Каб людзьмі звацца

Тамара Мацкевіч
16.08.2014

У апошні час ідзе дыскусія пра статус настаўніка. Гэтам пытаннем абяцаюць заняцца і  міністр адукацыі, і былы першы намеснік міністра, а  цяпер рэктар педуніверсітэта.

Такія заявы высокіх чыноўнікаў выклікаюць буру эмоцыяў тых, чый статус гэтыя ж чыноўнікі апусцілі ніжэй за некуды. Настаўнікі прапануюць спачатку падняць заробкі, прыбраць непатрэбную паператворчасць і розныя непрафесійныя абавязкі. І надзіва, большасць з іх верыць, што аўтарытэт прафесіі і павага да педагога вернуцца самі сабой. Вядома, што настаўнікі маюць рацыю: нізкія заробкі ніяк не спрыяюць прэстыжу прафесіі, аднак…

Давайце ўявім, што здарыўся цуд, і настаўнікам з 1 верасня забаранілі дзяжурыць на дыскатэках, хадзіць па хатах небяспечных сем’яў, выпрошваць грошы ў бацькоў на рамонт школы і пісаць справаздачы. Ды яшчэ сталі за працу плаціць сярэднестатыстычны заробак, які ў Мінску складае 800 даляраў. І што?

Узгадваюцца ўспаміны старых людзей, якія памятаюць, як бальшавікі адабралі маёмасць у багатых сялян і раздалі бедным. Прайшло пару год, і багатыя зноў сталі багатымі, а бедныя – беднымі.

Для падвышэння аўтарытэту настаўнікаў трэба прыцягнуць у прафесію  лепшых, тых, якія ўмеюць быць багатымі, бо “бедныя” страцяць статус пры любым матэрыяльным становішчы.

Украінскія калегі, у адрозненне ад нашага міністэрства, правялі даследаванні, якія паказалі, што прафесію педагога лічаць непрэстыжнай 72% апытаных, а школу носьбітам маральных каштоўнасцяў толькі 27%.  Нашыя суседзі зрабілі высновы, што “непавага да настаўніка – гэта элемент маралі сучаснага грамадства і яго сістэмы каштоўнасцяў”. Праблема ў тым, што ў вачох звычайнага абывацеля настаўнікі – гэта вінцікі ў вялікай машыне, марыянеткі, якія не маюць уласнага меркавання, паслухмяная армія ўтрыманцаў, якая прыкрывае ідэалагічны фронт, у тым ліку забяспечвае патрэбныя вынікі галасавання. Звяртаю ўвагу – гэта высновы ўкраінцаў, зробленыя ў 2012 годзе. Такая сітуацыя прывяла да падзення ўзроўню адукацыі, страце маральных каштоўнасцяў, карупцыі. У выніку, Україна прайграла інфармацыйную вайну з Расіяй, за якой пачалася сапраўдная вайна са зброяй і ахвярамі.

Нізкі статус педагога звязаны не толькі  з нізкім заробкам – нідзе ў свеце настаўнікі не з’яўляюцца высокааплочваемай сацыяльнай групай, нават у Фінляндыі. Там людзі выбіраюць настаўніцкую прафесію па пакліканні, з-за прэстыжу, павагі, бо грамадства разумее, што ад настаўнікаў залежыць будучыня, ім давяраюць самае каштоўнае – чалавечы капітал.

Трэба адзначыць, што беларуская адукацыя трымаецца на асобах – у школах працуюць шмат апантаных высокамаральных людзей, для якіх асноўны матыў заставацца ў прафесіі – гэта любоў да дзяцей, разуменне важнасці таго, што яны робяць, прафесійная самарэалізацыя. У адрозненне ад калектыўнага, іх асабісты статус даволі высокі.

Адна мая сяброўка і калега, калі гаворка заходзіць пра нізкі сацыяльны статус педагога  адказвае: не, не чула! І можа дадаць сабе пад нос, каб не шакаваць суразмоўцу – а ваш сын адпачываў сёлета на Балі?

Не, мая сяброўка не з мільянераў. Настаўніцкая сям’я – абодва выкладаюць у звычайнай гарадской школе і атрымліваюць звычайны настаўніцкі заробак, шмат часу і душы аддаюць лецішчу, якое стала хобі, а таксама дапамагае мець тое-сёе да сямейнага стала.

Проста мае сябры даўно зразумелі, што яны – трымальнікі больш каштоўных акцыяў, чым грошы – менавіта яны могуць зрабіць унёсак у той самы чалавечы капітал, а для гэтага трэба не стаяць на месцы, развівацца самім, быць цікавымі і сучаснымі.

Як вынік – павага, удзячнасць бацькоў, вучняў, прызнанне калег, публікацыі, вядомасць у прафесійных колах. Калі пасля майстар-класа апладзіруюць 70 калег – вось табе і статус. Ды і свае дзеці таксама растуць не на лес гледзячы. Старэйшы сын, маючы такіх бацькоў, набраўся розуму, выйграў шмат конкурсаў і з даследчымі вучнёўскімі працамі аб’ехаў паўсвету. Таму за паездку на Балі, дзе сабраліся таленавітыя дзеці, бацькам не прыйшлося плаціць са сваёй кішэні – сына  туды запрасілі. Дарэчы, пазбавіў бацькоў хвалявання і тратаў на рэпетытараў, бо быў залічаны ва ўніверсітэт па-за конкурсам.  Атрымліваецца, што чалавечы капітал прыносіць і матэрыяльныя дывідэнды.

Добрае імя настаўнікам трэба аднаўляць тэрмінова. Спачатку дбаць пра свой статус, потым прыйдзе час і супольнага. Простым шляхам  матэрыяльнага заахвочвання справа не вырашыцца.

Шмат што залежыць ад нас саміх, ад умення пастаяць за сябе, ад нашай згуртаванасці, жадання вярнуць у школу маральныя каштоўнасці, прафесійную этыку. Каб людзьмі звацца.