Школа - армія - турма?

Тамара Мацкевіч
01.06.2014

У дзень, калі па ўсёй краіне чуваць апошнія званкі, прынята віншаваць настаўнікаў і  казаць пажаданні на будучыню. То і я паспрабую пажадаць нешта добрага вам, мае дарагія калегі.

Настаўнікі – майстры размоўнага жанру, але чамусці любяць віншаваць нават блізкіх людзей, чужымі рыфмаванымі радкамі – не ведаю, як вам, а мне дык пасля ўсякіх віншаванак-эпіграфаў “у сціхах” адразу хочацца прозы. Па-беларуску – шчырасці.

Вось і першае пажаданне.

Зычу вам пазбаўлення фальшу. Каб Вы набраліся за лета дастаткова моцы і чалавечага гонару, прафесійнай годнасці і вырашылі больш не пісаць фальшывых і нікому не патрэбных папераў, не прымушалі дзяцей выпісваць “Спасацеля”, распавядаючы небыліцы пра яго карысць, прынцыпова не ставілі дзясяткі па матэматыцы і геаграфіі тым, хто замест урокаў ідзе на хакей ці парад, наадрэз адмовіліся правяраць коміны ў падворках і ежу ў лядоўнях алкашоў, не фарбавалі сцены у класах, не заганялі ў піянеры-брсм..., а толькі вучылі дзяцей. Бо грошы бацькі вучняў (а не дзяржава!!!) вам плоцяць толькі за гэта праз свае падаткі. А вы праз свае падаткі ўтрымліваеце міліцыю – то няхай яна і дзяжурыць на дыскатэках. І замест вас наведвае сацыяльна-небяспечныя сем'і – гэта іх праца.

Ну, калі занадта цяжка не рабіць тое, што вы не павінны – паспрабуйце хаця б менш пісаць вершаў-віншаванак. Дзеці іх не любяць. Для паэзіі трэба саспяліць душу. Шведы вунь зусім не друкуюць дзіцячых кніжак з вершамі – не прадаюцца, значыць, не трэба. Праўда, яны і пра вайну таксама не друкуюць дзіцячых кніг. Астрыд Ліндгэн заклікала нацыю рыхтаваць дзяцей да мірнага жыцця, а не да вайны. І шведскія дзеці – і чытаюць, і жывуць багата, і без войнаў. А шведская дзіцячая літататура лічыцца найлепшай. Тут я адчуваю, што у каго-нікаго пачалі ламацца стэрэатыпы. А як жа патрыятызм?!

Адсюль і другое пажаданне.

Давайце пазбаўляцца стэрэатыпаў! Часта бачу, як вяртаюцца настаўнікі з замежных стажыровак зусім іншым людзьмі – з агнём у вачах і жаданнем нешта рабіць. Яны там бачаць, што мы – не горшыя. Вось гэты стэрэатып самапрыніжэння сябе і сваёй прафесіі, нізкая самаацэнка не дае развівацца ні асобе, ні адукацыі , ні краіне. Другі стэрэатып – усё залежыць ад адукацыйнай палітыкі. Не, сябры. У школе амаль усё залежыць ад настаўніка! Ад яго асобы, кругагляду, умення слухаць вучня, усталяваць з ім і бацькамі добразычлівыя партнёрскія адносіны, умення выбраць патрэбныя методыкі. Перафразуючы вядомы выраз, калі настаўнік хоча вучыць, міністэрства адукацыі можа аказацца бяссільным.

