Без тараканаў у галаве

Тамара Мацкевіч
05.05.2015

Што перашкаджае настаўніку быць сучасным? Здаецца, нічога не замінае прыпыніцца: падумаць, чаго чакаюць ад цябе вучні, пачытаць, якіх ведаў і кампетэнцыяў запатрабуе ад іх дарослае жыццё, урэшце, прыгледзецца, як паводзяць сябе калегі, якімі методыкамі карыстаюцца, як наладжваюць адносіны з вучнямі, якія каштоўнасці маюць і якія выхоўваюць у навучэнцаў.

Аднак нашы настаўнікі не робяць гэтага, а ўпарта ідуць за стэрэатыпамі, якія моцна заселі ў іх галовах з савецкіх часоў і, відаць, перадаюцца маладым паветрана-кропельным шляхам.

Вельмі хутка працэс аздараўлення галавы адбываецца, калі настаўніка выцягнуць з мітусні нашай школы і завезці ў школу замежную, хоць бы ў тую ж польскую ці літоўскую, дзе няма моўных і ментальных бар’ераў. Каб ён мог пагаварыць з калегамі, міжволі заўважыць, што можна жыць без паказухі, і адчуць: беларускія настаўнікі не горшыя за іншых… Галоўны вынік такіх вандровак – магчымасць паглядзець на сябе па-новаму. Самі настаўнікі пры вяртанні прызнаюцца: “Мы выпусцілі тараканаў з галавы”. Толькі з дапамогай ТБШ каля тысячы педагогаў пабылі ў замежных школах.

Але адна тысяча “без тараканаў у галаве” супраць ста з лішкам тысячаў “з тараканамі” – гэта вельмі мала. Што ж рабіць гэтым апошнім?

Украінскія і шведскія медыяпедагогі раяць глядзець фільмы і аналізаваць іх. Добра гэта ўмее рабіць разам з калегамі медыяадукатар Міхась Кудзейка, які вядзе педагагічны кінаклуб.

Дзякуючы падказцы ўкраінскіх настаўнікаў я вельмі раю фільм “Хваля” (Die Welle), які ў расійскім пракаце атрымаў назву "Эксперимент-2. Волна". Менавіта дзякуючы яму напісаліся гэтыя нататкі.

Фільм зняты паводле кнігі, напісанай настаўнікам. Фільм пра звычайную нямецкую школу нашых дзён. Настаўнік грамадазнаўства (у нямецкім варыянце прадмет называецца "Палітыка"), па сваіх поглядах анархіст, атрымлівае заданне прапанаваць дзецям тыднёвы праект, каб адчуць на сабе хібы і перавагі тога ці іншага спосабу кіравання. Вядома, герой фільма хацеў бы выбраць анархію, але гэтую тэму забраў ягоны больш аўтарытэтны калега, і яму прыйшлося ўвесці ў сваім класе аўтакратыю ці дыктатуру.

Што з гэтага атрымалася – не выдумка. Фільм заснаваны на рэальных падзеях. Скажу толькі, што такіх вынікаў не чакаў ніхто – ні настаўнік, ні вучні, ні кіраўніцтва школы.

Пры жаданні кожны настаўнік паглядзіць гэты фільм у сеціве і зробіць свае высновы. Я скажу, што найбольш уразіла мяне.

Калі настаўнік уводзіць правілы аўтакратыі, ён спачатку перастаўляе сталы ў класе, каб усе дзеці сядзелі, гледзячы на настаўніка-фюрэра (не забываймася, што фільм – нямецкі, і дзеці даследавалі, ці магчымая новая дыктатура ў Германіі).

Потым настаўнік кажа пра важнасць дысцыпліны і ўсталёўвае яе, прымушае падымацца з месца, калі адказваеш (дзяцей гэта моцна здзіўляе, бо такога вы не пабачыце ў школах цывілізаваных краінаў у ХХІ стагоддзі), праводзіць фізхвілінкі (гэта таксама рудымент старой "статычнай" адукацыі), робіць заўвагі вучням наконт паставы, уводзіць школьную форму (не зусім форму, хутчэй наш "дзелавы стыль"), вучні толькі падчас урока, а не наогул у жыцці, павінны прытрымлівацца агульнай ідэалогіі (калектывізму)…

Вучні прыдумляюць назву сваёй новай структуры, робяць сайт, эмблему...

На беларускае вока – фільм паказвае, як нямецкая, крыху разгільдзяйская, школа з яе свабодай, хібамі і перавагамі ў момант ператвараецца ў нашу рэальную. Нашыя настаўнікі ў сваёй большасці аўтакраты, часткова таму, што не ведаюць, што можна працаваць па-іншаму. Але самае страшнае – ім гэта падабаецца. Як спадабалася яго новая роля і герою фільма. Падабаецца кіраваць статкам, а не вучыць людзей, падабаецца маніпуляваць дзецьмі, падабаецца мець жалезную дысцыпліну і лёгкі аўтарытэт. Напачатку дзецям таксама даспадобы калектыўная (без)адказнасць, атрыбутыка, гульня. Але раптам на фоне такога парадку пачынаюць праяўляцца найгоршыя чалавечыя якасці: ілжывасць, падхалімства, стукацтва, нецярпімасць да іншадумцаў, здрада… Першымі выпадаюць з калектыву і сітэмы самыя разумныя і здольныя вучні – асобы. Усё заканамерна. Дыктатарскія рэжымы трымаюцца на найгоршых людзях і чалавечых хібах.

Вельмі б хацелася, каб настаўнікі паглядзелі гэты фільм. Вядома, яго найлепш паглядзець усім педагагічным калектывам і абмеркаваць. Але ці рэальна гэта ў той атмасферы "дысцыпліны і парадку", якая пануе сёння ў беларускай школе?!