Уцякайце ў Беларусь!

Тамара Мацкевіч
21.06.2015

Сёння міжнародны дзень уцекача.

Бадай, самай вядомай уцякачкай (ці “перасяленкай”) і медыйнай персонай гэтага тыдня стала былая настаўніца, а сёння міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Хутчэй за ўсё, Марыяна Акіндзінаўна прыехала ў Беларусь не ад добрага жыцця – аднаму Левіяфану вядома, ад чаго яна ўцякала са сваёй выспы Кільдзін Мурманскай вобласці.  Сёння цытаты спадарыні Шчоткінай пра тое, што трэба “круціцца”, а не працаваць на адной рабоце, а таксама фота дома былой настаўніцы коштам 184 гадавыя настаўніцкія заробкі сталі галоўнымі навінамі тыдня.

Прынцыпы медыяадукацыі вучаць, што любую медыйную падзею, якая “на слыху”, можна скарыстаць на карысць навучання. Прыкладам, калі настаўнік праводзіў паралелі паміж вывучэннем тэмы аб вірусах і ліхаманкай Эбола, дзеці больш матывавана вывучалі тэму, бо разумелі, навошта ім гэтыя веды з біялогіі. А калі яшчэ знаходзілі памылкі ці недакладнасці ў тэкстах журналістаў, то набывалі і навыкі крытычнага мыслення – разумелі, што медыям не заўсёды можна верыць.

Менавіта крытычнаму мысленню, уменню вучыцца самастойна, этычным нормам і паводзінам павінен вучыць сучасны настаўнік на кожным уроку. Але як гэтаму навучыць? Альберт Эйнштэйн сказаў : “Галоўнае – не перастаць задаваць пытанні!”.

Нядаўна была я ў 4-й гімназіі г. Мінска – адной з нямногіх, дзе выкладанне вядзецца па-беларуску. У музеі там на самым ганаровым месцы вісіць партрэт той самай Марыяны Шчоткінай. Намесніца дырэктара распавяла, што гэта – гонар гімназіі. Калі я запыталася, што зрабіла гэтая жанчына – можа добра вучыла, ці распрацавала методыку… – нічога такога не пачула. Проста яна, папрацаваўшы колькі год у школе, зрабіла імклівую кар’еру – стала міністрам.

Вось сёння ў міжнародны дзень уцекача я пра гэта ўзгадала, і ў мяне ўзнікла шмат пытанняў, на якія я шукаю адказ:

  • Чаму перасяленцаў, эмігрантаў у першым пакаленні ў іншых краінах лічаць людзьмі, якім трэба падтрымка, а ў нас яны маюць больш шанцаў, чым тыя, хто нарадзіўся тут?
  • Паводле звестак Усясветнага банка сёння за мяжой працуюць каля мільёна беларусаў (г. зн. каля чвэрці ад усяго эканамічна-актыўнага насельніцтва не могуць знайсці працы на радзіме і трапляюць пад "закон аб дармаедах"). Гэта і ёсць тыя вымушана перамешчаныя людзі, якім трэба дапамога. Чаму міністр працы і сацыяльнай абароны не бароніць іх і іхныя сем’і? І чаму ў Беларусі пры гэтым лічыцца толькі 1% беспрацоўных?
  • Чаму на ўсякія “дошкі гонару” часцей трапляюць за пасаду а не за добрыя справы? У нас – беларусаў галоўным заўсёды лічыўся чалавек, асоба, а не яго месца. “Чинопочитание” (нават няма такога адпаведніка ў нашай мове ) – не наша традыцыя.