Экскурсія на «Лінію Сталіна»

Тамара Мацкевіч
15.03.2014

Ахвяры сталінскага рэжыму ёсць у кожнай беларускай сям’і. Ёсць і ў маёй, ёсць і ў вашай, ёсць і ў сям’і той мітуслівай настаўніцы-квактухі, якая штогод вядзе вучняў, як куранят, да помніка «правадыру народаў». І якая, вядома, не прачытае гэты тэкст – ёй няма часу чытаць і думаць. Кожную вясну цягнуцца аўтобусы з вучнямі менавіта на «Лінію Сталіна», бо так патрабуе начальства.

Каб я працавала ў школе, магчыма, я б таксама павезла. Але заехала б па дарозе ў Мінск, Віцебск ці Магілёў – паказала б ратушу – сімвал і доказ нашай еўрапейскай прыналежнасці. Расказала, што менавіта гэтыя сімвалы першымі бурылі захопнікі з Усходу. Ужо потым сталінскі рэжым разбураў цэрквы ўсіх канфесіяў, бо там людзям тлумачылі, што такое дабро і зло, а таксама вучылі іх адрозніваць. 

Стоячы на «Лініі Сталіна», расказала б дзецям праўду пра 25 мільёнаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, з якіх больш за паўтара мільёна – беларусы.  Заехалі б з дзецьмі ў суседнія вёскі і запыталіся ў жыхароў, што яны думаюць пра Сталіна і пра тую «лінію».  Дала б вучням праслухаць успаміны мясцовых людзей, якія назапасіў архіў вуснай гісторыі ці знялі журналісты.  А на зваротным шляху наведалі б Курапаты ці адно з месцаў масавых сталінскіх  расстрэлаў – іх у Беларусі больш за 120! Расстраляна на тэрыторыі Беларусі было не менш за 377 тысяч чалавек (паводле гісторыка Ігара Кузняцова). 

Прыехаўшы дахаты, задала б дзецям тэму для сачынення-роздуму: «Навошта беларусам усё часцей і часцей раздаюць расійскія сцяжкі і георгіеўскія стужкі?» 

Слабо? Ну тады вязіце, куды пасылаюць ідэолагі,  потым вяртайцеся, стомленыя дарогай, да прагляду расійскіх серыялаў і раманаў Дар’і Данцовай, якая распавядзе вам, што прыстойным чалавекам быць лёгка: дастаткова надзець шмотку ад П’ера Кардэна і павесіць завушніцы з камянямі памерам з бульбіну... Але ж ведайце: беларусы – не папуасы. У нас, у Еўропе, гэты нумар не праходзіць. Нават пры часовай наяўнасці лініі Сталіна ў прамым і пераносным сэнсе.  Для павагі і самапавагі еўрапейцы патрабуюць учынкаў. Ну хаця б для пачатку замест «Лініі Сталіна» наведаць з дзецьмі Бярэзінскі запаведнік.