась Каласоўскі
13.10.2015

1 траўня 2002 года. Заканчваючы першы курс ВДУ імя П.М. Машэрава, задумваўся пра тое, што зусім мала ведаю сваю радзіму, за 20 год жыцця пабыўшы толькі ў дзясятку гарадоў – наперш там, дзе жывуць сваякі або з рознымі экскурсіямі. А што я ведаю пра, напрыклад, Паставы, Пружаны, Чэрыкаў, Мазыр, Ваўкавыск і Барысаў? Толькі тое, у якой вобласці яны знаходзяцца? Таму вырашыў сесці на цягнік і накіравацца ў Барысаў. Проста так, без нейкай папярэдняй падрыхтоўкі.

 Чаму ў Барысаў? Вядомы сваёй гісторыяй горад, да якога даволі зручна дабірацца з Віцебска (толькі адна перасадка ў Оршы). Шчыра кажучы, я ўжо мала што памятаю з таго веснавога дня… Хіба тое, што была пагода, што добра пагуляў па горадзе, любуючыся на драўляную забудову старога горада і нешырокую тут Бярэзіну – самую вялікую раку, якая цалкам працякае па тэрыторыі нашай дзяржавы.

Тады я яшчэ не ведаў, што на тое, каб наведаць усе 118 райцэнтраў нашай краіны, мне спатрэбіцца больш за 13 год, што мая адысея вакол Беларусі скончыцца 9 жніўня 2015 года ў самым паўднёвым раёне нашай краіны – Брагінскім…

Безліч паездак, адкрыццяў, цікавых сустрэч, мноства пабачаных помнікаў архітэктуры і прыроды, дзясяткі музеяў – цяпер я разумею, што для таго, каб апісаць свае падарожжы, патрэбна добрая кніга.

“А што будзеш рабіць цяпер? Якая твая наступная мэта?” – спыталі ў мяне знаёмыя і сябры пасля паездкі ў Брагін, які стаў апошнім райцэнтрам у маёй адысеі-падарожжы вакол Беларусі.

Спачатку мне было складана адказаць на гэтае пытанне, але цяпер, згадваючы словы народнага пісьменніка Беларусі Уладзіміра Караткевіча пра тое, што “вечна тваім застаецца Толькі тое, што ты аддаў”, разумею, што трэба дзяліцца пабачаным і перажытым з сябрамі, знаёмымі… Хацелася б напісаць кнігу, таму варта пачынаць з чаго-небудзь. Чаму б не з гэтага замалёўкі пра мае вандроўкі, якая праз пэўны час перарасце ў кнігу пра адысею вакол Беларусі?

На жаль, з многіх маіх паездак у самыя розныя райцэнтры не засталося нейкіх запісаў ці фотаздымкаў, а толькі дата падарожжа і ўспаміны… Але памяць – жывая, і ў гэтым я пераконваюся штораз, калі мне даводзіцца зноў наведваць тое ці іншае мястэчка. Здавалася б, быў у Століне ці Рагачове ўжо колькі год таму, але пры чарговым наведванні гэтых мястэчак згадваецца ўсё да дробязей: дзе ішоў, што думаў, чаму здзіўляўся!

На працягу трынаццаці год вандровак змяняўся я сам – змяняліся і мае падарожжы: ад звычайнай прагулкі па горадзе ці мястэчку да мэтанакіраванага наведвання найбольш цікавых помнікаў і мясцін, а таксама музеяў пасля папярэдняга вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна.

Дзе аўтобусам, дзе пешшу, дзе цягніком, а дзе нават бегам (я ўсё ж марафонец!) даводзілася мне вандраваць на працягу гэтага часу. Калі ж даводзілася вяртацца ў тыя гарады і мястэчкі, дзе быў раней, з’яўлялася адчуванне нейкай цеплыні і душэўнага камфорту – гэта сагравалі сваёй цеплынёй успаміны пра першую вандроўку туды… Напрыклад, у тым жа Барысаве давялося пабываць і ў 2008 годзе, калі там адзначаўся Дзень беларускага пісьменства, і сёлета, калі прыняў удзел у легкаатлетычным прабегу, прысвечаным вызваленню горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

А чаму б не аб’ездзіць яшчэ раз усе райцэнтры Беларусі, скажам, на працягу года, грунтуючыся на выпрацаваных ужо крытэрах наведвання гарадоў і мястэчак Беларусі? Прабег жа сёлета паляк Рышард Калачыньскі цягам года 366 марафонаў! “І немагчымае магчыма”, – пісаў калісьці рускі паэт Аляксандр Блок. Важна толькі захацець – і тады з’явіцца магчымасць і час. Я захацеў.