Простыя рэчы

Юрась Каласоўскі
17.02.2016

У шпіталі, я і ў войску, пачынаеш цаніць самыя простыя рэчы. Так атрымалася, што ў шпіталь – Магілёўскую гарадскую лякарню хуткай медыцынскай дапамогі – я трапіў праз тры гады пасля таго, як там жа мне рабілі аперацыю, звязаную з апендыцытам. Цяпер – таксама аперацыя, таксама ў вобласці жывата, таксама зіма…

Паколькі атрымалася так, што раптам з’явіўся вольны час, то надарылася магчымасць падумаць і асэнсаваць тое, што не паспяваеш заўважыць, будучы занятым паўсядзённымі клопатамі.

Спынюся на трох рэчах.

Па-першае, нягледзячы на адносна невялікі прамежак часу, у маім жыцці за гэты перыяд паспела змяніца вельмі многае: замацаваўся ў спартыўным асяроддзі, да 2 марафонаў дадаўшы яшчэ 11; пачаў выкладаць курсы “Мова нанова-Магілёў”, якія сталі для мяне нечым насамрэч родным і блізкім; пачаў выкладаць на курсах “Актыўная ацэнка”; упершыню палятаў на самалёце, наведаўшы летась з адукацыйным візітам Швецыю; ажыццявіў даўнюю мару, пабыўшы ва ўсіх 118 раёнах Беларусі; выпусціў у дарослае жыццё свой 11 “А”… І гэта далёка не ўсё – якое ўсё ж хуткаплыннае жыццё!!!

Па-другое, нягледзячы на згаданую мной хуткаплыннасць часу, многія рэчы ў нашым жыцці застаюцца нязменнымі. Як духоўныя, так і матэрыяльныя. Не думалася, што з такой цеплынёй буду згадваць сцены гэтай лякарні, дзе тры гады таму правёў ноч у рэанімацыі, дзе правёў тыдзень свайго жыцця, аднаўляючыся пасля аперацыі. Не думаў, а ўсё ж нездарма часам кажуць, што чалавек жыве, каб вяртацца. Канешне, як нельга двойчы ўвасці ў адну раку, так нельга вярнуцца ў мінулае. Але, вяртаючыся ў мясціны, зязаныя з мінулым, ажываюць успаміны, якія напаўняюць цеплынёй душу і сэрца. Часам успаміны могуць быць і непрыемнымі – і не ў кожнае месца хочацца вяртацца. Таму і здзівіўся спачатку, што з прыемнай цеплынёй згадаў свой побыт тут тры гады таму. Хаця, падумаўшы, зразумеў: а якімі ж яшчэ павінны быць успаміны, калі тут мне вярнулі здароўе?

Па-трэцяе, дзе, як не ў лякарні, пачынаеш па-сапраўднаму цаніць самыя простыя і звычайныя рэчы, якія ў паўсядзённым жыцці ўспрымаюцца як нешта само сабой зразумелае і таму не цэняцца так, як насамрэч таго вартыя. А тут, у лякарні нават проста хадзіць, не згінаючыся ад болю – ужо шчасце. Атрымаць невялікі пачастунак ад родных ці суседа па палаце – вялікая радасць. Паглядзець фільм ці пачытаць газету – цудоўная магчымасць атрымаць вялікае задавальненне.

Як не дзіўна, але час у лякарні таксама можа бегчы хутка. Калі ў пятніцу даведаўся пра тое, што ў панядзелак мяне выпішуць, пачаў лічыць дні і гадзіны да “дзембеля”, але ўжо сёння, у апошні поўны дзень свайго побыту ў шпіталі, заўважыў: я цаню час, праведзены тут. Магчыма, таму, што ўжо стаў лепш сябе адчуваць, што магу колькі заўгодна чытаць, глядзець фільмы ці пісаць артыкулы. Але найперш таму, што чарговы раз задумаўся пра хуткаплыннасць жыцця і пачаў хаця б крышачку больш цаніць яго, цаніць і шанаваць кожны пражыты дзень свайго жыцця.

Нездарма ж казалі старажытныя рымляне “memento mori” – тут у чарговы раз пераконваешся ў выверанай часам справядлівасці і мудрасці гэтых слоў. А таму – беражыце сябе, цаніце кожны пражыты вамі дзень!!!

P.S. За час, праведзены ў лякарні, паспеў прачытаць 1 кнігу, паглядзець 3 фільмы і напісаць 3 артыкулы ва ўласных блог – рады, што не змаранаваў час!