Чытаю ўсе інтэрв’ю і артыкулы новага міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова. Яшчэ нідзе не заўважыла, каб ён спрабаваў адарвацца ад вобраза выкладчыка-навукоўца-прарэктара і выйсці на іншы ўзровень мыслення. Пакуль з ягоных прамоваў можна даведацца, як ён вучыўся ў школе, ездзіў у будатрады, рабіў навуковую кар’еру. Нават пра цукеркі, што ляжаць у яго на кухні... Пра ўсё, акрамя галоўнага: што будзем рабіць з беларускай адукацыяй, як будзем ратаваць беларускую школу?
Так хочацца мець міністра са стратэгічным мысленнем, які б нарэшце агучыў мэты нашай адукацыі. Калі будуць мэты – лягчэй будзе вызначыць прыярытэты і рэфармаваць змест, метады, структуру і спосаб кіравання. Калі мэта адукацыі – сфармаваць нацыянальную эліту Беларусі, забяспечыць канкурэнтаздольнасць краіны, то ясна, што нашу адукацыю трэба пераставіць на нацыянальныя рэйкі. Пачытаць, як гэта робіцца, можна ў фінаў, грузінаў, эстонцаў і японцаў – літаратуры шмат. Гэтыя краіны маюць няшмат прыродных рэсурсаў, таму зрабілі стаўку на інтэлект нацыі – і дасягнулі добрых вынікаў, у тым ліку і ў эканамічным развіцці. Некаторыя з гэтых краінаў спачатку не ўсвядомілі важнасці нацыянальных каштоўнасцяў, традыцыяў, гісторыі, мовы навучання ў адукацыі. Нарабілі памылак, потым выпраўлялі. На чужым падмурку сваёй хаты не збудуеш. Пра гэта яны пішуць адкрыта. Галоўнае, каб наш міністр прачытаў.
Праўда, Міхаіл Жураўкоў асцярожна выказаўся за далучэнне Беларусі да міжнароднай адукацыйнай прасторы. Але гэтае, як і іншыя, выказванне міністра пакуль мае форму пажадання (ці, як заўважыў адзін з блогераў, - тоста). Бо, каб далучыцца, трэба ўніфікаваць сваю сістэму з той жа эстонскай, фінскай, польскай сістэмамі, пабудаванымі на дэмакратычных прынцыпах з улікам нацыянальных прыярытэтаў, з акадэмічнымі свабодамі, з дэлегаваннем голасу бацькам, студэнтам, выкладчыкам. Пакуль міністр пра гэта маўчыць.
Калі ж мэта нашай адукацыі так і не будзе агучана, будзем боўтацца як дагэтуль, рабіць паказуху. І ніводзін вецер нам не будзе спадарожным, бо не ведаем, куды ідзем.
Нават найлепшы выкладчык і найвыдатнейшы рэктар – гэта людзі сістэмы. І рэпетытары, якія яе крытыкуюць, – таксама вынік недасканаласці гэтай сістэмы. Іх узровень мыслення адрозніваецца ад узроўню міністра тым, што яны думаюць, як падстроіцца, абысці перашкоды, якія гэтая сістэма стварае. Мінстр жа павінен думаць, як сістэму ўдасканаліць – каб выкладчык і прарэктар думалі не пра перашкоды, а толькі пра навучальны працэс.
Няма сумневаў, што новы міністр – чалавек адукаваны. Дарэчы, і папярэднікі ягоныя таксама не былі невукамі, але ж нічога добрага для адукацыі не зрабілі. Ёсць спадзевы, што Міхаіл Жураўкоў больш сучасны і адважны. Прынамсі, адной з найважнейшых кампетэнцыяў для міністра, моўнай, калі верыць мас-медыя, ён валодае. Значыць, пры жаданні можа прачытаць замежныя першакрыніцы і зарыентавацца. Дае надзеі і школа БДУ – найлепшай ВНУ Беларусі, у якой вучылі думаць, аналізаваць, працаваць з літаратурай. У БДУ нават у часы, калі там вучыўся Міхаіл Жураўкоў, разумелі, што прафесіі чалавек вучыцца на працоўным месцы. Будзем спадзявацца, што Міхаіл Жураўкоў – добры вучань.
Заклікаю скласці спіс літаратуры для міністра, каб ён хутчэй пераключыўся на міністэрскія праблемы, набыў кругагляд, азнаёміўся з сучаснымі тэндэнцыямі ў менеджменце, змесце і методыках адукацыі. Давайце разам дапаможам міністру зарыентавацца ў новай прафесіі. Прапаную у каментарах дадаваць літаратуру з кароткай анатацыяй, чаму гэта трэба прачытаць.
Спіс літаратуры для міністра:
1. Рэкамендацыі Еўрапарламента і Рады Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця (2006/962/EC) Recommendation on key competences for lifelong learning, (2006/962/EC), 18.12.2006 — Рэжым доступу: http://eur-lex.europa.eu/LexUriServ/site/en/oj/2006/l_394/l_39420061230e... (пераклад дакумента па-беларуску тут: https://nastaunik.eu/metoda/quality/9486).
У рэкамендацыях сфармуляваны спіс базавых кампетэнцыяў, якімі павінен валодаць чалавек у сучасным інфармацыйным грамадстве. Дае разуменне пра вынікі навучальнага працэсу і кампетэнтнасны падыход.
2. Hattie, John. Visible Learning: A synthesis of over 800 metaanalyses relating to achievement (Abingdon: Routledge, 2009) [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу : http://bookfi.org/g/John%20Hattie .
Па-беларуску агляд кнігі Дж. Хэці тут: http://old.nastaunik.eu/files/f/1064_mackievic_orsa-romana-fpv.pdf
Карысна для разумення, якая палітыка ў менеджменце школаў і выбары методык добра ўплывае на навучальныя дасягненні. Кніга “Узаемабачнае навучанне: сінтэз 800 метааналізаў уплыву на дасягненні” прафесара Оклендскага і Мельбурнскага ўніверсітэтаў Джона Хэці абагульняе вынікі 15-гадовых даследаванняў уплыву на навучальныя дасягненні школьнікаў з розных краінаў свету.
3. Каха Бендукидзе: Дипломы о высшем образовании никому не нужны. Рэжым доступу: http://forbes.ua/nation/1350373-kaha-bendukidze-diplomy-o-vysshem-obrazo...
Ідэолаг рэформ Грузіі распавядае пра спробы і памылкі ў Грузінскай рэформе адукацыі і пра важнасць вышэйшай адукацыі на грузінскай мове.
4. Што робіць школы паспяховымі: даследаванні PISA 2012 - https://nastaunik.eu/expert/13303
5. Innovating Pedagogy 2014. Exploring new forms of teaching, learning and assessment, to guide educators and policy makers. Open University Innovation Report. http://www.openeducationeuropa.eu/sites/default/files/news/Innovating_Pe...
Пра інавацыі ў педагогіцы, якія акажуць найбольшы ўплыў на адукацыю ў найбліжэйшай будучыні.
6. Праблемы адукацыі вачыма настаўніка. Агляд паводле дыскусіі ў газеце “Звязда”. https://nastaunik.eu/expert/9674