Дванаццаты раз на свяце беларускага слова

Юрась Каласоўскі
14.09.2018

Адна з нешматлікіх традыцый майго жыцця – гэта штогадовае падарожжа ў сталіцу Дня беларускага пісьменства. Сёлета выпала ехаць далёка – ажно ў Іванава, ці Янаў-Палескі, як называлі гэтае заходнепалескае мястэчка да 1940 года.

Адметнасцю гэтага падарожжа стала тое, што выбраўся ў яго адзін – здаецца, такое са мной адбылося ўпершыню. Раней ездзіў або з Магілёўскай арганізацыяй ТБМ, або з роднымі ці сябрамі. А вось тут выпала ехаць аднаму. Але ж гэтая акалічасць не збянтэжыла: колькі вандровак па Беларусі давялося здзейсніць самастойна, калі імкнуўся наведаць усе 118 раёнаў Беларусі!

Над маршрутам раздумваў доўга: не хацелася ехаць ноч туды і ноч назад, пакідаючы дома жонку з малым дзіцёнкам. У выніку вырашыў ехаць начным цягніком з Магілёва да Жабінкі, адкуль потым трэба было больш за 100 км праехаць на дызелі. Назад амаль тое самае, толькі з Менску ўжо вяртаўся маршруткай. У выніку вандроўка заняла суткі, з якіх у сталіцы свята пабыў толькі паўтары (!) гадзіны. Што ж, ці блізкі свет тое Іванава!

А вось ўжо ў Слонім, які стане сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2019 годзе, будзе ехаць значна прасцей.

Дарэчы, а чаму свята ў 2019-м будзе на Гарадзеншчыне? У 2009 сталіцай была Смаргонь, у 2015 – Шчучын, значыць, наступнае свята ў гэтай вобласці павінна быць у 2021-м. Нагадаю, што ўпершыню на Дзень беларускага пісьменства я паехаў у 2007 г. у Шклоў, у 2013 годзе сталіцай свята стаў Быхаў – значыць, на Магілёўшчыне павінна было б адбыцца святкаванне налета. Відаць, у арганізатараў свята свая логіка.

За гады падарожжаў па сталіцах ДБП (так для сябе называю часам Дзень беларускага пісьменства) у мяне склаліся пэўныя традыцыі: трэба сфатаграфавацца ў знакавым месцы горада, пабываць на фестывалі кнігі і прэсы. Калісьці, фатаграфуючыся, паказваў на пальцах, якое гэта для мяне свята па ліку. Летась на 11-м маім Дні беларускага пісьменства адзінаццаты палец узняла жонка, з якой тады паехалі разам у Полацак. А тут не прыдумаў нічога іншага, як проста падняць угару вялікі палец. Ну не паказваць жа пальцы яшчэ і на нагах! Добра, што сустрэў знаёмага хлопца, які з ахвотай мяне пафатаграфаваў!

А так сёлетняе свята для мяне праходзіла пад дэвізам “паспецьусё за гадзіну”. Здаецца, атрымалася: выступ “Песняроў” і цырымонію ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі пабачыў, каля памятнага знака “Янава слова” сфатаграфаваўся, на выставах фестывалю кнігі і прэсы пабыў, магніцік , прысвечаны юбілейнаму 25-му Дню беларускага пісьменства, набыў, помнік Напалеону Орду пабачыў! А яшчэ паспеў пачаставацца смачнымі іванаўскімі яблыкамі!

Канешне, каб было больш часу, то і паспець можна было б нашмат больш… Але галоўнае для мяне тут тое, што не перарвалася традыцыя!

Традыцыя далучанасці да роднага слова, да здабыткаў нашай духоўнай культуры. Трымайцеся ж сваіх традыцый, а калі ў вас іх яшчэ няма – паспяшайцеся завесці! Адзін з магчымых варыянтаў – штогадовыя падарожжы ў сталіцу Дня беларускага пісьменства – вы ўжо ведаеце.