Стэрэатыпаў у адукацыі шмат. Вось толькі некаторыя факты, апісаныя ў літаратуры, але пакуль не вядомыя многімі настаўнікам:

  • канкурэнцыя ў навучанні – гэта мінулае стагоддзе - трэба вучыць супрацы;
  • у літаратуры апісана больш за 30 відаў профільнага навучання (паскоранае, мультыўзроставае, паглыбленае, мультыпрофільнае..., але для большасці нават не існуе тэрмінаў), профільнае навучанне – самы эфектыўны спосаб арганізацыі навучальнага працэсу  і выхавання адказнасці  вучня за свой выбар;
  • школьная форма (у тым ліку дзелавы стыль) не спрыяе, а нават паніжае навучальныя дасягненні;
  • дысцыпліна ў класе – гэта калі кожны вучань заняты сваёй навучальнай справай, і ў класе стаіць “працоўны шум”, а не цішыня;
  • дзіця нельга параўноўваць з іншымі, толькі з самім сабой;
  • якасць савецкай адукацыі ніколі не  была добрай, а ў эпоху глабалізацыі савецкая мадэль адукацыі зусім не прыдатная да патрабаванняў рынку працы;
  • чым больш кантролю ў адукацыйнай сістэме – тым горшыя паказчыкі навучальных дасягненняў, і чым больш свабоды у настаўніка – тым лепшыя веды вучняў;
  • дзвюхмоўнае навучанне спрыяе навучальным дасягенням у большай ступені, чым аднамоўнае;
  • абцасы-шпількі – гэта вячэрні абутак, і ўдзень у школе яго абуваць настаўніку няварта з меркаванняў фармавання густу і бяспекі дзяцей;
  • больш за ўсё здзіўляе замежнікаў, што нашыя дзеці ўстаюць напачатку ўрока....

Ага, і пра патрыятызм сапраўдны і вонкавы.

Большасць настаўнікаў не ведае, што правы дзіцяці ніяк не звязаны з абавязкамі. Правы – тое, што даецца пры нараджэнні. Любоў мамы ніяк не звязана з абавязкам немаўляці маўчаць, калі мама спіць. Так і любоў краіны, якая разлічвае на патрыятызм, не можа быць звязана з абавязкам хадзіць на суботнікі, святочныя парады і добра вучыцца. Толькі дзяржава, якая арганізуе прастору для камфортнага існавання сваіх грамадзян, можа разлічваць на патрыятызм. Патрыятычнае выханнне – гэта не словы, а справы. Калі кожны чалавек адчувае сябе ў сваёй краіне, як дома: у школе, ва ўстанове, на працы.

Школа павінна пазбавіцца паказухі і стаць  прасторай дзяцей: падлога, на якой можна сядзець, сцены, дзе кожны вучань можа вывесіць сваю працу, у класах – партрэты дзяцей, іх асабістыя шуфлядкі, каб яны пакінулі там свае рэчы. Спагадлівыя настаўнікі, якія сочаць, ці ўсе  добра пачуваюцца, ці нама агрэсіі, несправядлівасці, дырэктар, які ідзе па калідору, аблеплены вучнямі, выслухоўвае іх....

Пакуль атрымліваецца, што школа, куды мы кожны дзень аддаем сваіх дзяцей, – не іхняя, не наша. Гэта ўстанова прымусовага ўтрымання,  якая ўкладаецца ў схему “школа – армія – турма” (Фуко), з усімі атрыбутамі: формай, пастраеннямі, дысцыплінай, рытуаламі. Чаго ж тады мы здзіўляемся, што дзеці не любяць туды хадзіць? Дзяцей не падманеш – яны адчуваюць, хто ў школе самы галоўны. Для каго працуюць настаўнікі, малююцца стэнды, вывешваюцца лозунгі...

Мінуў навучальны год. Яшчэ адзін год страчаных магчымасцяў для нашай адукацыі.

 Шаноўныя калегі! Так хочацца вам пажадаць, каб у новым навучальным годзе ў вас было больш свабоды, больш павагі, больш грошай і адпачынку, больш прафесійнай самарэалізацыі, якая надае сілы працаваць і жыць. Толькі самадастатковы рэалізаваны, раскрыты чалавек пачынае думаць пра каштоўнасці і жыць паўнавартасным жыццём. Але гэта атрымаецца ў выпадку, калі мы расправім плечы і пазбавімся таго, што нам не трэба. Памятайце, што ўсё залежыць ад нас.