Свежы вецер Дануты Стэрны

Тамара Мацкевіч
02.04.2015

Матэматык па адукацыі і выдатны польскі педагог Данута Стэрна, як і амаль усе выбітныя палякі, мае беларускае паходжанне. Сёння яна была праездам у Мінску - везла дачку Марту ў Ваўкавыск, дзе яны маюць магілы продкаў і жывых сваякоў.

Менавіта Дануся некалі прывезла да нас тэхналогію актыўнай ацэнкі. Цяпер актыўная ацэнка так палюбілася беларускім педагогам, што мае хіба больш прыхільнікаў, чым у Польшчы ці ў Вялікабрытаніі, дзе яна нарадзілася.

Дануся заўсёды прыносіць свежыя ідэі, вось толькі ўчора яна вярнулася з міжнароднай педагагічнай канферэнцыі. Пад час кароткай сустрэчы мы даведаліся, куды дзьме свежы вецер педагагічных пераменаў.

Аказваецца, што ў свеце прафесія настаўніка становіцца даволі папулярнай. І не толькі ў Фінляндыі, дзе настаўніку шмат плацяць і амаль не кантралююць, але і ў ЗША, Польшчы ды іншых краінах. Там шмат людзей розных прафесій, прыкладам, праграмістаў, эканамістаў ці прадстаўнікоў іншых «сумных» спецыяльнасцяў, жадаюць большай самарэалізацыі і жывых зносінаў. Педагогіка – найлепшае месца, дзе адначасова можна быць і артыстам, і рэжысёрам, і даследчыкам, і сябрам, і абсалютным аўтарытэтам, дзе за адданую сваім вучням любоў ты атрымліваеш любові і павагі ў сто разоў больш! Настаўнікі – заўсёды маладыя, бо асяроддзе не дае ім ніякага шанцу “забранзавець”: яны ў курсе музычных трэндаў і дасканала валодаюць моладзевым слэнгам, разбіраюцца ў модзе і камп’ютарных гульнях. Менавіта таму шмат людзей непедагагічных спецыяльнасцяў імкнуцца папрацаваць у школе. Для іх – педагогаў у душы – ствараюцца адмысловыя каледжы, дзе за год яны могуць навучыцца методыкам выкладання, атрымаць практыку, каб пайсці працаваць у школу.

У такіх каледжах навучанне дарослых адукаваных людзей адбываецца шляхам мікранавучання ці “лабараторнай практыкі”, калі кожнага студэнта прымушаюць прымерыць на сабе розныя методыкі і педагагічныя падыходы, адчуць, як тая ці іншая навучальная стратэгія ці прыём уплывае на вучня. Студэнты самі плануюць заняткі, самі выступаюць у якасці вучняў, праводзяць рэфлексію, карэктуюць, праходзяць практыку ў школах. У такіх каледжах няма лекцый – маецца на ўвазе, што змест школьнага прадмета будучыя настаўнікі здольныя ўзнавіць ці засвоіць самастойна. Дык вось. На педагагічных канферэнцыях ідуць спрэчкі – хто павінен працаваць выкладчыкамі ў педагагічных каледжах, хто можа навучыць настаўніка прафесіі? Педагагічная грамадскасць прыходзіць да высновы, што вучыць настаўнікаў павінны толькі людзі вельмі сціплыя, назіральныя. Калі ты толькі хочаш паказаць іншым сваё майстэрства – ты прафесійна не прыгодны! Сапраўдны настаўнік – фасілітатар. Ён павінен умець раскрыць асобу, дапамагчы ёй удасканаліцца, падтрымаць самастойнае навучанне, а не дэманстраваць свой прыклад ці досвед.

Сапраўды, мы наракаем на нізкую якасць педагогаў, але не задумваемся пра тое, што некалі армія накормленых, але сацыяльна нерэалізаваных праграмістаў можа адправіцца ратаваць беларускую школу (і сябе таксама). Ладзячы школы лідарства, не ўсведамляем, што лідары растуць толькі ў творчай атмасферы даверу і свабоды, якую ім ствараюць вельмі сціплыя і разумныя людзі – сапраўдныя настаўнікі.

Дануся разам з сакавіцкім ветрам паляцела далей і панесла да кагосьці і нашыя беларускія ідэі, якімі мы паспелі абмяняцца. Пра іх у наступным допісе.

01.04.2015